ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Візіт дэлегацыі Рэспублікі Сінгапур
Каб жыла культура продкаў: беларускія народныя святы, абрады, традыцыі

Валерый Анісенка: “Тэатр – мой храм і маё жыццё”

Валерый Анісенка: “Тэатр – мой храм і маё жыццё”
Іншыя навіны

Пра такіх людзей звычайна кажуць: пацалаваны Богам. Выдатны акцёр, найталенавіцейшы рэжысёр, прыроджаны педагог.


Яго талент прызнаны не толькі захопленымі і ўдзячнымі гледачамі, але і патрабавальнымі, нярэдка дастаткова раўнівымі калегамі-прафесіяналамі. Пра гэта сведчаць дзясяткі розных прызоў, у тым ліку і галоўных, атрыманых Валерыем Анісенкам на шматлікіх прэстыжных міжнародных фестывалях. Яго актыўная плённая праца на ніве тэатральнага мастацтва высока ацэнена і афіцыйнымі органамі. Ён – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”, кавалер ордэна Францыска Скарыны...

А яшчэ яго можна назваць стваральнікам тэатраў. Не тэатра, а менавіта тэатраў. Тройчы ён пачынаў усё з самага пачатку. У 1979 годзе яму, галоўнаму рэжысёру Тэатра юнага гледача, прапанавалі ўзяцца за арганізацыю новага калектыву – Тэатра кінаакцёра. Па праўдзе кажучы, што гэта будзе такое – ніхто толкам не ведаў: ні ў чыноўніцкіх колах, ні ў тэатральных. Але Валерый Данілавіч без асаблівых ваганняў пакінуў, што называецца, абжытую пасаду і з галавой акунуўся ў новую, клопатную справу. Больш за два гады доўжылася гэтая пякельная, амаль кругласутачная праца, пакуль нарэшце 31 сакавіка 1982 года новы тэатр урачыста адкрыўся.

І... нечаканы ўдар у спіну. Пасля дзвюх бліскучых прэм’ер Валерыя Анісенку звольнілі. У яго не проста адабралі любімую справу – пазбавілі сэнсу жыцця.

Цэлых паўгода Валерый Данілавіч быў без працы. Для яго кіпучай, няўрымслівай натуры гэта сталася нялёгкім выпрабаваннем. Не, ён не піў, як гэта звычайна бывае з несправядліва пакрыўджанымі, не скуголіў, не скардзіўся. Ён шукаў сябе ў новай справе! І такая справа знайшлася. На Беларускім радыё, куды яго запрасілі на пасаду галоўнага рэжысёра. Ішоў туды нібыта часова, а затрымаўся надоўга, на цэлых васямнаццаць гадоў. І гэта былі, бадай, лепшыя гады ў яго жыцці. Ён здолеў стварыць унікальны тэатр у эфіры, які карыстаўся незвычайнай папулярнасцю ў радыёслухачоў і паспяхова перажыў перабудову, развал Савецкага Саюза, з годнасцю сустрэў ХХІ стагоддзе. І жыў бы да гэтага часу, калі б...

Калі б Валерыя Анісенку не спакусілі новай прывабнай прапановай: узначаліць Тэатр беларускай драматургіі, які тады трапіў у сур’ёзны крызіс. Яго не палохалі цяжкасці, яго вабілі перспектывы. Яму, вядомаму парушальніку творчага спакою (так ахарактарызаваў Анісенку адзін з крытыкаў), рухавіку тэатральных ініцыятыў, мадэратару сцэнічных праектаў, ужо бачылася ў мроях, як ён выводзіць крызісны тэатр з прарыву, стварае тут атмасферу сапраўднага творчага пошуку, беларускасці.

Аднак у рэальнасці ўсё аказалася значна цяжэй, чым думалася. І зноўку давялося пачынаць фактычна з нуля. Тым не менш, адолеўшы ўсе цяжкасці, ён стаў стваральнікам тэатра сваёй мары, таго тэатра, які закліканы сёння быць надзейнай апорай у працэсах развіцця і ўмацавання дзяржаўнага суверэнітэту рэспублікі, у памнажэнні гуманістычных і дэмакратычных каштоўнасцей у нашым грамадстве.

Вы думаеце, на гэтым выпрабаванні лёсу ў Анісенкі скончыліся?
Памыляецеся! Аднойчы Валерыя Данілавіча выклікалі ў Міністэрства культуры і прапанавалі ўзначаліць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Спачатку было цвёрдае рашэнне – адмовіцца. Кінуць тэатр, якому столькі аддадзена душэўных і фізічных сіл, які толькі-толькі стаў набіраць моцы, заваёўваць папулярнасць у рэспубліцы і за яе межамі? Да таго ж – пераязджаць у Віцебск...

Але, спакойна разважыўшы, даў згоду. Перамагло сакраментальнае “трэба”. віцебскі тэатр перажываў не лепшыя часы, меў патрэбу ў вопытным, аўтарытэтным кіраўніку, які змог бы згуртаваць раз’яднаны калектыў, вярнуць яму былую славу. Менавіта з гэтага – з першых крокаў на новым месцы – мне і хацелася пачаць нашу гаворку, але Валерый Данілавіч пакруціў галавою:

– Рана яшчэ пра што-небудзь гаварыць. Давайце паразважаем пра тэатр наогул.

Спасцігаць сутнасць чалавечую
– Ну што ж, давайце... Ёсць два супрацьлеглыя погляды на гэты від мастацтва. Адны лічаць, што тэатр створаны для падману і забавы. Ён не можа быць тым, кім імкнецца стаць. Яго роля больш простая. Гэта – цырк на сцэне, фрывольнасць у паводзінах персанажаў, спрошчанасць да ўбогасці дэкарацый і іншыя сучасныя “прелести”. Другія ж, у прыватнасці, як некалі К. Станіслаўскі, разглядаюць тэатр як самую магутную кафедру, яшчэ больш моцную па сваім уплыве, чым кніга і прэса.
Наш вядомы артыст Генадзь Гарбук у адным са сваіх інтэрв’ю зазначыў: калі тэатр перастае быць трыбунай выхавання, ён немінуча скочваецца ўніз і ператвараецца ў забаўлянку. Мне вельмі блізкая такая пазіцыя. А вам, Валерый Данілавіч?

– Мне таксама. Уласна кажучы, мой тэатр – гэта ўсё, што вакол Чалавека, яго душы, яго сэрца. Жыццё чалавечага духу – галоўная мэта псіхалагічнага, рэалістычнага тэатра, а значыць, і галоўная задача яго рэжысёра. Таму для мяне заўсёды былі і застаюцца ў цэнтры ўвагі так званыя вечныя тэмы: “што я ёсць?”, “у чым сэнс жыцця?”, барацьба дабра і зла... Тэатр закліканы выхоўваць у чалавеку не проста “ценителя прекрасного”, не проста культурнага чалавека, а грамадзяніна. Мастак павінен быць чуйным да духоўных запатрабаванняў сучаснасці, востра адчуваць грамадзянскія жарсці часу.
А што мы бачым? Ідзе татальны наступ на псіхалагічны тэатр, форматворчасць запаланіла свет. Бываючы на шматлікіх фестывалях, я здзіўляўся неверагоднай колькасці рэжысёрскіх прыдумак, багаццю тэатральных прыстасаванняў, фарбаў, гукаў, незвычайнаму валоданню ўмоўнымі прыёмамі вобразнасці, метафарычнасці і гэтак далей. Але я на такіх спектаклях, прызнаюся, сумаваў. Мне хацелася ўбачыць што-небудзь чалавечае. Ціхае і сардэчнае. І каб яго не глушыла, не забівала вонкавае майстэрства. Усе гэтыя “ізмы”, па вялікім рахунку, – ад бяссілля спасцігнуць сутнасць чалавечую.

– Але ж і зусім адмаўляцца ад пошуку, ад эксперымента ў мастацтве нельга...
– А хто кажа, што трэба адмаўляцца? Наадварот, сучасны тэатр абавязаны ўсё цікавае, усё разумнае браць на ўзбраенне, творча засвойваць, узбагачаць рэалістычныя сродкі выразнасці. Сутнасць праблемы ў тым, дзеля чаго ўсё гэта мы выкарыстоўваем – для стварэння ці разбурэння? Тэатр павінен быць не для вока, а для душы. Не забаўляць, не закалыхваць чалавека, а трывожыць у ім памяць і сумленне, не даваць яму заставацца абыякавым у крутаверці штодзённых спраў.
Тэатр душы павінен, абавязаны ўзрушаць. Не дарма ж найвышэйшым жанрам літаратуры лічаць трагедыю, драму. Мне ў свой час удалося пабачыць лепшы сусветны псіхалагічны тэатр. Пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя – а я ўпершыню трапіў на спектаклі юнага маскоўскага тэатра “Современник” зімой 1961 года – да сярэдзіны 80-х Масква па ўсеагульным прызнанні і па праве лічылася тэатральнай меккай свету. Рэжысёрскія імёны Алега Яфрэмава, Анатоля Эфраса, Андрэя Ганчарова, Барыса Львова-Анохіна, Георгія Таўстаногава, Ігара Уладзімірава, Барыса Равенскіх, Леаніда Хейфеца, Анатоля Васільева, Марка Захарава – вось залатая абойма савецкай рэжысуры, рускага тэатра. У гэтага тэтра я вучыўся і вучуся.

– Рускі класічны тэатр засноўваўся на трох найважнейшых прынцыпах: мастацкасці, маральнасці і грамадзянскасці. А на якіх прынцыпах будуеце, развіваеце свой тэатр вы?
– Я падтрымліваю і падзяляю згаданыя вамі прынцыпы. Гэта – самы надзейны і самы жыватворны грунт, на якім толькі і можна вырасціць нешта прыстойнае. Што такое мастацкасць? Гэта ўменне шэрагам спецыфічных прыёмаў у вобразнай, эмацыянальнай форме перадаць гледачу сэнсавы зарад спектакля. Здавалася б, так проста. Але гэта падманлівая прастата. Для таго, каб нешта перадаць, трэба гэтае “нешта” мець у сваёй душы. Гледача трэба пераканаць, зацікавіць, усхваляваць, пасеяць сумненне, прымусіць задумацца і многа, многа яшчэ чаго іншага. Зразумела, лягчэй гледача забаўляць з дапамогай розных сцэнічных прыёмаў і прыёмчыкаў, якіх цяпер безліч навыдумлялі. Але што могуць выклікаць у душы гледача хай сабе і самыя арыгінальныя, самыя найноўшыя рэчы, калі яны пабудаваны па-за сістэмай маральных каардынат, у прасторы поўнай адноснасці дабра і зла, святла і цемры?

– Агульнавядомая ісціна: няма сапраўднай драматургіі – няма і тэатра. Мне даводзілася прысутнічаць на адной дыскусіі, падчас якой выказваліся прама супрацьлеглыя думкі. Рэжысёры сцвярджалі, што цікавых п’ес беларускіх аўтараў няма, а драматургі пераконвалі, што п’ес дастаткова, але яны абсалютна не цікавяць нашых рэжысёраў. Дзе тут праўда?
– Пасярэдзіне. Таму што сцвярджаць, нібыта беларускіх п’ес няма – гэта няпраўда. Пры мне ў РТБД беларускі рэпертуар займаў 75 працэнтаў. І пры гэтым запаўняльнасць на такіх спектаклях была амаль 90 працэнтаў. Значыць, беларускія п’есы не толькі ёсць, але яны і дастаткова цікавыя.
Іншая справа, што іх мала. Але іх і ніколі не было многа. Дзве-тры добрыя п’есы – гэта нармальна.

– Валерый Данілавіч, тэатру не раз прарочылі смерць. Першы раз – калі з’явілася кіно. Пасля – са з’яўленнем тэлебачання. Цяпер падставаю для песімістычных прагнозаў стаў Інтэрнэт з яго сапраўды неабмежаванымі, унікальнымі магчымасцямі. А тэатр, дзякаваць Богу, жыве. Чаму?
– Тэатр не памрэ ніколі! Таму што гэта жывое мастацтва. Таму што гэта жывая і вельмі неабходная форма чалавечых зносін. Тэатр і ўзнік як натуральная чалавечая патрэба ў такіх зносінах. Калі хочаце, гэта своеасаблівае лякарства ад раз’яднанасці. Ён, па вялікім рахунку, і існуе толькі тады, калі паміж сцэнай і залай узнікае тая самая “вольтава дуга”, якая і ёсць сутнасць тэатральнага мастацтва.

– Тэатр у ХХ стагоддзі быў рэжысёрскім, так званым пастановачным тэатрам, дзе асоба акцёра мае другаснае значэнне, становіцца сродкам выразнасці, сродкам увасаблення рэжысёрскай ідэі. А якім, на вашу думку, будзе тэатр у ХХІ стагоддзі?
– Я думаю, што ён і будзе такім. Таму што рэжысёр – усеабдымная, інтэгральная прафесія. Рэжысёр – лідар, бацька тэатра, бацька спектакля. Безумоўна, добра, калі і акцёр становіцца саўдзельнікам, сааўтарам пастаноўкі. Але ўсё роўна само па сабе дзейства не атрымаецца, яго трэба арганізоўваць.

Здзіўляць не формаю, а думкаю
– Валерый Данілавіч, я ведаю, што вы па адукацыі – акцёр. І больш за дзесяць гадоў працавалі менавіта акцёрам. Чаму і як прыйшлі да рэжысуры?
– Думка пра тое, каб стаць рэжысёрам, нарадзілася ў мяне яшчэ ў інстытуцкія гады. Калі паглядзець мае студэнцкія запісы, лекцыі, то там у мяне многа розных паметак, заўваг адносна рэжысуры. Я ўжо тады свядома ці паўсвядома нібыта рыхтаваўся да гэтай прафесіі. Помню, як мы разам з маім аднакурснікам Андрэем Андросікам марылі, што пасля заканчэння інстытута створым сваю вандроўную трупу і будзем ездзіць на вазах, выступаць у самых аддаленых куточках Беларусі.
Так што рана ці позна я, відаць, усё роўна прыйшоў бы ў рэжысуру. Проста гэта магло быць больш павольна, больш мякка, а не так рэвалюцыйна, як у мяне атрымалася. Таму што я вельмі любіў акцёрскую прафесію. Вельмі. І нікім сябе іншым не бачыў. Аднак лёс склаўся так, што я, добра пачаўшы ў Віцебску, праз два сезоны прыйшоў у Мінск, у Купалаўскі тэатр. На маю бяду, пакуль афармляўся перавод, у тэатры змяніўся і дырэктар, і мастацкі кіраўнік. І мяне ў тэатры ніхто не чакаў. Горш за тое, у трупе акцёраў майго плану аказалася чалавек пяць-шэсць. Тарасаў, Белахвосцік, Мілаванаў, Гарбук... І я амаль дзесяць гадоў быў “на падхваце”. Нават калі атрымліваў галоўныя ролі, яны былі ўжо адыграныя. Таму маё самалюбства, кажучы па-руску, было “сильно уязвлено”. Хоць я не крыўдзіўся, нікому не скардзіўся. Сумленна працаваў усе гэтыя гады.

– І як вы выйшлі з гэтай, прама скажам, малапрыемнай сітуацыі?
– Я вырашыў пайсці вучыцца ў Маскву на рэжысёрскія курсы. Тым больш што ў мяне ўжо сякі-такі вопыт быў. У 1976 годзе адбыўся мой рэжысёрскі дэбют на радыё. Я паставіў паўгадзінны радыёспектакль “Крык чайкі” па аднайменным апавяданні Алеся Асіпенкі. Дэбют аказаўся паспяховым. Спектакль быў адзначаны як лепшая рэжысёрская работа. Гэта мяне, безумоўна, акрыліла, надало ўпэўненасці, і я зрабіў рашучы і круты паварот у сваім лёсе.

– Памянялі любімую акцёрскую прафесію на рэжысёрскую, а прэстыжнае, стабільнае становішча купалаўца – на поўную невядомасць і хісткую няпэўнасць?
– Прыкладна так. Хаця, паўтаруся, рана ці позна я ўсё роўна прыйшоў бы ў рэжысуру. Гэта – мая справа, таму што маім здольнасцям заўсёды было мала адной справы. Мне хацелася паспрабаваць свае сілы і ў тым, і ў тым, і ў тым. А рэжысура якраз усё гэта аб’ядноўвае. Ёй усяго мала. Колькі б ні ведаў – мала. Бясконцая прафесія.

– А якіх якасцей патрабуе гэтая прафесія?
– Вельмі многіх. Перш за ўсё моцнага характару, волі. Для таго, каб арганізаваць творчы працэс, трымаць дысцыпліну, захапіць трупу сваімі ідэямі. Не стамляцца вучыцца. Не “бранзавець”.

– “Увесь мой шлях у рэжысуру – гэта самаадукацыя”, – зазначылі аднойчы вы. Але ж у вас за плячыма не толькі тэатральна-мастацкі інстытут, а і вышэйшыя рэжысёрскія курсы. Няўжо гэтай адукацыі, каб паўнацэнна працаваць рэжысёрам, вам не хапіла? Вы і цяпер працягваеце самаадукацыю?
– Абавязкова! Як толькі спыніўся, вырашыў, што ўжо ўсё ведаеш, усё спасціг – гэта канец.

Дарога да храма
– Валерый Данілавіч, вы з дзяцінства марылі стаць артыстам?
– Што вы! Пра тое, што на артыста вучацца, я даведаўся недзе ў класе восьмым. У мой родны Талачын прыехаў на гастролі віцебскі тэатр. І вось аднойчы ўвечары, пасля спектакля, артысты ішлі ў гасцініцу. А гэта якраз міма майго дома. Я набраўся смеласці, падышоў да самага мажнага, усмешлівага мужчыны (як пасля я даведаўся, гэта быў народны артыст Беларусі Анатоль Шэлег) і запытаўся: “Дзядзечка, а як у артысты трапляюць?” – “Вучыцца трэба”, – па-добраму ўсміхнуўся мужчына. Так я даведаўся, што ў Мінску ёсць спецыяльны інстытут, у якім вучацца на артыста.
Эпізод як быццам мімалётны, але ён далёка не выпадковы. Справа ў тым, што мяне ўвесь час, асабліва ў старэйшых класах, цягнула да акцёрства.
Я чытаў са сцэны вершы, спяваў, танцаваў. Актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, і не толькі школьнай, але і пры гарадскім Доме культуры. А ў дзясятым класе я ўжо працаваў у народным тэатры. І мама мне не забараняла. Нават не дужа пярэчыла, калі я сказаў, што буду паступаць у тэатральны.
Праўда, спачатку, пасля васьмігодкі, я хацеў паступаць у Коханаўскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Ужо нават сабраў дакументы, але чамусьці не панёс. А калі заканчваў дзясяты клас, да нас з Ленінграда прыехаў прадстаўнік ваеннага вучылішча радыёэлектронікі набіраць абітурыентаў. Я быў рослы, фізічна моцны хлопец, і ён за мяне ўчапіўся. Але я не прайшоў медкамісію – падвяло вуха, якое я зглуміў яшчэ пастушком.
Як бачыце, лёс мяне нібыта ўвесь час падштурхоўваў да маёй цяперашняй прафесіі. Нездарма ж у народзе кажуць: тое, што табе наканавана, ні пешкі не абыдзеш, ні на валах не аб’едзеш. Адным словам, у сямнаццаць гадоў я паступіў у тэатральны інстытут. Быў самы малады на курсе. Паступіў з першага разу. Тады я нават здзіўляўся, чаму мяне так лёгка прынялі. А пасля, калі ўжо сам стаў выкладаць, зразумеў: я быў самабытны.

– Кажуць, лёс – гэта характар...
– Характар у мяне сапраўды лёсавызначальны (смяецца )... Ён – ад маёй мамы, Антаніны Ягораўны. Мама пражыла цяжкае жыццё. Але ніколі не хныкала, не раскісала і ні ў кога нічога не прасіла. Усяго дабівалася сваім розумам, сваім мазалём. Працаўніца. Праўдалюбка. Строгая, але справядлівая. І нас такімі ж выхоўвала. І хоць з такім характарам нялёгка ісці па жыцці, але я ні разу аб гэтым не пашкадаваў. Характар дапамог мне выстаяць у самыя крытычныя, самыя драматычныя моманты майго жыцця, дазволіў зрабіць некалькі сур’ёзных учынкаў. Адзін з іх – калі я сышоў з Купалаўскага тэатра. Я мог бы працаваць там усё жыццё, атрымаць званне народнага артыста, кватэру – усё было б, як трэба. А я ўзяў і крута павярнуў на новую, малазнаёмую сцяжыну... А другім учынкам я лічу той факт, калі пакінуў пасаду галоўнага рэжысёра ў Тэатры юнага гледача. Пакінуў, каб узяцца за рызыкоўную, абсалютна непрадказальную справу – стварэнне Тэатра кінаакцёра. І я такі тэатр стварыў! Чым з поўным правам магу сёння ганарыцца.

– Дарэчы, вы можаце ганарыцца не толькі гэтым. Вы стаялі ля вытокаў беларускага радыётэатра, у якім выпусцілі ў эфір каля ста спектакляў, і, можна сказаць, занава стварылі тэатр беларускай драматургіі. Што з гэтага далося вам найцяжэй? Які з трох тэатраў вам найбольш блізкі, дарагі?
– Найбольш дарагі Тэатр беларускай драматургіі. І я думаю, не трэба тлумачыць, чаму. А вось найцяжэй мне даўся тэатр кінаакцёра. Давялося будаваць сапраўды з нуля. Будаваць у самым прамым сэнсе: выбіраць месца размяшчэння, выбіваць праект, узгадняць дзясяткі рэчаў, ваяваць з будаўнікамі за выкананне планаў, за якасць...

– Слухаю вас, і ў мяне складваецца ўражанне, што вы чалавек упэўнены, мэтанакіраваны і абсалютна пазбаўлены ўсялякіх комплексаў, сумненняў, ваганняў...
– Бог ты мой, калі б гэта было так! Але мне, як і кожнаму нармальнаму чалавеку, “ничто человеческое не чуждо”. Я саромеўся сваёй неадукаванасці, недасведчанасці, сваёй нярымскай знешнасці. Ды шмат чаго іншага! Паверце, камплексую да гэтага часу. Вось літаральна ўчора мяне запрасілі на адзін вельмі важны банкет і перад яго пачаткам сказалі, што я буду выступаць трэцім. Усё! Я ўжо хвалююся, нервуюся...

– І гэта з вашым вопытам, вашым уменнем?
– Так, хвалююся ў адказныя моманты, як хлапчук. І сумняваюся, і дакараю сябе пасля, што выступіў не лепшым чынам.

– Ну, гэта ўжо нейкае самаедства.
– Можа быць, але я не какетнічаю. Так яно ёсць сапраўды. Я вельмі цвяроза сябе ацэньваю і заўсёды стаўлю перад сабой самую высокую планку.

– Валерый Данілавіч, амаль паўстагоддзя вы ў тэатральным мастацтве, і палову гэтага часу – на галоўных, адказных пасадах. Ці ёсць задавальненне ад зробленага? Што вы лічыце самым важным у сваім жыцці?
– Прынята ў такіх выпадках казаць: не, не, я сабе цаны не ведаю, аб’ектыўную ацэнку можа даць толькі глядач... Глупства ўсё гэта! Мастак, асоба ведае сабе цану. Самае галоўнае, я лічу, заключаецца ў тым, што я застаўся прыстойным чалавекам. А гэта ох як няпроста! Многія з нас падгніваюць, чарвівеюць. Суцяшаюць сябе, што, маўляў, гэта дробязь, маленькі чарвячок, які нікому не відаць. Няпраўда! Усё відаць. І нічога не праходзіць бясследна. Гэта як крупінка звышцяжкага металу можа пераважыць сотні кілаграмаў звычайнага, так і тут – адна загана ў тваіх паводзінах можа закрэсліць усё добрае, што ў табе ёсць.
Таму і лічу самым важным тое, што я адбыўся як чалавек. Не спіўся. Не згуляўся. Не “забранзавеў”. Заслужыў, як мне здаецца, шчырую павагу калег, сяброў. Уганараваны высокімі адзнакамі дзяржавы.
Задавальненне ад зробленага? Безумоўна ж, яно ёсць. Але – няпоўнае. Я мог бы зрабіць куды больш. Крыўдна, што лепшыя гады патрачаны на працэс нятворчай барацьбы. Я і цяпер далёка не ўсім задаволены.

Аўтар публікацыі: Зіновій Прыгодзіч.

Падрабязней: газета “Звязда”

Навіны

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам