Сярэдневяковая Беларусь зазнала шматбаковы ўплыў італьянскага Адраджэння, якое паслужыла ідэалагічнай асновай развіцця мастацтваў, навукі і тэхналогій. Найбольшая роля ў гэтым належала выяўленчаму мастацтву і кнізе. Працы творцаў Адраджэння набываліся аматарамі жывапісу і скульптуры, а выданні антычных і рэнесансных аўтараў займалі паліцы прыватных збораў. На Беларусь кнігі прывозіліся маладымі людзьмі, якія вучыліся ў заходніх універсітэтах, а таксама заможнымі асобамі, якія збіралі свае прыватныя бібліятэкі.
На выстаўцы прадстаўлены старадрукі, выдадзеныя ў Італіі ў другой палове XV – XVI ст. Гэта час росквіту італьянскай кнігі. Італьянскі друк другой паловы XV ст. прадстаўлены такімі сусветна вядомымі інкунабуламі, як Rolewinck, Werner. Fasciculus temporum (Venezia, 1485), Dante Alighieri. La commedia (Firenze, 1481), Plutarchus. Vitae illustrium virorum (Venezia, 7 XII 1491) і інш.
Найбольш цікавым з італьянскіх першадрукаў з’яўляецца выданне знакамітага паэта Італіі Дантэ Аліг’еры "Боская камедыя" (Фларэнцыя, 1481). Гэта выданне – адзін з ранніх прыкладаў прымянення ў кнізе медзярыту і першая спроба размясціць ілюстрацыю ў тэксце, а не на асобным аркушы, што значна ўскладняла друк. Гравюры выкананы фларэнцыйскім гравёрам Бачыо Балдыні паводле малюнкаў вядомага італьянскага мастака Сандра Батычэлі.
Найбольш значным цэнтрам кніжнай вытворчасці ў XVІ ст. была Венецыя. Сярод венецыянскіх палеатыпаў дэманструюцца кнігі знакамітага італьянскага друкара Рэнесанса – Альда Мануцыя, заснавальніка выдавецкай фірмы Альдаў, якая праіснавала каля стагоддзя. Яго выданні, “альдзіны”, лёгка пазнаць па друкарскай марцы – выяве дэльфіна, які абвівае якар.
У экспазіцыі прадстаўлены італьянскія старадрукі з творамі антычных аўтараў (Арыстоцеля, Плутарха, Цыцэрона і інш.). Дэманструюцца кнігі італьянскіх аўтараў, у тым ліку паэта і вучонага-гуманіста Франчэскі Петраркі, пісьменніка, дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Нікало ды Бернарда Макіявелі.