ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Мы лепшыя з лепшых: падведзены вынікі працы першасных арганізацый РГА “Белая Русь” Першамайскага раёна
Глядзіце ў сюжэце БелТА: экзатычныя расліны “алмаза ведаў”

Уладзімір Ліпскі: “Мы захоўваем у «Вясёлцы» высокую планку літаратурнага майстэрства”

Уладзімір Ліпскі: “Мы захоўваем у «Вясёлцы» высокую планку літаратурнага майстэрства”
Іншыя навіны

З нязменным рэдактарам часопіса для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак Беларусі і цудоўным дзіцячым пісьменнікам мы сустрэліся ў Нацыянальнай бібліятэцы на выстаўцы “Сакрэты колераў «Вясёлкі»” і пагаварылі пра галоўнае крэда рэдакцыі, новыя планы і праекты і ролю дзіцячай літаратуры ў жыцці чалавека.

Уладзімір Ліпскі – аўтар звыш сямідзесяці кніг прозы, публіцыстыкі, казак для дзяцей. Вядомы грамадскі дзеяч, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці.

lipski_1.jpg

– Уладзімір Сцяпанавіч, вы з’яўляецеся лаўрэатам спецыяльнай узнагароды “За асабісты ўклад у развіццё дзіцячай прэсы” ў 2015 годзе. Раскажыце, калі ласка, як закладаліся традыцыі “Вясёлкі”.

– Традыцыі заклаў класік дзіцячай літаратуры Васіль Вітка, які быў першым рэдактарам часопіса. У красавіку 1957 года разам з прыроднай вясёлкай з’явілася і зямная. Мы стараемся рознымі яе колерамі ўздзейнічаць на душу дзіцяці, закранаць яго сэрца і розум. Мы ідзём да нашых чытачоў з мастацкім, літаратурным словам. Роднае слова, беларуская мова – вось на чым трымаецца наша “Вясёлачка”! Мы выхоўваем у дзяцей аснову асноў – павагу да сваёй зямлі і любоў да тых людзей, якія за руку вядуць іх па жыцці.

Пасля Васіля Віткі кароткі час рэдактарам часопіса была Еўдакія Лось, потым яго ўзначальваў Анатоль Грачанікаў, а я – чацвёрты за ўсе 60 гадоў. Мы стараемся друкаваць усё лепшае, што ёсць ў дзіцячай літаратуры. Кожны год за лепшы твор мы прысуджаем прэмію імя Васіля Віткі. Так, у мінулым годзе яе лаўрэатамі сталі Анатоль Аўласенка і Мар’ян Дукса.

– Напэўна, “Вясёлка” ўзгадавала не адно пакаленне таленавітых майстроў пяра?

– У нас працавала эліта дзіцячай беларускай літаратуры, пачынаючы ад Сяргея Грахоўскага, Эдзі Агняцвет, Рыгора Барадуліна, Паўла Місько. З часопісам супрацоўнічалі Мікола Чарняўскі і Мікола Маляўка, Раіса Баравікова і Алена Масла, Анатоль Зэкаў. Мы захоўваем у “Вясёлцы” высокую планку літаратурнага майстэрства па сённяшні дзень.

З “Вясёлкі” бярэ пачатак уся сучасная дзіцячая літаратура. З Раісай Баравіковай мы выдалі кніжку ў выдавецтве “Харвест” пра Бусю, які жыве на Беларусі. Віка Трэнас – паэтка і выдатны літаратурны рэдактар. Член рэдкалегіі педагог Ірына Буторына распрацавала 50 урокаў, якія бацькі могуць праводзіць па “Вясёлцы”. Сяргей Зуёнак, сын паэта, фатаграфуе птушак, мы размяшчаем здымкі і вершы, распавядаем дзецям пра дзіўны свет пярнатых у кожным нумары.

Сёлета мы распачалі новы праект “Я тут жыву”. У студзеньскім нумары ёсць цікавая гульня-вандроўка па краіне, у якой мы звязалі шляхамі ўсе гарады Беларусі ад А да Я. У наступным нумары будзем друкаваць гербы розных гарадоў.

Тры гады таму я стварыў часопіс “Буся” для дашкольнікаў, прызначаны для дзіцячых садкоў. Слоўнік, бусева кнігарня, размалёўка – усе рубрыкі цікавыя для дзетак. Будзе лепш, калі часопіс будзе ісці па падпісцы. Тады яго пагартаюць мама і тата, бабуля, старэйшыя дзеці.

viaselka.jpg

Праз Белпошту прапаноўваецца 130 выданняў для дзяцей па краіне, у тым ліку камерцыйных, і амаль усе яны на рускай мове. Беларускамоўнымі з’яўляюцца толькі “Вясёлка”, “Буся” і “ Бярозка”. Таму мы раім іх выпісваць. Разам з выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” мы запланавалі выдаць 100 кніжак “Вясёлкі”. У рэдакцыі часопіса працуюць два дзясяткі мастакоў, пачынаючы ад Сяргея Волкава.

– Уладзімір Сцяпанавіч, родная мова перадалася вам ад бацькоў ці настаўнікаў?

– Наша школа была беларуская вясковая. Як хораша было вывучаць алгебру і геаметрыю, фізіку па-беларуску! Не ладзілася ў мяне толькі з рускай мовай. Вазьму і напішу дыктоўку па-нашаму, па-шоўкаўскаму!

Шоўкавічы – маленькая вёсачка ў Рэчацкім раёне Гомельскай вобласці, кругом лясы і балоты. Нядаўна я напісаў апавяданне “Сем цудаў маёй вёскі”, якое на вечарыне прачытаў хлопчык. Першы цуд – людзі! Пра кожнага можна напісаць калі не кнігу, то нарыс. Другі цуд – буслянка каля дуба над сажалкай. Бусляняты гадаваліся разам з намі. Яшчэ адзін цуд – наша шоўкаўская дуброва, памерам у 30 гектараў. Яна пачыналася за нашым агародам. Рачулка, якая выцякае з нашых мясцін, праз Сведзь, Бярэзіну і Дняпро аказалася злучанай з Чорным морам! Таксама цуд!

– Узгадайце, калі ласка, як вы пачалі пісаць апавяданні для дзецей. Рыгоркавы прыгоды” , Марынчына казка” – пра каго гэтыя творы?

– Калі нарадзіўся наш сын Ігар, я вёў дзённік. Аднойчы да мяне прыехаў Паўлюк Прануза. Ён і параіў аформіць дзённікавыя запісы ў выглядзе твораў. Я напісаў апавяданні “Рыгоркавы прыгоды” і аднёс іх Васілю Вітку. Яны былі надрукаваныя і пасля выйшлі асобнай кніжкай. А праз шмат гадоў мой сын Ігар, архітэктар, аформіў маю кніжачку “Залаты домік”.

Марынка – мая дачка. Сын і дачка былі першымі чытачамі, а потым я пісаў і для ўнукаў. Кніжка “Антонік-Понік” была прысвечана ўнуку. Сем гадоў я пісаў лісты ўнуку ад моманту, як ён нарадзіўся, і да таго, як пайшоў у школу. У іх – любоў і пажаданні ад усіх пакаленняў Ліпскіх, каб ён быў чалавекам! З лістоў атрымалася кніжка “Сонца над галавой”. Потым пачаў ствараць казкі. Па маіх казках і аповесцях ішоў спектакль у тэатры музычнай камедыі “Прыгоды ў замку Алфавіт”. Змей-Хапун скраў некалькі літар алфавіта. Каралева Лянота перашкодзіла дзецям хадзіць у школу. Але ж літары знайшліся і прыгоды скончыліся добра.

Апошняя кніга “Мая Беларусь”, выдадзеная ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” ў супрацы з мастаком Віталём Дударэнкам ў 2018 годзе – дыханне маёй душы. Гэта аповесць-споведзь складаецца з кароткіх тэкстаў у прозе.

Вось урывак з аднаго з іх:

“Мая Беларусь!
Ты для мяне – чароўная папараць-кветка.
Бачу цябе на Купаллі
ў святочнай Александрыі.
Адчуваю цябе ў сваёй малой радзіме.
Шукаю ў гаючай ранішняй расе.
Грэюся табой пад зоркамі ночы.
Давайма, дружа, узірацца
ў нашу айчынную папараць-кветку
ўлюбёнымі вачыма,
натхнёным сэрцам,
адкрытай насцеж душою,
як гэта робяць паэты і рамантыкі,
закаханыя і акрыленыя людзі.
І тады адчуеш,
не можаш не ўсвядоміць,
што жывеш у зямным раі,
дыхаеш водарам Айчыны,
за якую палегла ў зямельку
не адно калена тваіх продкаў.
Помні, іх душы ў нябёсах.
Адтуль яны ўзіраюцца ў цябе,
вераць і спадзяюцца,
што абавязкова знойдзеш сваю
папараць-кветку,
шчасліўцам пражывеш
кожны дзянёчак, усялякі міг
зямнога азарэння”.

Гутарыла Эла Дзвінская.

Матэрыял апрацаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэкарам