ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Фарбы гукаў
Праўдалюбец Бацькаўшчыны

Галоўную гераіню пісала з сябе

Галоўную гераіню пісала з сябе
Іншыя навіны

Яна не з тых, хто сцвярджае: добра там, дзе нас няма. Яна даказала, што можна застацца жыць у родным горадзе і займацца творчасцю, рэалізуючы сябе ў розных сферах.


Алёна Беланожка – пісьменніца, сцэнарыст і рэжысёр. Не займаецца самарэкламай, бо лічыць: аўтар павінен прадаваць не сябе, а тое, што ён робіць. У адным з нумароў “Чырвонка” апублікавала ўрывак з яе аповесці “Чамадан з кракадзілавай скуры”. Цалкам аповесць убачыць свет сёлета ў 7–9 нумарах часопіса “Маладосць”. А пра творчасць, прынцыпы і перспектывы Алёна расказала карэспандэнту Алене Драпко.

– Раскажыце пра вашу аповесць “Чамадан з кракадзілавай скуры”.
– Адразу папярэджваю: падзеі выдуманыя; я не журналістка, я фантазёрка. Гэта вясёлая аповесць, адрасаваная маладзёжнай аўдыторыі. Мае героі не рэфлексуюць над улюбёнымі пытаннямі беларускіх аўтараў: “Куды мы ідзём?” і “Што мы будзем рабіць, калі ўсё-ткі дабяромся?” Яны ведаюць: чым больш рэфлексіі, тым менш рэальных учынкаў. Галоўная думка аповесці: шанцуе тым, хто не здаецца і не чакае нябесных мігдалёў. Дзейнічай хутка, нікому не шкодзь, трымайся разам з сябрамі і не забывай: нябёсы не дасылаюць табе выпрабаванні, з якімі ты не мог бы справіцца. Мова – простая, зразумелая нават для вушэй, якія прывыклі да рускага вымаўлення. Гэта не ад маёй “бесталаннасці”: такую мову вымагае сюжэт. Шчыры дзякуй маёй рэдактарцы, Наталлі Кучмель, якая пакінула тэкст цалкам “уежным” і пры гэтым зрабіла яго вельмі акуратным. І, безумоўна, мае падзякі рэдакцыйнай калегіі “Маладосці” за тое, што яны пагадзіліся з нашымі поглядамі на сюжэт і мову. І асаблівы “дзякуй” – майму літаратурнаму агенту.

– Галоўная гераіня вашага твора – вобраз зборны ці спісаны? Чым блізкая яна асабіста вам?
– З сябе пісала, а як іначай? Характар – мой. Я ўсім персанажам надала свае рысы, хоць у многіх з іх ёсць абсалютна рэальныя прататыпы. А галоўная гераіня мне блізкая тым, што яна не баіцца людзей. Яна іх любіць. Розных, усякіх. Іначай яна б ніколі не выбрала сабе такі занятак – клапаціцца пра тое, каб іх настрой заўсёды быў добрым.

– Па вашых уласных назіраннях, што зараз адбываецца з літаратурай? Канкурэнцыя прысутнічае?
– Калі мы маем на ўвазе беларускамоўную літаратуру, то ў ёй канкурэнцыя, на маю думку, прысутнічае толькі сярод паэтаў. Асабліва сярод тых, хто піша верлібры ды розныя “белыя” вершы – тут проста не праціснуцца. Шчыра кажучы, я не ведаю, чаму ў нашых аўтараў склалася меркаванне, што класічная паэзія сваё аджыла. З прозай і драматургіяй сітуацыя, мякка кажучы, тужлівая. Тут не тое што няма канкурэнцыі... Тут некаторыя нішы зусім не занятыя. Дзе жаночая проза, дзе фантастыка, дзе камедыі?

– Інтэрнэт можна разглядаць як прастору, якая дае магчымасць аўтару заявіць пра сябе?
– Можна, але ў кантэксце наяўнасці той мэтавай аўдыторыі, якая аўтару трэба. І потым, для таго, каб цябе знайшлі ў інтэрнэце, людзі павінны ведаць, каго яны шукаюць. У інтэрнэце ж усе, як адзін – пісьменнікі. Таксама ёсць небяспека, што невядомы малады пісьменнік потым пазнае свой сюжэт пад чужым іменем. Я лічу, што лёгкадаступны аўтар – “танны” аўтар. Таму тэлебачанне, радыё, перыёдыка і знешняя рэклама – forever!

– Што патрэбна ўлічваць маладым пісьменнікам, каб знайсці свайго чытача?
– Галоўнае – дакладна разумець, што немагчыма напісаць твор “для ўсіх”. Толькі навукова-папулярная літаратура адрасуецца шырокаму колу чытачоў, і тое не заўсёды. А калі мы вызначыліся з мэтавай аўдыторыяй – адкрываем літаратуру па ўзроставай псіхалогіі і чытаем, чытаем, чытаем... Глядзім тое, што ў коле інтарэсаў нашых патэнцыйных чытачоў – фільмы, гульні, канцэрты... Пасля гэтага пачынаем пісаць. Не вынаходзім веласіпед, а карыстаемся інтэлектуальнымі здабыткамі цывілізацыі.

– Вы любіце падарожжы? Ці спрыяе гэта нараджэнню новых ідэй, вобразаў?
– Я даволі дамашняя “дзяўчынка”. Бывала ў Германіі, Польшчы, ва Украіне. Упэўнілася ў правільнасці выказвання: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Вобразы нашага народа для мяне больш блізкія, я іх лепш разумею, а значыць, і чытачу перадам дасціпна. Вяртаючыся да аповесці: там вобразы даволі ўніверсальныя, бо прапісвала персанажаў, зыходзячы больш з іх роду заняткаў. Прафесія “шліфуе” чалавека – і характар, і знешнасць.

– Чым адрозніваецца Магілёў ад іншых гарадоў, у якіх вы бывалі? З’ехаць не ўзнікала ідэі?
– У Магілёве добра выходзіць замуж і нараджаць дзяцей. Ціхі, павольны, правільны ва ўсіх адносінах горад. І яшчэ ў ім жыве многа радасных успамінаў пра часы, калі горад быў часткай Расійскай імперыі. А з’ехаць... Ну, з’язджала. Як кажуць: там добра, дзе нас няма, а прыйдзем мы – і ўсё папсуём.

– Хто паўплываў на ваша станаўленне як творцы?
– Бацькі і педагогі, якія ў дзяцінстве не кпілі з маіх літаратурных спроб, а хвалілі і дапамагалі. І ўсе да аднаго выкладчыкі, якія мяне вучылі.

– Калі гаварыць пра ўдзел у творчых конкурсах і ўзнагародах, то якое значэнне яны маюць для вас?
– Павышаюць самаацэнку і “кошт”. Для аўтара гэта вельмі важна.

– Сумяшчаючы літаратурную творчасць, напісанне сцэнарыяў і арганізацыю культурных свят, вам удаецца адпачываць?
– Малюю. У мяне ёсць яшчэ і мастацкая адукацыя. Пачатковая. Яшчэ на рыбалку езджу. І – сплю, сплю, сплю... Каб аднаўляць інтэлектуальныя і фізічныя рэсурсы арганізма.

– Чаго хочацца дасягнуць у творчасці?
– Хачу, каб сцэнарый фільма, што ўжо год ляжыць у Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, і сцэнарыі мультыплікацыйных стужак нарэшце пайшлі ў работу. Хачу, каб тая вершаваная п’еса, над якой я працую зараз, была пастаўлена ў адным са сталічных тэатраў. Спадзяюся, што мой мюзікл, напісаны ў 2008-м, а цяпер перакладзены на мову, усё-ткі ўбачыць свет. Магчыма “Чамадан з кракадзілавай скуры” пераўтворыцца ў тэлевізійную стужку. І, вядома ж, хачу бачыць свае творы на старонках часопіса “Маладосць” і іншых літаратурных выданняў Беларусі...

Крыніца: газета "Звязда"

Навіны

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам