ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Запрашаем у вандроўку ад Нёмана да Ціхага акіяна
Адкрыты тэставы доступ да баз даных выдавецтва Sage Publishing

Даследчык Далёкага Усходу

Даследчык Далёкага Усходу
Іншыя навіны

4 красавіка спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Антонавіча Гашкевіча (1814–1875), даследчыка Далёкага Усходу, лінгвіста, вучонага-натураліста, першага расійскага консула ў Японіі.

Іосіф Гашкевіч нарадзіўся ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні (цяпер – Хойніцкі раён Гомельскай вобласці) у сям’і святара. Бацька Іосіфа, Антоній Гашкевіч, быў настаяцелем Свята-Міхайлаўскай царквы ў Стралічаве, сябраваў з Іаанам Грыгаровічам.

Пасля заканчэння царкоўнапрыходскай школы І.А. Гашкевіч працягваў адукацыю ў Мінскай духоўнай семінарыі. У ліку двух лепшых выпускнікоў быў накіраваны на вучобу ў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, якую скончыў у 1839 г. Атрымаў званне магістра багаслоўя, але святарскага сану не прыняў. У якасці перакладчыка быў залічаны ў склад Рускай духоўнай місіі ў Пекіне.

За час працы ў Пекіне (1839–1849) Іосіф Антонавіч вывучаў кітайскую, маньчжурскую, карэйскую, мангольскую мовы, азнаёміўся з мастацтвам, помнікамі архітэктуры Кітая. Ён займаўся астранамічнымі і метэаралагічнымі назіраннямі, справаздачы дасылаў у Галоўную астранамічную абсерваторыю ў Санкт-Пецярбургу. Акрамя гэтага даследаваў этнаграфію і прыроду Кітая, сабраў унікальную калекцыю насякомых (захоўваецца ў Заалагічным музеі Заалагічнага інстытута Расійскай акадэміі навук). Вынікі працы публікаваў у навуковых зборніках. У першым томе фундаментальнага даследавання “Труды членов Российской духовной миссии в Пекине” змешчаны яго артыкул “Способ приготовления туши, белил и румян у китайцев”. За дыпламатычную дзейнасць у Кітаі Іосіф Гашкевіч быў узнагароджаны ордэнам св. Станіслава ІІІ ступені.

У 1852 г. Іосіф Антонавіч Гашкевіч на фрэгаце “Палада” як перакладчык і саветнік у складзе дыпламатычнай экспедыцыі адмірала Я.В. Пуцяціна адправіўся ў кругасветнае падарожжа. Пра яго цудоўна напісана ў кнізе “Фрегат Паллада” І.А. Ганчарова, вядомага рускага пісьменніка, удзельніка экспедыцыі. Яны наведалі Англію, некаторыя краіны Афрыкі, Кітай, Японію. У 1855 г. І.А. Гашкевіч меў дачыненне да падпісання Сімодскага трактата – першага дыпламатычнага і гандлёвага дагавора паміж Расіяй і Японіяй.

Gashkevich2.jpg

Падчас знаходжання ў Японіі ён выканаў вялікі аб’ём навукова-даследчых работ, з дапамогай будыйскага бонзы Тацібана но Каасая пачаў здзяйсняць даўнюю мару – складаць “Русско-японский словарь” (апублікаваны ў 1857 г., адзначаны ордэнам Святой Ганны ІІ ступені, Дзямідаўскай прэміяй, залатым медалём Імператарскай Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук).

Gashkevich3.jpg

У 1858 г. І.А. Гашкевіч быў назначаны першым расійскім консулам у Японію. Яго навукова-асветніцкая і дыпламатычная дзейнасць была скіравана на тое, каб далучыць японцаў да еўрапейскай культуры: пазнаёміць з асновамі фартыфікацыі, мараплавання, суднабудавання, медыцыны і інш. Адной з важных задач было распаўсюджванне ў Японіі рускай мовы. З гэтай мэтай у гарадах Хакадатэ (менавіта там размясцілася консульства) і Нагасакі былі створаны рускія школы. Дзякуючы намаганням консула быў пабудаваны першы праваслаўны храм у Японіі, дзе з 1861 г. настаяцелем служыў будучы архіепіскап Мікалай Японскі. І сёння ў краіне ўзыходзячага сонца існуе заснаваная І.А. Гашкевічам школа фатаграфіі.

У Санкт-Пецярбург даследчык вярнуўся ў 1865 г. Некаторы час служыў у Міністэрстве замежных спраў Расійскай Імперыі. Калі выйшаў у адстаўку, жыў у невялікім маёнтку Малі ў Віленскай губерні (цяпер – Астравецкі раён Гродзенскай вобласці), дзе працягваў займацца ўсходняй філалогіяй: напісаў фундаментальную працу “О корнях японского языка” (выдадзена ў Вільні ў 1899 г.).

Gashkevich4.jpg

20 гадоў жыцця вучоны правёў у чужых краінах. Ён пакінуў пасля сябе працы па японазнаўстве, калекцыі і гербарыі, унікальную бібліятэку, якая ўключае больш за 1 340 ксілагравюр і старадрукаў, 47 лістоў геаграфічных карт і інш. Багатая навуковая спадчына І.А. Гашкевіча захоўваецца ў фондах Інстытута ўсходазнаўства Санкт-Пецярбургскага філіяла Расійскай акадэміі навук.

У памяць Іосіфа Антонавіча ў Хакадатэ пастаўлены помнік, створаны музей. Яго імя ўвекавечана на геаграфічнай карце свету: у гонар дыпламата названы заліў у Паўночнай Карэі. У Беларусі існуюць таварыства “Памяць пра І.А. Гашкевіча”, японска-беларуска-рускі фонд. У в. Малі ўстаноўлены памятны знак, у г. Астраўцы ўзведзены помнік, адна з вуліц Мінска названа яго імем. Імя славутага сына Беларусі было ўключана ў спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2014–2015 гг.

Gashkevich5-6.jpg

Больш інфармацыі пра таленавітага вучонага можна знайсці, калі звярнуцца да рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: электроннага каталога і анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вадзім Гігін узяў удзел у “Central Asia – 2024”

16 Май 2024

16 мая ў горадзе Джызак (Рэспубліка Узбекістан) пачала сваю працу XVII Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2024: інтэрнэт і інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы ў навуцы, адукацыі, культуры і бізнесе”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Самаркандзе адбылася міжнародная канферэнцыя бібліятэкараў СНД

15 Май 2024

15 мая генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі бібліятэкараў СНД “Бібліятэчная Садружнасць: партнёрства і інавацыі”, якая прайшла ў рамках міждзяржаўнай праграмы “Самарканд – культурная сталіца СНД – 2024”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам