ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
У Мінску адзначылі 115-годдзе Яна Скрыгана
Топ-5 кнiг для дзяцей розных узростаў

“Маладняк”: Enfants terribles беларускай літаратуры

Іншыя Навіны

“Маладняк” – цяпер так магла б абазвацца якая-небудзь каляфутбольная брыгада з прэтэнзіяй, а 28 лістапада 1923 г. маладыя літаратары назвалі так сваё аб’яднанне. У шэрагах “Маладняка” былі такія вядомыя пісьменнікі, як Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Кузьма Чорны, Ян Скрыган, Пятрусь Броўка, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча і многія іншыя. Маладыя, моцныя, амбітныя і таленавітыя творцы з неймавернай энергіяй узяліся за справу стварэння новай культуры. Пры гэтым іх інтарэсы не абмяжоўваліся выключна літаратурай.

Літаратурнае аб’яднанне "Маладняк"
Літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”

У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, пакалення “нашаніўцаў”, гэта былі ў пэўным сэнсе сапраўдныя радыкалы. Яны замахнуліся на непад’ёмнае – следам за рэвалюцыяй палітычнай, якая да непазнавальнасці змяніла дзяржаўны лад на тэрыторыі былой Расійскай імперыі, яны хацелі ажыццявіць рэвалюцыю свядомасці. Натуральна, што ў першую чаргу з дапамогай мастацкага слова. А паколькі пралетарскія пісьменнікі належалі да “эксплуатаваных” класаў – большасць з іх была ўчарашнімі сялянамі і рабочымі, – то не было прыдумана нічога лепшага, чым разам “апанаваць усімі мастацкімі дасягненнямі і перапрацаваць іх у інтарэсах рэвалюцыі”. Да таго ж і будаванне сацыялізму абвяшчалася працай калектыўнай. Вось што пісаў пра гэта Адам Бабарэка, вядомы крытык, які фактычна і стварыў эстэтычную платформу “Маладняка”:

Словам, Кастрычнікавая рэвалюцыя, перадаючы ў рукі пралетарыяту і сялянства ўсе сродкі матар’яльнай вытворчасьці дзеля будавання сацыялістычнага ладу жыцьця, не абмінула і літаратуры. Яна паставіла пралетарыят і сялянства перад неабходнасцю зрабіць і ў гэтай галіне пераварот, бо рэвалюцыя не канчаецца пераваротам у палітычных і сацыяльна-эканамічных адносінах між людзьмі. Каб дасягнуць канчатковай перамогі, яна павінна зрабіць пераварот у мысьлях і пачуцьцях, пераварот у духоўных адносінах між людзьмі, у іх сьвядомасьці. А, як мы ўжо бачылі, адным з сродкаў для такога перавароту з’яўляецца мастацкае слова.

Тыя, хто пачынаў творчы шлях яшчэ ў часы Расійскай імперыі, нягледзячы на свае самыя смелыя погляды, прызвычаіліся выбіраць словы, бо зведалі ўжо і цэнзуру, і царскія казематы. Ды і сама беларуская справа была вельмі слаба прадстаўленая. Беларушчына ў часы “Нашай Нівы” толькі-толькі станавілася на ногі. Для правільнага разумення эпохі варта прывесці цытату з успамінаў Цішкі Гартнага, якія былі апублікаваныя ў часопісе “Полымя” ў 1929 годзе:

Бач, справа з беларускім друкам, з усім беларускім рухам напамінала мне крохкую шкляную пасудзіну, якая ад слабенькага штуршка магла разбіцца.

hartny
Цішка Гартны з дзецьмі

Маладнякоўцы былі дзецьмі рэвалюцыі, выгадаваныя ў іншы час, у іншых умовах, яны і да стварэння сваіх твораў падыходзілі абсалютна па-новаму. У адрозненне ад пазнейшых пакаленняў літаратараў, гэтыя дакладна не займаліся сервілізмам. Яны сапраўды верылі ў тое, што робяць годную справу – будуюць сацыялізм. Да ўсяго варта дадаць яшчэ адну важную дэталь: маладнякоўцы самі ставілі сабе мэты і задачы, якія трэба выканаць. Безумоўна, адбывалася гэта пад кантролем камуністычнай партыі, але творцы ўсё ж мелі даволі шырокае “акно магчымасцей” для ўласнай рэалізацыі.

Адам Бабарэка
Адам Бабарэка

Зразумець гэта можна пагартаўшы збор твораў таго ж Адама Бабарэкі, укладзены Віктарам Жыбулем. Так, Бабарэка як ідэйны натхняльнік “Маладняка” адзначае ў нататніку за 1925 год наступныя функцыі арганізацыі:

Задача “Маладняка” – тварыць масавую літаратуру і шырока яе распаўсюджваць. “Маладняк” шырока ўжо папулярызаваны і вядомы шырокім масам сялян і рабочых, асабліва рабоча-сялянскай моладзі. Значыць трэба даць ім справу для мастацкага выхаваньня. Трэба задаволіць абуджаныя сярод рабоча-сялянскай моладзі запросы эстэтычныя.

І ім гэта ўдалося. Бо пісалі “маладнякоўцы” дзёрзка і жорстка, без высмактанага з пальца маралізму. Мо таму “Голы звер” Міхася Зарэцкага і цяпер добра чытаецца, абсалютна не страціўшы сваёй актуальнасці, нягледзячы на прамінулы час. Сапраўдная жыццёвая трагедыя, а не ванільныя “50 адценняў шэрага”. Мы добра разумеем, на чыім баку аўтар і што ён хоча нам сказаць, але пры гэтым ён адкрыта не спрабуе пераканаць нас, што яго пазіцыя адзіная правільная і безапеляцыйная. Так, “маладнякоўцы” пісалі пра камуністаў, камсамольцаў і чырвонаармейцаў, але рабілі гэта таленавіта. У іх творах яшчэ няма ўсіх гэтых зацяганых ідэалагічных клішэ з чорна-белым сэнсам, якія пасля з’явяцца ў літаратуры.

Фрагмент уражанняў В. Ластоўскага аб паездцы ў БССР у 1926 годзе, які прысвечаны “Маладняку”. Часопіс “Крывіч” №12, 1927 год.
Фрагмент уражанняў В. Ластоўскага аб паездцы ў БССР у 1926 годзе, які прысвечаны “Маладняку”. Часопіс “Крывіч” № 12, 1927 год

У якасці прыкладу можна прывесці таксама яшчэ адну цытату з Адама Бабарэкі. У артыкуле пра Максіма Багдановіча 1926 года ён піша: «Вянок», назва дадзеная В. Ластоўскім, згодна яго ўспамінам пра М. Багдановіча”. Гэты радок кажа нам пра тое, што крытык меў шырокі кругагляд і не быў зашораным. Калі канкрэтна, то ён чытаў часопіс “Крывіч”, які выдаваўся ў Коўне і меў досыць выразны антысавецкі па змесце кантэнт. То бок гэта сведчыць таксама і пра тое, што ў 20-я гады, пры ўсіх “але”, варта ўсё ж прызнаць, што ў БССР існаваў хаця б нейкі плюралізм думак.

Якуб Колас
Якуб Колас

Адносіны з класікамі былі няпростымі. У канцы 1923 года Якуб Колас напісаў алегарычнае апавяданне “Што яны страцілі”, якое і зачытаў 18 снежня на вечарыне з нагоды выхаду часопіса “Маладняк”. Апавяданне гэтае ўспрымалася як сатыра на аб’яднанне: трэба думаць, што пад дубамі, вакол якіх раіцца розная дробязь, Колас вывеў сябе і сяброў па адраджэнскай справе, а пад рознымі жукамі, жабамі і конікамі – маладых спадкаемцаў. У ім, дарэчы, прадказаны будучы раскол арганізацыі, уласна кажучы, гэтай тэме яно і прысвечана – адсутнасці адзінства. Так ці іначай, тэкст гэты быў надрукаваны ў 1924 годзе ў гэтым жа часопісе. Потым там жа друкаваліся раздзелы аповесці “У глыбі Палесся”.

Уладзімір Маякоўскi
Уладзімір Маякоўскi

Уладзіміру Маякоўскаму, які ў той час быў вельмі папулярным аўтарам, пашэнціла меней. У 1925 годзе ён прыехаў у Мінск. Творчы вечар быў арганізаваны дбаннямі яго даўняй каханкі Зосі Шамардзіной, якая тады займала вельмі высокія пасады ва ўрадзе БССР. Паглядзець на жывога класіка сабралася вельмі шмат людзей, завітаў на імпрэзу і Адам Бабарэка, які напісаў надзвычай разгромны рэпартаж пад назвай “Маякоўскі зьдзекуецца”. Незадаволены самарэкламай “агитатора, горлана-главаря”, Бабарэка робіць даволі рэзкія высновы:

  • Футурызм – гэта зьдзек над сапраўдным мастацтвам, якое футурыстамі замяняецца рамяством рэклямавання і наогул рамяством. Замест бота футурызм падносіць пралетарыяту падпраўленыя буржуазныя атопкі.
  • Выступленне Маякоўскага ў Менску – зьдзек над менскімі рабочымі, служачымі, чырвонаармейцамі і вучнямі. Заместа мастацтва ён паднёс Менску рэкламу аб сабе.
  • Адгэтуль парада: смакчэце, футурысты, свае соскі рэзінатрэсту “нигде, кроме как в Моссельпроме.
  • І тое абсалютна не дзіўна, бо ўспрымалі сябе беларускія літаратары не нейкімі там правінцыйнымі пісакамі, а аўтарамі прыкладна роўнага ўзроўню. У пацверджанне – радкі таго ж Бабарэкі, які ў тым жа 1925 годзе ў артыкуле “Шлях «Маладняка»” канстатаваў:

    Беларуская культура ўжо мае такія дасягненьні, якія выяўляюць сабою каштоўнасць у агульналюдскім абхваце. Ёю ўжо цікавяцца ня толькі як этнографічным матэрыялам, а як каштоўным продуктам творчасьці абуджаных і вызваленых нацыянальна і соцыяльна раней прыгнечаных і забітых сіл працоўнага беларускага народу. Так, дасягненьні беларускага мастацтва дэмонструюцца сёлета ўжо на міжнароднай мастацкай выстаўцы, якая адбываецца ў Парыжы.

    Разам з тым не ўсё было так бязвоблачна. За два гады сваёй дзейнасці “Маладняк” займеў некалькі сотняў сяброў, а таксама філіі ў многіх беларускіх гарадах. Дабраліся нават да Масквы, дзе таксама працавала маладнякоўскае прадстаўніцтва. Але разам з павелічэннем колькасці пачала падаць якасць. З літаратурнага аб’яднання “Маладняк” паціху пачаў ператварацца ў нейкі асветніцкі гурток, які займаецца стварэннем агітак. Таму зусім не дзіўна, што ў 1926 годзе ў “Маладняку” фактычна адбыўся раскол: Адам Бабарэка, Кандрат Крапіва, Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны і Язэп Пушча ўтварылі сваё літаратурнае аб’яднанне пад назвай “Узвышша”. Ужо з адной назвы зразумела, што маладыя творцы прагнулі сапраўднага высокага мастацтва, а не прымітыўных агітак.

    Літаратурнае аб’яднанне “Узвышша”
    Літаратурнае аб’яднанне “Узвышша”

    Іншыя “маладнякоўцы” знайшлі агульную мову з класікамі: у снежні 1927 года ўтварылася літаратурнае аб’яднанне “Полымя”. У адной арганізацыі былі Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Міхась Чарот і Міхась Зарэцкі. Чарот быў нават прызначаны членам праўлення. “Узвышша” крытыкавалі як “Маладняк”, так і “Полымя”. А потым, з надыходам сталіншчыны, патрэба ў літаратурных аб’яднаннях адпала, як адпала патрэба і ў саміх творцах…

    Як бачым, тыя, хто перажыў сталінскія рэпрэсіі, сталі потым прызнанымі класікамі беларускай літаратуры, што яскрава сведчыць пра магутны творчы і людскі патэнцыял “Маладняка”. Большасці проста не далі як след расправіць крылы. Разам з жыццямі многіх пісьменнікаў таго часу быў незваротна перарваны і літаратурны працэс, парушаны яго арганічны ход. Не нам асуджаць цяпер іх выбар – хаця б таму, што гэтыя ідэалы былі для іх зусім не пустым гукам і за іх яны заплацілі вельмі дарагую цану.

    Аўтар публікацыі: Канстанцін Касяк.
    Крыніца: budzma.by

    Навіны

    У бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Знайдзі скарбы”

    3 Чэр 2024

    3 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся фінал культурна-асветніцкай акцыі “Знайдзі скарбы”, ініцыяванай прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

    Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

    3–9 чэрвеня 1944 года. 13 тыдняў да Вызвалення

    4 Чэр 2024

    Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

    Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

    Беларусь няскораная

    3 Чэр 2024

    З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

    Кніжныя выстаўкі

    Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

    31 Май 2024

    23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

    Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

    Бібліятэкарам