12–13 снежня ў Ташкенце адбыўся XV Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў – удзельніц СНД “Гуманітарнае супрацоўніцтва – вопыт трыццаці гадоў і перспектывы развіцця”.
У складзе дэлегацыі ад Рэспублікі Беларусь Нацыянальную бібліятэку Беларусі прадстаўляла загадчыца аддзела камплектавання фондаў Аксана Варанецкая.
У форуме ўзялі ўдзел дзеячы навукі, культуры, адукацыі краін Садружнасці, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі міждзяржаўных структур, міжнародных арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў.
Прадстаўнікі бібліятэчнай супольнасці з Расіі, Казахстана і Беларусі наведалі Нацыянальную бібліятэку Узбекістана імя Алішэра Наваі па запрашэнні яе генеральнага дырэктара Уміды Цешабаевай. Падчас візіту адбыўся зацікаўлены абмен думкамі па пытаннях метадычнага, інфармацыйнага і навуковага развіцця бібліятэк.
Праца форуму была арганізавана ў фармаце пленарнага пасяджэння, агульнай дыскусійнай сесіі “Культурная спадчына краін Садружнасці”, дыскусійных пляцовак “Навукова-адукацыйная супольнасць краін СНД”, “Найноўшы культурны код СНД: вектары развіцця супрацоўніцтва”, “Літаратура краін Садружнасці – новыя механізмы інтэграцыі”, “Супрацоўніцтва моладзі краін Садружнасці”.
Падчас форуму адбыліся ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў міждзяржаўнай прэміі “Зоркі Садружнасці” і міжнароднай прэміі “Садружнасць дэбютаў”.
Матэрыял пададзены аддзелам камплектавання фондаў.