ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Лекцыя Бруса Андэрсана “Берасцейская Біблія і Рэфармацыя ў ВКЛ”
“Арганы Беларусі”: 600 гадоў гісторыі музыкі на старонках новай энцыклапедыі

«Была на тое патрэба душы»

«Была на тое патрэба душы»
Іншыя навіны

Георгій Марчук – пра літаратуру, кіно, малую радзіму і Нобелеўскую прэмію.

Сем беларускіх пісь­меннікаў сталі сёлета лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У ліку іх – Георгій Марчук. Журы і эксперты высока ацанілі яго кнігу “Святло вышыні” і прысу­дзілі перамогу ў намінацыі “Лепшы твор драматургіі”. Зборнік складаецца з чатырох гістарычных п’ес. Тры прысвечаны жыццю і дзейнасці славутага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны і ствараюць выразны партрэт пачынальніка беларускага Адраджэння ад часоў юнацтва да сталых гадоў, а драма “Альгерд” апавядае пра жыццё маладога князя ў Віцебску.

“Люблю працаваць са словам”

– Георгій Васільевіч, акрамя амаль паўсотні п’ес вы – аўтар 8 раманаў, 100 навел, 60 казак, 500 афарызмаў. Які жанр самі лічыце асноўным у сваёй творчасці?

book.jpg– Не ўяўляю, як вызначыць адзін. Падабаюцца ўсе. Прызнаюся шчыра: люблю працаваць са словам. Што б ні пісаў – была на тое патрэба душы. У пачатку творчасці любіў аднаактовыя п’есы, затым паглыбіўся ў драматургію. Далей раманы прыйшлі, казкі, афарызмы. Я не паэт, але лірык па натуры:  гады два таму паспрабаваў складаць тэксты песень. Зрабілася крыўдна, што няма песень пра нашы мястэчкі, невялікія гарады. Напісаў для Давыд-Гарадка, Століна, Жыткавічаў, Пінска, Турава, Александрыі. А на нядаўнім свяце беларускага пісьменства прагучала наша з Эдуардам Ханком песня, прысвечаная малой радзіме. Вельмі пранікнёна выканала яе Ірына Дарафеева. Так што ўсе жанры, па-руску кажучы, “хороши”. Мне падабаецца працаваць у розных. Яны быццам твае дзеці рознага ўзросту: старэйшыя, маленькія. І на час працы тое ці іншае “дзіцятка” робіцца самым дарагім. Просіцца песня – пішаш яе, натхнёны чым-небудзь – зробіш навелу, а ёсць сюжэт – будзе п’еса. Вось апошнім часам зрабіў камедыю на сучасную тэму. Паспрабаваў спалучыць палітычнае, дзяр­жаўнае, побытавае ў адзін кацёл. Галоўны герой – дэпутат парламента.

– Рэдкі персанаж для нашай літаратуры, дый тэма, як кажуць, слізкая...

– На тое ж і ёсць сатыра і гумар. Без іх літаратура не можа развівацца. Дарэчы, і Прэзідэнт у час сустрэчы з пісьменнікамі сказаў, што не хапае нам якраз сатыры і гумару. А наогул беларуская камедыя мае добрыя карані – Крапіва, Макаёнак, Матукоўскі, Дзялендзік, Петрашкевіч.

– Гадоў 15 ужо, як вы не браліся за раман. Чаму гэта “дзіцятка” закінулі?

– Напэўна, неставала часу. Раман патрабуе ўседлівасці. Хоць  пішу хутка, але збіраю матэрыялы, рыхтуюся доўга. А да жанру маю намер вярнуцца. 25 гадоў як Беларусь самастойная краіна. Ёсць пэўныя зрухі ў нацыянальным адраджэнні, эканоміцы, свядомасці людзей. Нешта ўжо ўстаялася, што можна перанесці ў раман. Як спачатку героі былі ў роспачы пасля разбурэння Савецкага Саюза, і як зараз яны паступова адчуваюць сябе ў нейкай еднасці, прыналежнасці да сваёй роднай зямлі. Ужо круціцца ў галаве сюжэт, яшчэ пакуль не бачу фіналу, але завязка і асноўныя тры персанажы ўжо ёсць.

– Вы два разы вылучаліся на Нобелеўскую прэмію. Спачатку ў 2009-м – з раманамі і навеламі. А ў 2012-м – з казкамі. Яшчэ спробы будуць?

– У перспектыве, калі з’явіцца нешта вартае, можна і пазмагацца. Хапіла б толькі сіл і здароўя. Бо, думаю, зараз трэба счакаць гадоў 10–15, пасля Святланы Алексіевіч другі раз прадстаўніку Беларусі хутка прэмію зноў наўрад ці дадуць.

Малая радзіма не адпускае

– Па адукацыі вы – кіне­ма­та­графіст. Скончылі наш тэатральна-мастацкі  інстытут і Вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў у Маскве, як рэжысёр працавалі на “Беларусьфільме”. А чаму пераважылі літаратура і пісьменніцкая дзейнасць?

– Стымулам, відаць, паслужыла перамога на конкурсе аднаактовых п’ес у 1971 годзе. Мне было крыху за 20, і за сваю камедыю я атрымаў грашовую  прэмію. Літаратура падалася больш цікавай, чым рэжысура. На тыя грошы я набыў першы ў жыцці касцюм. А калі сур’ёзна, то шлях ад хобі да прафесійнага занятка літаратурай, калі яна становіцца патрэбай жыцця і без яе ўжо не можаш існаваць, паступовы, даволі доўгі і складаны. Сталеючы, глыбей вывучаеш працэсы жыцця, каб перанесці іх у творы, з’яўляецца адказнасць перад словам, імкненне цягнуцца вышэй, шукаць тэмы і сюжэты, якія ніхто раней не браў, сваіх герояў. Таму ў свой час я адышоў ад кіно, сканцэнтраваў увагу на літаратуры і сур’ёзна пачаў рыхтавацца да напісання свайго першага, цяпер ужо досыць вядомага рамана “Крык на хутары”. Дэбютаваў з ім у 27 гадоў.

– Але ж канчаткова інтарэс да кіно не згубіўся. Вы – аўтар некалькіх кінасцэнарыяў, экранізацыя рэжысёрам Дзмітрыем Зайцавым вашага рамана “Кветкі правінцыі” была ўшанавана Дзяржаўнай прэміяй у 1990-я. Ім жа па вашых творах пастаўлены фільм “Пісьмо Феліні”, а Юрыем Ялховым – “Яблык Месяца”.

– У кінематограф цягне. З кінастудыі я некалі пачынаў і багата чаму там навучыўся. Зараз, дарэчы, рыхтую да друку кніжачку ўспамінаў пра знакамітых нашых кінематаграфістаў. А што да самога кіно, то пакуль не магу рэаліза­ваць сцэнарый фільма “Пеўчыя 41-га”. Староняцца экранізацыі майго рамана “Крык на хутары”. Ляжыць сцэнарый лірычнай камедыі, напісаны з Іванам Юркіным, “Вясковае танга”. Усё ўпіраецца ў адсутнасць спонсараў і грошай.

– Кажуць, што некалі вы адкрылі як камедыйнага акцёра Яўгена Крыжаноўскага...

– Так. У 1978 годзе здымаў на “Беларусьфільме” 25-хвілінную кінастужку “Трохкутнік, альбо Шукайце карову” па навелах Янкі Брыля, такую музычна-лірычную камедыйную гісторыю. Спачатку на галоўную ролю хацелі запрасіць Савелія Крамарава, я нават у Маскву да яго ездзіў, але не атрымалася. Тады вырашылі з аператарам паспрабаваць маладога акцёра Крыжаноўскага з Купалаўскага тэатра. Так з нашай лёгкай рукі ён і пайшоў далей, стаў беларускім комікам.

– Вы родам з Палесся, з Давыд-Гарадка. Мяркуючы па большасці вашых твораў, менавіта культура, гісторыя, побыт роднага краю паўплывалі на станаўленне вас як творцы?

– Абсалютная праўда. Без Давыд-Гарадка, Століншчыны, дзе прайшло  маё дапытлівае юнацтва, я б ніколі не адбыўся як пісь­меннік. І ў творах я сапраўды часта да іх звяртаюся. Вось зараз напісаў серыю эсэ – “Кварталы Давыд-Гарадка”. Малая радзіма ніколі не адпускае, і ў гэтым – радасць. Бо, як і ў дзяцінстве і юнацтве, яна наталяе тваю прагу жыцця, дае жыццёвыя сокі. Нават калі ты зрэдку прыязджаеш туды, яна пастаянна прысутнічае і ў свядомасці, і ў душы.

Аўтар публікацыі: Ірына Свірка.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня


Навіны

Нацыянальная бібліятэка афарбавалася ў колеры канадскага флага

2 Ліп 2020

1 ліпеня Дзень Незалежнасці адзначае Канада. З нагоды нацыянальнага свята паўночнаамерыканскай краіны на вонкавым электронным светлавым табло Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явіўся бела-чырвоны сцяг з кляновым лістом – сімвалам Канады. Акцыя прайшла па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш за 4 тыс. нумароў беларускіх часопісаў міжваеннага перыяду сталі даступны анлайн

2 Ліп 2020

Нацыянальная бібліятэка Беларусі працягвае адкрываць анлайн свае фонды. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь паўнатэкставая электронная калекцыя “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.” папоўнілася новымі выданнямі.

Бібліятэка анлайн

2 Ліп 2020

Творчасць Валянціны Паліканінай даўно заўважана не толькі айчыннымі літаратарамі, але і замежнымі. Зрэшты, дзейнасць паэтэсы, публіцыста, перакладчыцы не абмяжоўваецца толькі літаратурай. Пасля аддзела культуры часопіса «Беларусь» яна працягвае журналісцкую працу ў часопісе «Гаспадыня». Нядаўна стала вядома, што Валянціна Паліканіна – у ліку іншых дзечаў культуры, якія неўзабаве атрымаюць медаль Францыска Скарыны.

Навіны бібліятэк

3 Ліп 2020

Я не ведаю (каюся ў сваёй недасведчанасці), ці надрукавана тое, пра што я хачу сказаць, у кнігах альбо перыядычных выданнях. Гаворка пра Яна Скрыгана і яго згадку пра Янку Купалу. Зноў жа – матэрыял з цэкоўскага сейфа.

Навіны бібліятэк

1 Ліп 2020

Папулярызацыя беларускай мовы і беларускай кнігі – справа вельмі шматгранная, і поспех залежыць ад мноства фактараў і многіх людзей. Адным з найбольш камерцыйна ўдалых кірункаў гэтай не надта масавай і, адпаведна, не надта выгаднай справы з’яўляюцца пераклады сусветнай літаратуры на беларускую мову.

Навіны бібліятэк

111