Экскурсія з цыкла “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, прысвечаная жыццёваму і творчаму шляху Францішка Багушэвіча, аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры, адрасавана ў першую чаргу навучэнцам і студэнтам, а таксама ўсім зацікаўленым гістарычнай і культурнай спадчынай беларускай зямлі.
Падчас экскурсіі наведвальнікі знаёмяцца з архітэктурнымі асаблівасцямі будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, яе інфармацыйнымі рэсурсамі і паслугамі, даследуюць прынцып работы электроннага каталога на прыкладзе пошуку твораў Францішка Багушэвіча.
Частка экскурсіі праходзіць у форме інтэрактыўных заняткаў з выкарыстаннем прэзентацыі, якая распавядае аб жыццёвым і творчым шляху Францішка Багушэвіча. Увазе экскурсантаў прапануецца кніжная выстава твораў аўтара з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У экспазіцыі яны могуць убачыць рарытэтныя выданні пачатку XX стагоддзя зборнікаў “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”, газеты і часопісы канца XIX стагоддзя з публікацыямі Францішка Багушэвіча.
Напрыканцы заняткаў экскурсантам даецца магчымасць замацаваць атрыманыя веды з дапамогай творчых заданняў.