ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Цікава пачытаць”: кніга “Вперёд, Сигге!”
Размова з адвакатам аб сямейным капітале

Рыбінск – горад хлебны

Іншыя навіны

Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча ў Цэнтральнай Расіі традыцыйна звязваецца з Ніжнім Ноўгарадам і Яраслаўлем. Для гэтага ёсць усе падставы. Вызначэнне іншых локусаў – не толькі пашырэнне сямейнай геаграфіі, але і ўзбагачэнне новымі фактамі гісторыі беларуска-расійскіх культурных кантактаў.

Касцёл у Рыбінску. 1910-я гг.
Касцёл у Рыбінску. 1910-я гг.

Рыбінск – другі па велічыні горад у Яраслаўскай вобласці. Размешчаны на Волзе, за 80 км ад абласнога цэнтра. У пачатку ХХ ст. гэта купецкі поліс, які разбагацеў за кошт выгаднага геаграфічнага знаходжання, славутай хлебнай біржы.

Віленскае рэха

Буйны, дынамічны гандлёвы цэнтр вабіў прадстаўнікоў розных веравызнанняў. Рыбінск адносіўся да Ціраспальскай епархіі Магілёўскай мітраполіі рымска-каталіцкай царквы. У 1910 г. тут быў узведзены неагатычны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса, адзіны каталіцкі храм у Верхнім Паволжы. Майстры запрошаны з Мінскай губерні.

Грошы паступалі з гістарычнай радзімы мясцовых каталікоў, збіраліся сярод месцічаў. Вялікую ролю ў арганізацыі будаўніцтва, зборы сродкаў адыграў святар Іосіф Бародзіч. Пасля заканчэння Віленскай каталіцкай семінарыі пастырскую службу ён нёс у Лідзе, Троках, Даўгелішках, Гродне, Вільні. Займаўся будаўніцтвам храмаў у Клюшчанах і Міёрах.

Верш М. Багдановіча «Касцёл св. Анны ў Вільні» напісаны ў 1911–1912 гг., пасля наведання паэтам былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, знаёмства з архітэктурай горада і ўнікальнай калекцыяй беларускіх артэфактаў, сабранай Іванам Луцкевічам:

Каб залячыць у сэрцы раны,
Забыць пра долі цяжкі глум,
Прыйдзіце да касцёла Анны,
Там знікнуць сцені цяжкіх дум.

Прыкладна ў час узвядзення касцёла ў Рыбінску пачыналася журналісцкая дзейнасць паэта. Падзея была настолькі гучная, што М. Багдановіч проста не мог пра яе не чуць. Варта ўважліва папрацаваць з яраслаўскімі (і не толькі) выданнямі, з якімі паэт супрацоўнічаў.

У самім Рыбінску друкарская справа, выхад перыёдыкі былі арганізаваны яшчэ ў 1860-х гг. На пачатку ХХ ст. вядучае гарадское выданне – «Вестник Рыбинской биржи» (1902–1917), грамадская, гандлёва-прамысловая і літаратурная газета.

Браты Залатаровы (злева направа): Аляксей, Мікалай, Давыд, Сяргей. Рыбінск (?). Пачатак ХХ ст.
Браты Залатаровы (злева направа): Аляксей, Мікалай, Давыд, Сяргей. Рыбінск (?). Пачатак ХХ ст.

Радзіннае, сяброўскае, творчае

Горад Рыбінск – родавае гняздо Залатаровых і Дзябольскіх, многія з якіх потым перабраліся ў Яраслаўль. Асобныя прадстаўнікі гэтых знакамітых сем’яў уваходзілі ў кола найбліжэйшых сяброў і знаёмых М. Багдановіча, паспрыялі развіццю некаторых тэм, вобразаў і сюжэтаў у творчасці беларускага паэта, садзейнічалі захаванню памяці пра яго. Дзякуючы гэтым сувязям з’явіліся на свет верш-пасланне «Д. Д. Дзябольскаму», вершаванае апавяданне «Вераніка», іншыя творы.

Галава сям’і Залатаровых – Аляксей Аляксеевіч – праваслаўны святар, протаіерэй Спаса-Праабражэнскага сабора ў Рыбінску, меў пяцёра дзяцей: чатырох сыноў і адну дачку.

З Аляксеем Залатаровым (малодшым), пісьменнікам і краязнаўцам, М. Багдановіча звязвалі агульная цікавасць да пытанняў культуры і гісторыка-літаратурнага працэсу. У архіве паэта захоўвалася паштоўка, адрасаваная сябру, у 1923 г. перададзеная ў Мінск разам з іншымі дакументамі і рукапісамі. А. Залатароў напісаў успаміны пра М. Багдановіча, поўны тэкст якіх страчаны разам з усім архівам паэта ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Знаёмства з этнографам і антраполагам Давыдам Залатаровым адбылося на кватэры Дзябольскіх у Яраслаўлі. У газеце «Голос» ад 21 чэрвеня 1915 г. быў надрукаваны невялікі аглядны артыкул  аўтара «Вянка», прысвечаны пятаму нумару часопіса «Русский экскурсант», у якім сярод іншага была адзначана справаздача Д. Залатарова «Аб першым з’ездзе выкладчыкаў геаграфіі ў Маскве».

Філосаф Дзіядор Дзябольскі нарадзіўся ў Рыбінску ў сям’і міравога суддзі. Дзед па лініі маці – Юліян Смаленскі – быў ганаровым грамадзянінам горада.

Марыя Залатарова (справа) і Людміла Томасан. Гродна, 1909 г.
Марыя Залатарова (справа) і Людміла Томасан. Гродна, 1909 г.

У творчай спадчыне М. Багдановіча заўважна вылучаецца вершаванае апавяданне «Вераніка». Эпіграфам да яго паслужылі словы Джавані «Яна – выдумка маёй галавы», якія ў будучыні істотна ўскладнілі даследчыцкія пошукі прататыпа. Дзіядор Дзмітрыевіч адным з першых выказаўся на гэты конт, напісаў пра сваю маленькую пляменніцу Вераніку, з якой Максіма звязвалі вельмі цёплыя стасункі.

Маці Веранікі – Аляксандра Залатарова – сястра Дзіядора Дзябольскага і жонка Давыда Залатарова. Да моманту знаёмства з М. Багдановічам вучылася на Вышэйшых жаночых (Бястужаўскіх) курсах у Пецярбургу. Месцам летняга адпачынку прадстаўнікоў абедзвюх сем’яў была вёска Кісяліха паблізу Рыбінска. Тут асабліва любіла бавіць час маленькая Вераніка.

Ад берагоў Волгі да Нёмана

Жыццёвыя шляхі вялі выхадцаў з Рыбінска не толькі ў цэнтр губерні або сталічныя ўніверсітэты, але і наўпрост прыводзілі ў родныя мясціны будучага класіка беларускай літаратуры. У пачатку ХХ ст. Марыя Залатарова, сястра Давыда і Аляксея, працавала ў Марыінскай жаночай гімназіі г. Гродна, пра што сведчаць архіўныя матэрыялы з фондаў Рыбінскага музея-запаведніка. 

Пасля заканчэння Бястужаўскіх курсаў у Пецярбургу (1906) М. Залатарова выкладала ў гімназіях Гродна, Духаўшчыны (Смаленскі край) і Разані.

У 1907 г. выйшла замуж за свайго земляка, юрыста Аркадзя Сырамятнікава, рэвалюцыянера, члена бальшавіцкай фракцыі РСДРП з 1904 года.  У савецкі час Марыя Сырамятнікава – супрацоўніца Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва СССР (Масква), а таксама збіральніца і захавальніца дакументальных збораў сям’і Залатаровых.

Біёграфам добра вядома, як уважліва ставіўся М. Багдановіч да любых вестак з роднага краю. У горадзе над Нёманам спачыла яго маці. Не выключана, што М. Залатарова (Сырамятнікава) была своеасаблівым звенчаком памяці паэта пра гады маленства і сямейнага шчасця.

Будынак былой Рыбінскай біржы. Сучасны выгляд.
Будынак былой Рыбінскай біржы. Сучасны выгляд

Адам Багдановіч і… «Лявоніха»

Рыбінскае навуковае таварыства, заснаванае яшчэ ў 1909 г., пры савецкай уладзе ўступіла ў новы перыяд сваёй дзейнасці, гвалтоўна згорнутай у 1930-м. У 1920 г. арганізацыю ўзначаліў Аляксей Залатароў, выкладчык прамыслова-эканамічнага інстытута.

У 1920–1929 гг. у Рыбінску праводзіліся краязнаўчыя з’езды, у якіх бралі ўдзел не толькі мясцовыя энтузіясты, але і прадстаўнікі вядучых навуковых і культурна-асветніцкіх устаноў Савецкага Саюза.

Адам Багдановіч запомніўся на гэтых форумах не толькі як аўтар дакладаў «Навуковыя бібліятэкі ў Яраслаўлі» і «Этнічны склад насельніцтва Верхняга Паволжа». У занатоўках Мікалая Анцыферава, спецыяліста па гісторыі Санкт-Пецярбурга, арганізацыі экскурсійнай справы, чытаем наступнае:

«Памятаецца, гэта было ў жніўні 1926 года. У Рыбінску, адным з цэнтраў краязнаўчага руху, адбыўся з’езд яраслаўскіх краязнаўцаў, арганізаваных выдатным энтузіястам-знатаком А. А. Залатаровым. На з’ездзе былі заслуханы цудоўныя даклады, а пасля заканчэння з’езда – сяброўская вечарына.

На вячэры гучалі прамовы пра будучыню краязнаўства. Я звярнуў увагу на моцнага, каржакаватага аратара, палкага, але не шматслоўнага. Ён насіў вусы, якія спускаліся да падбародка, але не доўгія, і валасы яго спускаліся на шыю, але не да плячэй. І танцаваў ён хвацка “Лявоніху”, народны танец беларусаў. Гэта быў Багдановіч – бацька вядомага беларускага паэта».

У часопісе «Краеведение» (1927, № 1) змешчаны артыкул Аляксея Залатарова «Вынікі сямі Рыбінскіх краязнаўчых з’ездаў». Візуальным суправаджэннем у ім стаў калектыўны здымак удзельнікаў сёмага форуму, на якім даволі лёгка пазнаць прадстаўнічага з выгляду Адама Багдановіча.

Хлебная скарбніца ў пачатку ХХ ст., Рыбінск і ў ХХІ ст. гатовы падзяліцца назапашаным інтэлектуальным спажыткам з усімі зацікаўленымі гісторыяй, краязнаўствам, творчасцю вечна маладога беларускага паэта.

Аўтар публікацыі: Мікола Трус, кандыдат філалагічных навук.
Фота з фондаў Рыбінскага музея-запаведніка.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам