ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Круглы стол “«Сцежкамі…» Міхася Зарэцкага”: да 120-годдзя з дня нараджэння
Рэвалюцыйны рамантык

Як літаратурныя героі ішлі ў школу

Як літаратурныя героі ішлі ў школу
Іншыя навіны

Сёння тысячы беларускіх школьнікаў пасля восеньскіх вакацый вярнуліся ў свае класы. Героі беларускай літаратуры таксама адпраўляліся ў школу. Давайце паглядзім, што давялося перажыць у першыя вучэбныя дні героям беларускай літаратуры?

Схаваць падручнік у снег

Героі паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» сваё навучанне пачыналі проста ў хаце. Бацька-ляснік наняў ім настаўніка – «дарэктара», суседскага хлапчыску Яську.

А сам дарэктар, з вузел ростам,
Ў сваім уборы бедным, простым,
У зрэбных портках і кашулі,
Стаяў, як бы яго прыгнулі,
Такім мізэрным і маўклівым,
У халаце суконным сівым.

Напачатку лесніковы хлопцы пабойваліся «дарэктара», але той «выдаўся мяркоўны І лепшы нават, як свой кроўны». Вось толькі ў аднаго з вучняў, Алеся, ніяк не ладзіцца з Законам Божым. І хлопец знаходзіць выйсце: знішчае падручнік.

А ненавісныя «начаткі»
Парваў па самыя акладкі:
«Вось вам, Абрам, Ісак і Якаў!
Паплачце вы, бо я ўжо плакаў!».

Псоту кніжак удалося зваліць на катоў, але вось незадача: бацька купіў Алесю новы падручнік.

– Глядзі ж ты іх цяпер, як вока:
Папруга ўжо не так далёка;
Калі каты іх зноў парвуць,
То пухіры тут паўстаюць! –
І тое месца сына-блазна
Айцец паказвае выразна.

Алесь і гэтыя «начаткі» закінуў у снег... І здабыў усё-ткі бацькавай папругі.

Расплаціцца чубам за Адама і Еву

Незадача атрымалася з біблейскімі персанажамі ў школе і ў Міколкі-Паравоза, героя аповесці Міхася Лынькова. Святар, выкладчык Закона Божага, расказваў, як Бог стварыў Адама, а з яго рабрыны – Еву.

«Слухаў, слухаў Міколка ды – у рогат. Так і пусціўся ў смехі, аж да скамейкі прысядае. Раз’ярыўся поп, наступае грозна на Міколку:
– Ты чаго, ірад, з Божага слова смяешся?

А Міколка не сціхае, рагоча, заліваецца. І як не смяяцца яму. Узгадаў ён пра Адама і Еву. Не пра тых, з якімі Бог займаўся, а пра самых звычайных. Пра стрэлачніка Адама і прыбіральшчыцу Еву, якая дэпо падмятала. Худзюшчыя абодва, толькі рэбры ды косці... А поп ужо за вуха Міколкава ўзяўся:

– Кінь смяяцца, кажу!

– То як жа кінуць, калі смешна... Калі Адам і Ева ў нас такія хударлявыя, што Богу і клопату не было з імі, ці доўга іх стварыць... А вось як гэта Бог „буржуя“ стварыў, няйначай тры дні пацеў».

Пачуць пра «храпкен» ад «пана навучыцеля»

Школьныя гады Янкі Брыля прайшлі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы. І шмат у якіх творах ён апавядае пра школу, дзе нельга было размаўляць на сваёй мове, называцца беларусам. У аповесці «Золак, убачаны здалёк» шмат аўтабіяграфічнага:

«Школа стаяла трохі наводшыбе, бліжэй да гасцінца. Стары, шэры даміна пад гонтавым дахам, з незвычайнымі для вёскі вялікімі вокнамі. Адзін пакой на ўсе тры класы, калідор, у якім мы распраналіся, і пакойчык настаўніка. Раней, для нашых бацькоў ці старэйшых сямейнікаў, школа была рускай, царкоўнапрыходскай, а для нас яна стала польскай, “паўшэхнай”, і арудаваў тут малады паляк, які нядаўна прыехаў недзе з-пад Кракава ці Жэшува, каб тут на новы лад даводзіць нам, што мы – дзеці народа без імені, без роднай мовы».

У такой школе вучыцца і Данік Малец з аповесці «Сірочы хлеб». Навучанне вядзецца на польскай. «Літары даліся хлопцу няцяжка. Толькі з дзвюма з іх Данік, як і ўсе іншыя навічкі, меў многа клопату. Нейкае “а з хвосцікам” і “э з хвосцікам”; першае трэба вымаўляць як “не то а, не то он”, а другое – “не то э, не то эн”... Так муштраваў іх настаўнік. І вымаўляць удавалася толькі яму. Малыя неўзабаве вырашылі, што тут уся справа ў носе – які ў каго нос. У пана Цабы нос быў доўгі, чырвоны, і настаўнік гугніў у яго неяк вельмі ж адмыслова. А ў іх яно так не выходзіла гладка – ні “он”, ні “эн”...»

Аднойчы вучыў Данік верш, як польскі хлопец Янэк хваліўся сваёй маме, што ён наловіць многа рыбы.

Ловіл Янэк до полудня,
Маёнц пружнон храпкэн...

І ніяк бедны Данік не мог уцяміць, што за той «храпкен»? Сваякі і сябры прапаноўвалі самыя розныя тлумачэнні – а ці не храпа гэта каня? Так і не даўмеліся.

Трапіць на анлайн-лекцыю сто гадоў таму

Бадай, самую незвычайную школу апісаў Янка Маўр у 1932 годзе ў творы «Аповесць будучых дзён». Хлопчык Юзік жыве ў панскай Польшчы. Ён з бацькамі – бяспраўныя слугі злоснага пана. Юзіку ўдаецца крадма забрацца ў самалёт і трапіць у савецкую Беларусь. Маўр не шкадуе ўтапічных фарбаў, малюючы рэальнасць, якая не мае нічога агульнага з тагачасным калгасным жыццём. Сяляне жывуць у палацах, сядзяць у касцюмчыках з гальштукамі на верандах, п’ючы каву. Догляд кароў сумяшчаюць з напісаннем навуковых артыкулаў. Трапляе Юзік і ў тамтэйшую школу, і тут застаецца падзівіцца, наколькі Маўр дакладна апісаў правядзенне сучасных анлайн-лекцый.

«Яны ўвайшлі ў пакой без акон, з радамі крэсел з экранам наперадзе. Відаць было, што гэта – кіно, толькі перад крэсламі стаялі столікі-пюпітры для пісання. Паступова крэслы запаўняліся людзьмі, галоўным чынам моладдзю, але былі людзі і больш за трыццаць гадоў.

Юзік ніяк не мог зразумець, што тут: ці школа, ці кіно і з цікавасцю чакаў, што будзе далей. Вось святло згасла. На экране паказаўся чалавек, побач з ім класная дошка. Чалавек паварушыўся трохі, абапёрся аб свой стол і... загаварыў! Загаварыў звычайным голасам, як кожны чалавек: “Мінулы раз мы з вамі спыніліся, здаецца, на раскладанні ў рады трансцэндэнтных функцый...” І пайшоў, і пайшоў крыць...

Перад слухачамі на сталах былі маленькія лямпачкі пад каптурамі. Калі іх запаліць, яны асвятлялі толькі сшыткі і больш святла не давалі. Кожны раз, калі трэба было запісваць, слухач запальваў гэтую лямпачку».

Як патлумачылі Юзіку, прафесар «Чытае лекцыі ў Менску, а тут бачаць і слухаюць. Навука даўно ўжо злучыла радыё і кіно».

Слухаць навіны з фронту і чакаць Перамогі

Калі ў школу пайшлі героі апавядання Вячаслава Адамчыка «Урок арыфметыкі», яшчэ не скончылася вайна, ва ўсім былі бачныя яе рэаліі:

«Кожнае раніцы, перад першым урокам, уся школа выстройвалася ў калідоры, і вучань з дзясятага класа, лысы і, мне здавалася, гэтакі самы стары, як усе настаўнікі, чытаў нам зводкі Саўінфармбюро. І я ўяўляў, як нашы салдаты лёгка бяруць гэтыя белыя з чырвонымі чарапічнымі дахамі нямецкія гарады, якія бачыў я на паштовых картках, што прысылаў недзе з фронту з Германіі да мае мамы яе брат – мой дзядзька.

...Наша школа пахла лякарствам, і ля плота валяліся доўгія бінты, парудзелыя ад крыві, – казалі, што ў нашай школе размяшчаўся медсанбат, – і скрозь па ямах у смецці ржавелі пустыя кулямётныя ленты, падобныя на хрыбты нейкіх страшэнных вужакаў.

За школаю едкім, удушлівым гарам пахла свежае пажарышча, і ў тонкай сасне маладою цягучаю смалою заплываў незаржавелы асколак ад бомбы.

Успамінак пра вайну прыносілі ў нашу школу і настаўнікі: на іх было ўсё вайсковае – кірзавыя боты, зялёныя не перашытыя яшчэ галіфэ, кіцелі з петлямі ад нядаўніх пагонаў.

У фізрука на галаве тонкаю маладою скуркаю дыхала глыбокая рана. Ён расказваў нам, як хадзіў у тыл да немцаў браць „языка“. Пра рану ў яго мы чамусьці не пыталіся».

Зрабіць сшыткі са шпалераў

Героі аповесці Івана Сяркова «Мы – хлопцы жывучыя» вяртаюцца ў сваю школу пасля вызвалення ад фашысцкай акупацыі, перажыўшы яе жахі.

«Мы прыбраліся ў школу, як хто мог. Санька ў новай кашулі з парашутнага палатна. Цётка Марфешка яе на пуд жыта выменяла. Смык у штанах з брызентавай салдацкай плашч-палаткі. Яны моршчацца гармонікам, і ніякай сілай іх не разраўняеш...

Кніжак мы сабе з Санькам так і не купілі. А сшыткі ёсць: два куплёныя ды яшчэ самаробныя са шпалераў. Тоўстыя, як Біблія. Старонка чыстая, старонка размаляваная блакітнымі кветкамі – пішы і любуйся...

Санька крыху багацейшы за нас з Глыжкам. Добра ж яму, калі немцы, як стаяў у іх афіцэр, абляпілі іхнюю хату белай паперай. Начальству не падабаліся абшарпаныя сцены. А цяпер, перад школай, гэта Саньку як знаходка. Пакуль маці была ў полі, ён навёў свой парадак у хаце – абадраў сцены, ні шматка не пакінуў. Было яму ад маці! Мы з хлопцамі нават на вуліцы чулі, як Марфешка крычала:

– Ах ты, лядашчэ! Ах ты, гайдамака!

Санька ўсё гэта мужна перажыў. Затое зараз і ў вус не дзьме: мае сшыткі і блакноцікі.

Так мы падрыхтаваліся да школы».

Сустрэць каханне ўсяго жыцця і быць пастрыжаным

Народны пісьменнік Іван Шамякін менавіта ў школе напаткаў каханне ўсяго свайго жыцця. У аповесці «Слаўся, Марыя!», прысвечанай нядаўна памерлай жонцы, ён распавядае гісторыю іх знаёмства.
«Школа змяшчалася ў былым папоўскім доме, два класныя пакоі, займаліся паралельна пяты і сёмы, шосты – у другую змену; “першая ступень”, як называлі малодшыя класы, вучылася ў дарэвалюцыйнай школе, маленькай, струхнелай, халоднай.

Мяне пасадзілі з двума хлопцамі, імёны якіх я не помню. Але імёны траіх дзяўчат, якія сядзелі за маёй партай, захаваліся на ўсё жыццё. Як не помніць! Маша Кротава! Ліда Блінцова, Тамара Дзегцярова.

Маша была маленькая, рыжанькая, з вялікімі блакітнымі вачамі, вельмі жывымі, выразнымі, у іx адбіваліся ўсе яе пачуцці – здзіўленне, радасць, расчараванне, крыўда. Маша была самая ціхая і самая далікатная, па-сучаснаму сказалі б – інтэлігентная. Былі такія дзеці і ў сялянскіх сем’ях».

Вось Маша Кротава і стала абранніцай будучага пісьменніка.

«Я даваў ёй – не языкатай Тамары – рашэнне задач, яна, заглядваючы праз плячо, неяк вельмі ўмела паказвала на мае памылкі ў дыктантах».

Гэты выбар быў не выпадковы... Аднойчы дырэктар школы, які неаднойчы казаў Івану Шамякіну пастрыгчыся, вырашыў здзейсніць «выхаваўчую працэдуру».

«Прынёс вялікія нажніцы – казалі, авечыя, – пасадзіў мяне на перапынку на табурэт і пачаў сам стрыгчы... Большасць вучняў зларадна смяялася – дзеці жорсткія – і кідала ўедлівыя жартачкі: «Стрыгуць, як барана». І толькі адна худзенькая дзяўчынка не смяялася, яна стаяла насупраць, на твары яе адбівалася пакута, быццам стрыглі яе самую, a ў шырокіх, заўсёды як бы здзіўленых вачах плавалі слёзы. Гэта была Маша. Яна спачувала мне, шкадавала, бадай жа, па-матчынаму. Яе спагада кранула маё «ачарсцвелае» сэрца. Расчулены, я ледзьве ўтрымаўся, каб не зараўці. І, помню, падумаў: «Во адзіны сапраўдны сябра. Даражэй за сястру. Цяпер адной ёй буду паказваць рашэнне задач».

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вызваленне Беларусі на старонках перыядычнага друку

2 Май 2024

З 2 мая па 12 ліпеня ў чытальнай зале міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента (пам. 164) будзе экспанавацца выстава “Вызваленне Беларусі на старонках перыядычнага друку”, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам