Выстаўка была прымеркавана да 1020-годдзя Хрышчэння Русі.
У Х ст. разам з хрысціянствам на ўсходнеславянскіх землях узнікла пісьменства і першыя рукапісныя кнігі. Святыя браты Кірыл і Мяфодзій сталі стваральнікамі славянскага алфавіта. Яны пераклалі богаслужбовыя кнігі Свяшчэннага Пісання з грэчаскай на славянскую мову. Гэтыя падзеі сталі вызначальнымі для развіцця ўсходнеславянскай кніжнасці.
На выстаўцы былі прадстаўлены найбольш каштоўныя экзэмпляры кірылічнай рукапіснай і старадрукаванай праваслаўнай кнігі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Першы раздзел выстаўкі знаёміў з унікальнымі рукапіснымі помнікамі XVI–XVIІ стст., сярод якіх евангеллі, служэбнікі, жыціі святых, зборнікі слоў і павучэнняў, у тым ліку і беларускага паходжання.
У другім раздзеле выстаўкі дэманстраваліся кірылічныя старадрукаваныя кнігі XVI–XVIІ стст. найбольш вядомых друкарскіх цэнтраў Беларусі (у Вільна, Магілёве, Супраслі, Куцейна, Гродна), Расіі (у Маскве), Украіны (у Кіеве, Львове, Чарнігаве).
Асаблівае месца ў экспазіцыі займалі арыгіналы кніг Пражскай Бібліі (1517–1519) беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны; сапраўдны шэдэўр друкарскага мастацтва XVI ст. – Евангелле Пятра Мсціслаўца (1575), першае выданне віленскай друкарні братоў Мамонічаў. Каштоўным экспанатам стала Астрожская Біблія (1581), надрукаваная Іванам Фёдаравым – першы поўны друкаваны пераклад Бібліі на царкоўнаславянскую мову.
У апошнім раздзеле выстаўкі былі прадстаўлены сучасныя выданні кніг Свяшчэннага Пісання.
![]() |
![]() |
![]() |