23 лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, на экскурсію ў Нацыянальную бібліятэку завіталі выхаванцы Мінскага ваеннага сувораўскага вучылішча.
Для іх была праведзена экскурсія з цыкла “Славутыя імёны Бацькаўшчыны” па тэме “Помнім боль і страты твае, Беларусь…” (творчасць перыяду Вялікай Айчыннай вайны А. Куляшова, М. Танка, П. Панчанкі). Гэта вельмі сімвалічна, так як 2023 год у нашай краіне абвешчаны Годам міру і стварэння.
Экскурсанты пазнаёміліся з архітэктурай, мастацкім афармленнем бібліятэкі, сістэмай заказу, дастаўкі і выдачы літаратуры, выкарыстоўваючы QR-коды, даведаліся пра цікавыя звесткі з гісторыі галоўнай бібліятэкі краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Частка экскурсіі прайшла ў выглядзе інтэрактыўных заняткаў, падчас якіх госці пазнаёміліся з творчасцю П. Панчанкі, А. Куляшова, М. Танка, убачылі ўнікальныя выяўленчыя дакументы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, звязаныя з тэмай Вялікай Айчыннай вайны: фотаздымкі, паштоўкі, плакаты, баявыя лісткі, рэпрадукцыі карцін, факсімільныя выданні франтавых газет, выканалі шэраг інтэрактыўных заданняў.
Запрашаем усіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай і гісторыяй, на экскурсіі “Славутыя імёны Бацькаўшчыны” па творчасці знакамітых беларусаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Міхася Зарэцкага, Янкі Маўра, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Францыска Скарыны і Марка Шагала.
Заяўкі прымаюцца з 10.00 да 18.00 з аўторка да нядзелі.
Тэлефоны для запісу: (8 017) 293 29 66, 293 28 53.
Матэрыял пададзены аддзелам экскурсійна-метадычнай работы.