ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўстанавіла супрацоўніцтва з Цзінанскай гарадской бібліятэкай
Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў “Ленінку”

Віншуем з 80-годдзем Тамару Аляксандраўну Макавец!

Віншуем з 80-годдзем Тамару Аляксандраўну Макавец!
Іншыя навіны

Тамара Аляксандраўна нарадзілася ў вёсцы Стрыхароўшчына Нясвіжскага раёна Баранавіцкай вобласці (цяпер – Мінская вобласць).

Па заканчэнні сярэдняй школы дзяўчына паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага (цяпер – Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Паспяхова скончыла ВНУ ў 1963 годзе па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства і бібліяграфія”.

З гэтага ж года пачаўся яе працоўны шлях у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі, НББ). Была на гэтым шляху праца ў розных аддзелах: абслугоўвання, навукова-бібліяграфічным, даведачна-інфармацыйным, апрацоўкі і каталогаў, вядзення нацыянальнай базы даных аўтарытэтных запісаў на пасадах ад бібліятэкара да галоўнага спецыяліста і кіраўніка сектара.

Тамара Аляксандраўна – гэта заўсёды ўдумлівы, творчы чалавек, зацікаўлены ў якасці выкананай працы. Для яе быў цікавым і важным вопыт у любым кірунку бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці!

Сваім непасрэдным удзелам яна магла забяспечыць выключны парадак, прадуманую стратэгію развіцця, бліскучае выкананне любога праекта нашай галіны. 

Makovets_1.jpg

Аднак выбар Тамары Аляксандраўны спыніўся на адным са складаных і працаёмкіх працэсаў, які патрабуе лагічнасці мыслення, добрай сэнсавай памяці, умення праводзіць змястоўны і семантычны аналіз інфармацыі, змешчанай у дакументах, пры ўмове нястомнага самаўдасканалення і інтэлектуальнага росту. Гэтым напрамкам работы для яе на доўгія гады стала каталагізацыя дакументаў.

Т.А. Макавец стаяла ля вытокаў найважнейшых падзей у галіне каталагізацыйнай практыкі бібліятэк нашай краіны. Спачатку была сістэматызацыя найбольш складанага ў частцы змястоўнага аналізу дакументнага патоку, які патрабуе высокага прафесіяналізму, смеласці і ўпэўненасці ў прыняцці класіфікацыйных рашэнняў.

У перыяд з 1979 па 1984 год Тамара Аляксандраўна адказвала за ўкараненне Расійскай бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі (ББК) у практыку работы беларускіх бібліятэк. Т.А. Макавец з’яўляецца распрацоўшчыцай і складальніцай тэарэтычных матэрыялаў і метадычных рэкамендацый па пераводзе фондаў і каталогаў масавых бібліятэк БССР на табліцы ББК, вядзенні алфавітна-прадметнага паказальніка да сістэматычнага каталога. 

Makovets_2.jpg У сярэдзіне 1980-х гадоў кіравала камісіяй па каталогах пры дырэкцыі НББ. Чытала лекцыйны курс па ББК і арганізацыі сістэматычнага каталога ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры (цяпер – Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”).

У 1990-я гады пачалося ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у дзейнасць бібліятэк Беларусі. Тамара Аляксандраўна актыўна ўключылася ў працу па ўкараненні аўтаматызаваных працэсаў у тэхналогію бібліяграфічнай дзейнасці НББ і бібліятэк краіны. У перыяд з 1995 па 2003 год кіравала групай лінгвістычнага забеспячэння электроннага каталога Нацыянальнай бібліятэкі. У яе абавязкі ўваходзіў лінгвістычны аналіз, нармалізацыя лексічных адзінак для напаўнення тэматычнага слоўніка, а затым – фарміраванне аўтарытэтных запісаў для пошукавай сістэмы НББ, Зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі.

Makovets_3.jpg Тамара Аляксандраўна Макавец была адным з пачынальнікаў распрацоўкі “Беларускага камунікатыўнага фармату прадстаўлення аўтарытэтных/нарматыўных запісаў у машыначытальнай форме (BELMARC/AUTHORITIES)”, “Інструкцыі па складанні ў фармаце BELMARC/AUTHORITIES аўтарытэтных запісаў на найменні прадметаў”. Яна з’яўляецца непасрэдным стваральнікам, рэдактарам аўтарытэтных запісаў на адзін са значных для ажыццяўлення інфармацыйнага пошуку аб’ектаў – “тэматычны прадмет”. Т.А. Макавец – аўтар публікацый па пытаннях індэксавання ўваходнага патоку дакументаў для фарміравання масіваў электроннага каталога.

Прафесіяналізм Тамары Аляксандраўны быў адзначаны ганаровымі граматамі Міністэрства культуры СССР (1980), Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1997) і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (2007).

Многія гады Т.А. Макавец працавала ў аддзеле, які суправаджае лінгвістычнае забеспячэнне інфармацыйна-пошукавых сістэм бібліятэкі і ў цэлым нашай краіны (з ліпеня 2021 г. – аддзел індэксавання дакументаў і вядзення нацыянальнай базы даных аўтарытэтных запісаў). Праца ў гэтым кірунку стала для Тамары Аляксандраўны прафесійнай асалодай і сэнсам знаходжання ў сценах бібліятэкі. 

Makovets_4.jpg
На ўрачыстасцях, прысвечаных 100-годдзю НББ.
Тамара Аляксандраўна другая справа

Працоўны партрэт Тамары Аляксандраўны Макавец быў бы недастатковым без згадкі пра яе чалавечыя якасці, жыццёвыя ўстаноўкі і перавагі. Вядома, мы не можам і не павінны ведаць аб усіх патайных жаданнях і сімпатыях Тамары Аляксандраўны, тым больш – раскрываць усе, нам вядомыя.

Некаторыя з іх мы ўсё ж палічылі магчымым прадставіць калегам. Гэта цвёрдасць характару, прынцыповасць і, часам, бескампраміснасць у суседстве з добразычлівымі, спагадлівымі адносінамі да людзей, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Гэта яе любоў да чысціні і парадку ў побыце і на працоўным месцы, уменне выбіраць і карыстацца патрэбнымі, прыгожымі і дыхтоўнымі рэчамі, імкненне да здаровага ладу жыцця. Ведаем таксама па меншай меры аб двух жаданнях Тамары Аляксандраўны, якім удалося ажыццявіцца: наведаць Фінляндыю і мець у дамашняй бібліятэцы альбом любімага мастака Хэрлуфа Бідструпа.

У чэрвені 2023 года пасля 60-гадовай службы бібліятэцы Т.А. Макавец перайшла да новага для сябе, нязвыклага і незвычайнага стану – сузірання, асэнсавання, асалоды ў жыцці, літаратуры, мастацтве, словам, да няспешнага і размеранага жыцця на пенсіі. 

Віншуем нашу дарагую і паважаную калегу Тамару Аляксандраўну Маковец з юбілеем! Зычым ёй здароўя, свежых сіл, выканання ўсіх надзей і спадзяванняў, цікаўных інтэлектуальных знаходак і адкрыццяў, новых прыемных уражанняў ад навакольнага свету, якія ніколі, н-і-к-о-л-і не канчаюцца!

Матэрыял падрыхтаваны Святланай Пугачовай, вядучым метадыстам
аддзела індэксавання дакументаў і аўтарытэтнага кантролю.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вадзім Гігін узяў удзел у “Central Asia – 2024”

16 Май 2024

16 мая ў горадзе Джызак (Рэспубліка Узбекістан) пачала сваю працу XVII Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2024: інтэрнэт і інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы ў навуцы, адукацыі, культуры і бізнесе”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Самаркандзе адбылася міжнародная канферэнцыя бібліятэкараў СНД

15 Май 2024

15 мая генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі бібліятэкараў СНД “Бібліятэчная Садружнасць: партнёрства і інавацыі”, якая прайшла ў рамках міждзяржаўнай праграмы “Самарканд – культурная сталіца СНД – 2024”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам