З 18 мая ў музеі кнігі дзейнічае “Выстаўка адной кнігі”, прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў і прысвечаная 695-годдзю аднаго з найвялікшых твораў еўрапейскай цывілізацыі – “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры.
Дантэ Аліг’еры (1265–1321) – вялікі італьянскі паэт, мысліцель, багаслоў, адзін з заснавальнікаў літаратурнай італьянскай мовы, палітычны дзеяч. Яго творчасць аказала вялікі ўплыў на развіццё еўрапейскай культуры, дала пачатак новай эпосе – ранняму Адраджэнню.
Творчая спадчына Дантэ Аліг’еры ўключае філасофскія трактаты, публіцыстыку, лірыку. Ён ўвайшоў у гісторыю сусветнай літаратуры як аўтар “La commedia” (“Камедыі”, 1307–1321) – сапраўднай паэтычнай энцыклапедыі навуковых, палітычных, маральна-філасофскіх і багаслоўскіх ведаў, якая стала вяршыняй літаратурнай дзейнасці італьянскага паэта і праславіла яго на стагоддзі.
У паэме прадстаўлена падарожжа Дантэ па трох царствах незямнога свету. “Боская камедыя” – гэта і асабістая драма паэта, і алегарычнае апісанне гісторыі Фларэнцыі і сусвету, а таксама сімвалічны шлях чалавецтва да ісціны.
На выстаўцы прадстаўлена фларэнтыйскае выданне паэмы 1481 г. (Dante Alighieri. La comedia. Firenze, 1481). Адно з першых ілюстраваных выданняў з каментарыямі надрукавана ў родным горадзе паэта. Гравюры на метале выкананы па матывах малюнкаў знакамітага мастака эпохі Адраджэння Сандра Батычэлі.
Дэманструецца і пераклад паэмы на рускую мову Міхаіла Лазінскага, які лічыцца класічным (Дзяржаўная прэмія, 1946), а таксама поўны пераклад твора на беларускую мову Уладзіміра Скарынкіна (1997).
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 22.
![]() |
![]() |