ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Мы бачым свет пачуццямі
Сучасныя рашэнні для аддаленага доступу да электронных інфармацыйных рэсурсаў

Вядомаму этнографу і фалькларысту – 200 гадоў

Вядомаму этнографу і фалькларысту – 200 гадоў
Іншыя навіны

12 лістапада – юбілей шырока вядомага даследчыка і папулярызатара беларускай гісторыі, этнаграфіі і фальклору Паўла Міхайлавіча Шпілеўскага (1823–1861).

Павел Шпілеўскі належаў да таго пакалення беларускай інтэлігенцыі,
у якім абуджалася цікавасць да каранёў, гісторыі і культуры
беларускага народа, яго паэтычнай творчасці.

В.П. Шамаў

Павел Шпілеўскі нарадзіўся ў вёсцы Шыпілавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні ў шматдзетнай сям’і святара. Яго няняй была прыгонная сялянка Агаф’я Касьмінава. Менавіта ад яе, цудоўнай апавядальніцы, маленькі хлапчук упершыню пачуў беларускія народныя песні, казкі і загадкі. Дзяцінства і юнацтва праходзіла сярод простых сялян, ён бачыў вяселлі і хрэсьбіны, бываў на кірмашах і ігрышчах, на хаўтурах і памінках, на Калядах і Купаллі, заслухоўваўся песнямі, народнай гаворкай. Так прыйшло захапленне вусна-паэтычнай творчасцю, што і вызначыла асноўны кірунак яго будучай дзейнасці.

У 1837 годзе юнак паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, якая знаходзілася ў Слуцку. У час навучання ён запісваў мясцовыя песні, казкі, легенды, паданні. Пасля заканчэння семінарыі Павел працягнуў вучобу ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, не пакідаючы пры гэтым этнаграфічных пошукаў. У 1845 годзе ён склаў “Словарь белорусского наречия”, а ў наступным годзе было апублікавана першае самастойнае даследаванне “Белорусские народные предания” і “Белорусские народные поверья”.

У 1847 годзе П. Шпілеўскі закончыў акадэмію ў званні кандыдата багаслоўя, аднак ад царкоўнай кар’еры адмовіўся і прыняў рашэнне прысвяціць сябе выкладчыцкай працы. Адначасова ён плённа займаўся вывучэннем беларускай этнічнай культуры, кожны год падарожнічаў па беларускім краі, вывучаў народную гаворку, побыт і духоўную культуру жыхароў.

Апублікаваныя ў 1846–1860 гады нарысы, этнаграфічныя артыкулы, гістарычныя і філалагічныя працы П. Шпілеўскага – вынік яго карпатлівых даследаванняў. “Народные пословицы с объяснением происхождения и значения их”, “Исследование о вовколаках на основании белорусских поверий”, “Свадебные обряды у застенковцев (околичан) Витебской губернии”, “Западнорусские очерки”, “Мазыршчына: (з падарожжа па заходнярускім краі)”, “Поездка в западные губернии” і іншыя працы друкаваліся на старонках навуковых і папулярных расійскіх часопісаў, выходзілі асобнымі выданнямі. У этнаграфічных працах Павел Міхайлавіч не толькі апісваў звычаі, абрады, але і шмат увагі аддаваў лінгвістычнай характарыстыцы з’яў, асаблівасцям беларускай мовы.

Shpilevsky_2-4.jpg

Самае значнае месца ў творчай спадчыне П. Шпілеўскага займаюць цыклы белетрыстычных нарысаў “Путешествие по Полесью и белорусскому краю” і “Белоруссия в характерических описаниях и фантастических поверьях”. Яны выдзяляюцца вялікім па аб’ёме сістэматызаваным геаграфічным, гістарычным, этнаграфічным матэрыялам і лічацца самымі буйнымі працамі ў беларускай фалькларыстыцы 50–60-х гадоў ХІХ стагоддзя. Нарысы прынеслі аўтару вядомасць і прызнанне ў навуковым асяроддзі.

Вучоны праявіў сябе і як празаік: ён аўтар казкі “Волшебные яблоки”, кнігі “Западнорусские очерки”, аповесцей “Цыганёнок”, “Седая маска” і п’есы “Дожинки”. Павел Міхайлавіч выступаў і ў ролі таленавітага крытыка: у гады супрацоўніцтва ў часопісе “Театральный и музыкальный вестник” апублікаваў шэраг артыкулаў, прысвечаных тэатральнаму жыццю ў розных кутках беларускага краю.

Творчая спадчына вядомага этнографа сведчыць аб усебаковасці яго таленту, выразна адлюстроўвае беларускі каларыт, светапогляды і традыцыі беларусаў. Увогуле творчасць П. Шпілеўскага разглядаецца спецыялістамі як першая грунтоўная спроба канструявання вобраза Беларусі. Па меркаванні вядомага даследчыка беларускай традыцыйнай культуры І. Цішчанкі, фальклорна-этнаграфічныя працы П. Шпілеўскага сталі сапраўдным адкрыццём беларускага краю для рускай грамадскасці, а сам аўтар выступаў гарачым патрыётам зямлі, на якой нарадзіўся і вырас. Іван Кірылавіч Цішчанка адзначаў таксама, што з часоў Францыска Скарыны тэма беларускага патрыятызму не гучала з такой сілай і грамадзянскасцю.

Інфармацыю аб жыцці і дзейнасці Паўла Міхайлавіча Шпілеўскага можна знайсці ў інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: электронным каталогу і анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вадзім Гігін узяў удзел у “Central Asia – 2024”

16 Май 2024

16 мая ў горадзе Джызак (Рэспубліка Узбекістан) пачала сваю працу XVII Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2024: інтэрнэт і інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы ў навуцы, адукацыі, культуры і бізнесе”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Самаркандзе адбылася міжнародная канферэнцыя бібліятэкараў СНД

15 Май 2024

15 мая генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі бібліятэкараў СНД “Бібліятэчная Садружнасць: партнёрства і інавацыі”, якая прайшла ў рамках міждзяржаўнай праграмы “Самарканд – культурная сталіца СНД – 2024”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам