ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Чамучка
Дзіцячы пакой запрашае

МАГАТЭ: учора, сёння, заўтра

МАГАТЭ: учора, сёння, заўтра
Іншыя навіны

З 25 ліпеня па 13 верасня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная выстаўка “МАГАТЭ: учора, сёння, заўтра”, прысвечаная 60-годдзю стварэння Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі.


Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) з’яўляецца вядучым сусветным міжнародным урадавым форумам навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў галіне мірнага выкарыстання ядзерных тэхналогій. Агенцтва створана як незалежная міжурадавая арганізацыя ў сістэме ААН ў 1957 годзе.

Статут МАГАТЭ зацверджаны на ўстаноўчай канферэнцыі ў Нью-Ёрку 23 кастрычніка 1956 года і ўступіў у сілу 29 ліпеня 1957 года. На сёння членамі МАГАТЭ з’яўляюцца 168 дзяржаў. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Вене.

Кіруючы орган агенцтва – Генеральная канферэнцыя ўсіх краін-членаў. Яна збіраецца адзін раз у год. Бягучую працу ажыццяўляе Сакратарыят, які ўзначальвае генеральны дырэктар, з 2009 года і па сёння – Юкія Амана (Японія).

Статутнымі мэтамі агенцтва з’яўляюцца садзейнічанне развіццю атамнай энергетыкі і ядзерных тэхналогій; забеспячэнне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі; садзейнічанне правядзенню навукова-даследчых работ у галіне ядзернай энергетыкі і тэхналогій.

Найважнейшы кірунак дзейнасці МАГАТЭ – забеспячэнне сістэмы гарантый нераспаўсюджання ядзернай зброі. Гарантыі – гэта комплекс мерапрыемстваў, ажыццяўляючы якія МАГАТЭ імкнецца пацвердзіць, што дзяржава выконвае свае міжнародныя абавязацельствы не выкарыстоўваць ядзерныя праграмы ў мэтах стварэння ядзернай зброі. Большая частка пагадненняў аб гарантыях заключана з дзяржавамі, якія на міжнародным узроўні на аснове глабальнага Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ), адпаведна з якім МАГАТЭ з’яўляецца органам, які ажыццяўляе праверку, – узялі на сябе абавязацельства не валодаць ядзернай зброяй. На сёння пагадненні аб гарантыях з МАГАТЭ заключылі 180 дзяржаў, якія адкрылі свае ядзерныя праграмы для крытычнай праверкі інспектарамі МАГАТЭ.

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца адной з дзяржаў – заснавальніц МАГАТЭ. Беларусь мае развітую дагаворна-прававую базу супрацоўніцтва з агенцтвам. Наша краіна – удзельніца шэрага міжнародных дагавораў пад эгідай МАГАТЭ, уключаючы Канвенцыю аб ядзернай бяспецы, Канвенцыю аб аператыўным апавяшчэнні аб ядзернай аварыі, Канвенцыю аб дапамозе ў выпадку ядзернай аварыі або радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі і іншыя прававыя акты.

Узаемадзеянне ў галіне нераспаўсюджвання ядзернай зброі ажыццяўляецца ў рамках Пагаднення аб прымяненні гарантый паміж Рэспублікай Беларусь і МАГАТЭ, у адпаведнасці з чым на тэрыторыі нашай краіны праводзяцца рэгулярныя інспекцыі МАГАТЭ.

Наша дзяржава ўзаемадзейнічае з МАГАТЭ па прыярытэтных напрамках з пункту гледжання рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў. Ключавымі сферамі супрацоўніцтва з’яўляюцца развіццё ядзерна-энергетычнай сістэмы, умацаванне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, сістэмы падрыхтаванасці і рэагавання ў выпадку ядзернай або радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі, ажыццяўленне гарантый МАГАТЭ, прымяненне ядзерных тэхналогій у медыцыне, рэабілітацыя рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Прапанаваная чытачам выстаўка налічвае каля 80 дакументаў. Большую частку экспазіцыі складаюць дакументы МАГАТЭ на рускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы, брашуры, буклеты.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Гісторыя стварэння, мэты і функцыі МАГАТЭ
  • МАГАТЭ і нераспаўсюджванне ядзернай зброі
  • Нарматыўна-прававыя дакументы МАГАТЭ
  • Навуковыя праграмы МАГАТЭ
  • Дзейнасць МАГАТЭ ў галіне тэхнічнай дапамогі і супрацоўніцтва
  • Рэспубліка Беларусь і МАГАТЭ

Выстаўка будзе цікавая спецыялістам у галіне раззбраення і бяспекі, атамнай энергетыкі, міжнародных адносін, інжынерна-тэхнічным работнікам, эколагам, палітолагам, сацыёлагам, а таксама студэнтам, аспірантам і выкладчыкам ВНУ.

   

Карысныя спасылкі

Асноўныя дакументы і пубікацыі

Спіс літаратуры

Навіны

Зала дакументаў па мастацтве прапануе: рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Май 2024

Штогод 18 мая больш чым у 150 краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, які шырока святкуецца і ў нашай краіне ў рамках акцыі “Ноч музеяў”. У межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі”, якая ладзіцца ў зале мастацтваў (пам. 306), запрашаем пазнаёміцца з кніжнай выстаўкай “Па маршрутах беларускіх музеяў”, прысвечанай айчыннай музейнай справе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам