ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйМіжнародныя адукацыйныя і навуковыя праграмы, стыпендыі, грантыМіжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для студэнтаў

Міжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для студэнтаў

У гэтым раздзеле прапануецца інфармацыя пра замежныя і міжнародныя праграмы акадэмічнай мабільнасці, конкурсы стыпендый і грантаў для навучання за мяжой, у якіх могуць удзельнічаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Вышаградская стыпендыяльная праграма

Вышаградскі фонд, заснаваны ўрадамі чатырох краін Цэнтральнай Еўропы, прапануе магістрантам і выпускнікам магістратуры магчымасць навучання і правядзення паслядыпломных даследчых праектаў ва ўніверсітэтах краін Вышаградскай групы: Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі. Для падачы заяўкі прэтэндэнтам неабходна загадзя выбраць акрэдытаваную навучальную ўстанову і прыкласці яе пісьмовае пацверджанне аб прыёме на навучанне. Працягласць праграм для магістрантаў складае 1–4 семестры, постмагістарскіх праграм – 1–2 семестры.

Прыём заявак да 15 сакавіка (штогод).

Гранты на падарожжы – Фонды Бёрынгер Інгельхайм

Фонды Бёрынгер Інгельхайм (Германія) прапануюць гранты на падарожжы працягласцю да 3 месяцаў маладым даследчыкам, якія працуюць над магістарскімі, кандыдацкімі (PhD) або постдоктарскімі эксперыментальнымі праектамі ў галіне біямедыцыны. Праграма прызначана для фінансавання кароткатэрміновых паездак з мэтай правядзення даследаванняў у рамках праекту ці ўдзелу ў практычных навуковых семінарах у Еўропе і па-за яе межамі. На гранты могуць прэтэндаваць студэнты і аспіранты, якія паступілі ва ўніверсітэт не больш за 11 год таму, і даследчыкі з кандыдацкай ступенню, якія паступілі ва ўніверсітэт не больш за 13 год таму.

Прыём заявак: не пазней за 6 тыдняў і не раней за 6 месяцаў да планаванай паездкі.

Нацыянальная стыпендыяльная праграма Славацкай Рэспублікі

Стыпендыя ўрада Славацкай Рэспублікі створана для падтрымкі мабільнасці замежных студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, аспірантаў, вучоных і дзеячаў мастацтва і вылучаецца для праходжання вучэбнай, выкладчыцкай, навукова-даследчай або мастацкай стажыроўкі ў ВНУ і навукова-даследчых арганізацыях Славакіі.

Прыём заявак:

  • да 31 кастрычніка – для стажыроўкі на працягу летняга семестра бягучага навучальнага года;
  • да 30 красавіка – для стажыроўкі на працягу наступнага навучальнага года.

Праграма Stipendium Hungaricum на 2024/2025 гг.

Міжнародная стыпендыяльная праграма ўрада Венгрыі Stipendium Hungaricum прапануе звыш 1200 навучальных курсаў у розных акадэмічных галінах, у тым ліку праграмы для атрымання ступені бакалаўра, магістра і доктара (PhD). Удзельнікі могуць прэтэндаваць на навучальныя курсы ў адпаведнасці з партнёрскім пагадненнем, заключаным упаўнаважанай арганізацыяй іх краіны. Адначасова можна выбраць не больш за два варыянты праграмы ў 28 вышэйшых навучальных установах Венгрыі. Заяўка падаецца ў партнёрскую арганізацыю ў адпаведнасці з прынятымі ёю тэрмінамі і правіламі, а таксама праз электронную форму на сайце праграмы. Мова навучання – пераважна англійская.

Прыём заявак: да 15 студзеня 2024 г., 14:00 па CET.

Стажыроўка ва Упраўленні Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) прапануе праграму стажыроўкі, накіраваную на павышэнне дасведчанасці ў галіне праў чалавека на міжнародным узроўні і фарміраванне ўяўлення пра дзейнасць ААН. Працягласць стажыроўкі – ад 2 да 6 месяцаў. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты старэйшых курсаў і выпускнікі ВНУ па спецыяльнасцях: міжнароднае права, паліталогія, гісторыя, сацыялогія. Кандыдаты павінны валодаць хаця б дзвюма з шасці афіцыйных моў ААН.

Прыём заявак да 30 красавіка і да 31 кастрычніка (штогод).

Стажыроўка ў Інтэрполе

Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі (Інтэрпол) праводзіць набор студэнтаў на стажыроўкі, якія будуць праходзіць у Генеральным сакратарыяце арганізацыі ў Ліёне (Францыя) або ў рэгіянальных бюро. Стажоры атрымаюць магчымасць азнаёміцца з дзейнасцю Інтэрпола, даведацца пра прынцыпы міжнароднага паліцэйскага супрацоўніцтва і папрацаваць у мультыкультурным асяроддзі. Працягласць стажыровак – ад 6 да 11 месяцаў. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты або выпускнікі ВНУ па дысцыплінах, сумежных з дзейнасцю Інтэрпола.

Прыём заявак – на працягу года.

Стыпендыі Каталіцкага фонду акадэмічных абменаў (Германія)

Каталіцкі фонд акадэмічных абменаў у рамках праграмы “Усходняя Еўропа” прапануе стыпендыі для навучання, павышэння навуковай кваліфікацыі або правядзення даследаванняў у Германіі для студэнтаў-хрысціян, выпускнікоў ВНУ і маладых вучоных з Беларусі. Стыпендыяты могуць самастойна выбраць навучальную ці навуковую ўстанову Германіі. Абмежаванняў у выбары спецыяльнасці або дысцыпліны няма. Патрабуецца добрае веданне нямецкай мовы.

Прыём заявак да 15 студзеня і 30 чэрвеня (штогод).

Бібліятэкарам