У 2015 годзе за кошт бюджэтных сродкаў збор Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўніўся рэдкімі помнікамі айчыннай і еўрапейскай кніжнай культуры і архіўнымі матэрыяламі.
Было набыта больш за 200 заходнееўрапейскіх старадрукаў ХVІ–ХVІІІ стст. і рэдкіх выданняў, рукапісных і архіўных матэрыялаў, а таксама выдавецкай прадукцыі пачатку ХХ ст., якая адлюстроўвае гісторыю Беларусі.
Сярод здабыткаў – рукапісная кніга XVIII ст. з уладальніцкім запісам 1790 г. аб прыналежнасці касцёлу на тэрыторыі Беларусі, комплекс архіўных матэрыялаў пачатку ХХ ст. на польскай і рускай мовах, якія датычацца парафіі ў Старых Васілішках Віленскай губерні, а таксама матэрыялы і фотаздымкі перыяду 1938–1945 гг. ураджэнца Віцебшчыны, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны К.І. Ломача.
Найбольш старажытным друкаваным помнікам кніжнай культуры з новых паступленняў з’яўляецца венецыянскае выданне Бібліі 1548 г.
Калекцыя заходнееўрапейскіх старадрукаў значна папоўнілася выданнямі XVIІ ст. знакамітых нідэрландскіх і галандскіх друкароў і выдаўцоў Плантэнаў і Эльзевіраў. Асаблівую цікавасць уяўляюць асобнік знакамітага твора К. Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі…” (“Grand art d’Artillerie…”), які мае два тытульныя аркушы, а таксама выданні, пазначаныя несапраўднымі выходнымі звесткамі, якімі ў сярэдзіне XVIІ ст. карысталіся Эльзевіры. Цудоўнымі прыкладамі выдавецкага майстэрства XVIІ–XVIІІ стст. з’яўляецца кніжная прадукцыя іншых друкароў Амстэрдама, Жэневы, Лейпцыга, Парыжа, Лондана, Прагі.
Сярод старадрукаваных і рэдкіх выданняў вылучаюцца асобнікі з экслібрысамі, пячаткамі і правененцыямі ўладальнікаў беларускіх кніжных збораў – прадстаўнікоў родаў Радзівілаў і Гутэн-Чапскіх.
Асобны комплекс складаюць высакаякасныя факсімільныя выданні. Сярод іх шэсць тамоў рэдкага калекцыйнага факсіміле першага ў гісторыі сусветнай картаграфіі атласа гарадоў XVI ст. – “Гарады зямнога свету” (“Civitates Orbis Terrarum”) Ф. Хогенберга і Г. Браўна і адзін экзэмпляр навуковых каментарыяў да іх.
Тэлефон для даведак (8 017) 293 27 22.