ГалоўнаяМерапрыемствыВяртанне да спадчыны
Запрашаем на музейныя чытанні “Сустрэча з казкай”
Родная мова – духоўная спадчына народа

Вяртанне да спадчыны

Вяртанне да спадчыны
Іншыя мерапрыемствы
17 лютага – 30 сакавіка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 205
Месца правядзення

У зале беларускай літаратуры (пам. 205) з 17 лютага па 30 сакавіка праходзіць юбілейная выстаўка “Вяртанне да спадчыны”, прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, літаратуразнаўца, публіцыста, перакладчыка, лексікографа, фалькларыста, крытыка, грамадскага дзеяча Максіма Гарэцкага (1893–1938).

У развіцці беларускай мастацкай прозы, публіцыстыкі, крытыкі і гістарычнага літаратуразнаўства значная роля належыць Максіму Іванавічу Гарэцкаму. Сёння спадчына выдатнага пісьменніка стала часткай класічнага фонду беларускай літаратуры. Уся творчасць юбіляра прасякнута пачуццём любові да Радзімы, яе гісторыі, традыцый, нацыянальнай культуры. Ён разумеў і адчуваў велізарную духоўную моц беларуса, яго нераскрытую маральную сілу.

Да ўвагі наведвальнікаў выстаўкі ў раздзеле “З сузор’я класікаў” прадстаўлены прыжыццёвыя выданні, такія як зборнік апавяданняў “Рунь” (1914), драматызаваная аповесць “Антон” (1919), апавяданне “У чым яго крыўда?” (1926), зборнік апавяданняў “Досвіткі” (1926), аповесці “Дзве душы” (1919), “Ціхія песні” (1926), дапрацаванае і пашыранае выданне пад назвай “Ціхая плынь” (1930), дакументальна-мастацкія запіскі “На імперыялістычнай вайне” (1926), драматычныя абразкі “Атрута” (1927), “Мутэрка” (1921), “Жартаўлівы Пісарэвіч” (1928) і інш. У гэтым жа раздзеле экспануецца шмат выданняў М. Гарэцкага ў галіне літаратуразнаўства, мовазнаўства, крытыкі і фалькларыстыкі: “Гісторыя беларускай літаратуры” (1921, 1924, 1926), літаратурна-крытычная праца “«Маладняк» за пяць гадоў, 1923–1928” (1928), “Хрэстаматыя беларускай літаратуры, XI век – 1905 г.” (1922), “Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік” (1919, 1921), “Маскоўска-беларускі слоўнік” (разам з Г. Гарэцкім, 1920), “Беларуска-расійскі слоўнічак” (1925), “Практычны расійска-беларускі слоўнік” (з М. Байковым, 1924) і таксама зборнік “Народныя песні з мелодыямі” (у суаўтарстве з кампазітарам А. Ягоравым, 1928) і інш.

У раздзеле “Скарбы душы чалавечай” прадстаўлены пераклады Максіма Гарэцкага на беларускую мову твораў У. Арсеньева, Ю. Лібядзінскага, А. Фадзеева, М. Горкага і інш. Значнае месца ў экспазіцыі займаюць працы М. Гарэцкага, перакладзеныя на розныя мовы народаў свету. Таксама на паліцах выстаўкі – кніга “Выпісы з беларускай літаратуры” (1925, Ч. 1, укладальнікі М. Гарэцкі, Ул. Дзяржынскі і П. Каравай); зборнікі “Дэкламатар” (1921), “Зборнік беларускіх ведамасцей” (1921, № 1, 3), у якіх Максім Гарэцкі прадстаўлены як рэдактар-выдавец.

Матэрыялы, змешчаныя ў заключным раздзеле “Шматгалоссе жыцця”, расказваюць пра жыццёвы і творчы шлях юбіляра.


Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Музеі – захавальнікі часу

10.05.2024

З 10 мая па 5 чэрвеня ў чытальнай зале міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента (пам. 164) будзе экспанавацца выстава “Музеі – захавальнікі часу”, прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў.

Шлях міласэрнасці

07.05.2024

Выстава “Шлях міласэрнасці” прымеркавана да 60-годдзя з дня заснавання Беларускага Чырвонага Крыжа і прысвечана яго дзейнасці.



Бібліятэкарам