ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Размешчана праграма навукова-практычнага семінара “Шляхамі маладнякоўцаў”
Музейныя заняткі “Рукапісная кніга”

Выйшла персанальная энцыклапедыя “Уладзімір Караткевіч”

Выйшла персанальная энцыклапедыя “Уладзімір Караткевіч”
Іншыя навіны

“Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выдала персанальную энцыклапедыю “Уладзімір Караткевіч”. Аддрукавана кніга ў 65, 45 улікова-выдавецкіх аркушаў тыражом 1 000 экзэмпляраў на ААТ “Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа”.

Каля 1 000 артыкулаў змешчана пад адной вокладкай. Ва ўступным артыкуле энцыклапедысты адзначаюць: “Энцыклапедыя – гэта першы крок, трывалая прыступка да стварэння паўнавартаснай шматтомнай персанальнай энцыклапедыі «Уладзімір Караткевіч». Некаторыя артыкулы могуць стаць тэмай для абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, натхніць студэнтаў на напісанне курсавых работ. Настаўнікі знойдуць шмат карыснай інфармацыі для падрыхтоўкі ўрокаў, а вучні – дадатковы матэрыял для атрымання высокай адзнакі. На ніве караткевічазнаўства ёсць яшчэ да канца не распрацаваныя тэмы – гэта багатая глеба для маладых спецыялістаў”. Такім чынам, выдаўцы сціпла заўважылі, што адзіны том, у якім сабрана ўсё ж неймаверна шмат інфармацыі пра жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры, – проста пачатак.

І ўсё ж зроблена вялікая, вартая станоўчых ацэнак справа. Нагадаем, што персанальных энцыклапедый не так і шмат увогуле. І зусім няшмат іх у гісторыі беларускага кнігадрукавання. Няма і паўстагоддзя, як такія выданні, дзякуючы “Беларускай Энцыклапедыі...”, пачалі з’яўляцца на свет. У 1986 годзе выйшла аднатомная персанальная энцыклапедыя “Янка Купала”. Параўнальна нядаўна – паўторнае выданне ў трох тамах. Ёсць персанальныя энцыклапедыі, прысвечаныя Францыску Скарыну і Максіму Багдановічу. І вось героем яшчэ адной персанальнай энцыклапедыі становіцца аўтар рамана “Каласы пад сярпом тваім”, іншых неўміручых твораў і ўсё, што звязана з яго імем.

У чытача новага выдання (удзел у стварэнні апошняга ўзялі многія і многія дасведчаныя аўтары) з’явіцца віртуальная магчымасць адправіцца па розных адрасах, дзе жыў і дзе пісаў свае творы вялікі пісьменнік. Арэнбург (“У Арэнбургу скончыў шосты клас”, – з аўтабіяграфіі У. Караткевіча), Віцебск, Гродзеншчына, Далёкі Усход (плёнам уражанняў Караткевіча ад убачанага стала аповесць “Чазенія”), Друскінінкай, Дубулты, Кіеў (у час вучобы ў Кіеўскім універсітэце Уладзімір зацікавіўся гісторыяй паўстання 1863–1864 гг.; актыўна займаўся навуковай работай, удзельнічаў у археалагічных раскопках, супрацоўнічаў з многімі музеямі, пісаў вершы), Крым, Кунгур (некаторы час знаходзіўся ў яго наваколлі ў дзіцячым доме ў Вялікую Айчынную вайну), Лесавічы (вёска ў Кіеўскай вобласці, дзе пасля заканчэння Кіеўскага ўніверсітэта пісьменнік працаваў настаўнікам), Масква, з якой Уладзіміра Сямёнавіча звязвала надзвычай шмат, Мір... Магчыма, што і не ўсе караткевічаўскія адрасы ўвайшлі ў энцыклапедыю, пра некаторыя гарады, паселішчы, мясціны напісана вельмі сцісла. І ўсё ж у гэтых згадках – сапраўдная караткевічаўская геаграфія, якая тлумачыць і характар многіх твораў.

Надзвычай захапляльнымі падаюцца артыкулы пра сяброў, блізкіх Караткевічу людзей: Адама Мальдзіса, Вячаслава Рагойшу, Таццяну Кабржыцкую, Рыгора Барадуліна, Сяргея Панізніка... Часам пра некаторых з сяброў, добрых знаёмых напісана коратка, зусім лаканічна. Але ж нельга не ўлічваць, што перад намі – энцыклапедычнае выданне, якое і патрабуе гэтай лаканічнасці. Асобна расказваецца пра творы класіка. Многія тэмы – пра гістарычныя падзеі, пэўныя мастацкія з’явы, віды мастацтва, жанры літаратуры ў дачыненні да творчасці У. Караткевіча: “Грунвальдская бітва”, “Дакументальнае кіно”, “Дэтэктыў”, “Балада”, “Неарамантызм”, “Сатыра”... Шмат артыкулаў – пра мастакоў, акцёраў, рэжысёраў, з якімі сябраваў пісьменнік, што нараджалі творы пад уплывам яго раманаў, аповесцей, вершаў, здымаліся ў фільмах па творах У. Караткевіча, ігралі ў спектаклях па яго п’есах.

“Уладзімір Караткевіч” – пачатак энцыклапедычнага асэнсавання жыцця і творчасці слаўнага сына нашай Бацькаўшчыны. Важна захаваць энергію, пашырыць ініцыятывы, якія спрыялі нараджэнню гэтага па-свойму ўнікальнага творчага, навукова-выдавецкага праекта. І ў такім разе ў энцыклапедыі “Уладзімір Караткевіч” абавязкова будзе працяг.

А што да новых ідэй, якія хацелася б бачыць рэалізаванымі ў рэчышчы стварэння персанальных энцыклапедый, то даўно наспела патрэба ў выданнях пра народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, пра Максіма Гарэцкага, Францішка Багушэвіча, іншых дзеячаў беларускай культуры, асветніцтва, беларускага прыгожага пісьменства.

Аўтар публікацыі: Кастусь Лешніца.
Крыніца: Звязда

Навіны

#BelBookChallenge рэкамендуе: пераклады класікі

5 Сак 2021

BelBookChallenge выходзіць на фінішную прамую! Да канца чэленжда застаўся адзін дзень, таму самы час дачытваць недачытанае і пісаць на яго рэцэнзіі, каб усё-усё паспець. А для надання сіл і запалу ў вашым апошнім рыўку Нацыяналка склала для вас не проста падборку, а сапраўдную падвойную норму кніжных рэкамендацый! Сёння пад нашым прыцэлам адразу дзве тэмы: пераклады замежнай класікі і пераклады з рускай мовы – узбоўтаць, але не змешваць. Пра якія-небудзь з гэтых перакладзеных кніг вы напэўна ўжо чулі, а штосьці можа стаць для вас адкрытым сюрпрызам.

Блог прафесійнага чытача

Да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы

5 Сак 2021

5 сакавіка спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння беларускага драматурга, празаіка, сатырыка, паэта, перакладчыка, акадэміка АН БССР, народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы (1896–1991).

Па старонках беларускага календара

Унікальная выстаўка бальных убораў і аксесуараў адкрылася ў бібліятэцы

4 Сак 2021

4 сакавіка ў выставачным комплексе бібліятэкі (пам. 104) адбылося адкрыццё ўнікальнага праекта “Бляск убораў і таямніцы флірту”. Экспанаты прадстаўлены з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага.

Выставачныя мультыпраекты

#BelBookChallenge прапануе: кнігі з дзяцінства ў перакладзе на беларускую мову

4 Сак 2021

BelBookChallenge не проста так прапануе вам наступную тэму – кнігі, што падабаліся ў дзяцінстве, у перакладзе на беларускую. Што за магчымасць, акрамя выкліку самому сабе, можа прымусіць нас вярнуцца да нечага ўжо прачытанага і асэнсаванага некалі?

Блог прафесійнага чытача

Бібліятэкарам
111