Выстаўка прымеркавана да 125-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Арганізатары – Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.
Максім Багдановіч (1891–1917) – гонар і слава беларускай літаратуры. Яго імя заслужана стаіць побач з імёнамі класікаў беларускай і сусветнай літаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Надзелены рэдкім, незвычайным талентам, ён стаў вядомым не толькі як арыгінальны і непаўторны мастак слова, паэт-наватар, але і як цудоўны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, глыбокі гісторык і тэарэтык літаратуры, пісьменнік-публіцыст і празаік.
Максім Багдановіч – вялікі нацыянальны паэт, дзеяч беларускага Адраджэння, які выпрацаваў сваю арыгінальную мадэль “беларускага шляху”, яго творчая спадчына – істотная частка духоўнай культуры беларускага народа.
На выстаўцы прадстаўлены кніжныя зборы і архіўныя дакументы па ўшанаванні памяці класіка беларускай літаратуры, якое пачалося ўжо з першай гадавіны яго смерці і доўжыцца да сённяшняга дня.
У экспазіцыі дэманструюцца выданні 1907–1917 гг., экзэмпляры з аўтографамі паэта і архіўныя матэрыялы. Сярод іх – адзіны прыжыццёвы зборнік “Вянок” з аўтарскім дароўным надпісам, асобныя выданні твораў Максіма Багдановіча, некаторыя матэрыялы перыядычнага друку, дакументы з асабістага архіва бібліёграфа і літаратуразнаўцы Н.Б. Ватацы, а таксама пратаколы пасяджэнняў, указы і пастановы аб прысваенні імя Максіма Багдановіча вуліцам, школам, бібліятэкам краіны, дакументы аб стварэнні музеяў, помнікаў беларускаму паэту і інш.
Выстаўка працуе з 22 лістапада да 31 снежня 2016 г.