ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Казачна цікава прайшоў навагодні ранішнік у бібліятэцы!
Чароўны свет беларускай прыроды

Аб чым нашэптваюць архівы?

Аб чым нашэптваюць архівы?
Іншыя навіны

У даследчыцкай гісторыі Сцяпана Александровіча мноства сюжэтных ліній, спароджаных архіўнымі росшукамі, трапіла на старонкі перыядычнага друку, сабрана пад вокладкі кніжных выданняў. Па-за ўвагай застаюцца дакументы, якія на розных этапах працы выконвалі факультатыўную ролю, але з часам набылі самастойную значнасць. Яны выдатна ілюструюць культуру даследчыцкай працы, сведчаць пра міжнародны аўтарытэт і арганізацыйныя здольнасці мінскага вучонага, з цікавых ракурсаў падсвечваюць асобу і час.

Парады навукоўца і педагога, падказаныя шматгадовым вопытам, актуальныя і сёння: «Цярплівасць і яшчэ раз цярплівасць, настойлівасць у пошуках, пільная ўвага да дробязных, на першы погляд, фактаў і звестак, уменне прачытаць матэрыялы так, каб далёкая гісторыя ажыла і загаварыла, а таксама, шчыра кажучы, шчасце і нейкае інтуітыўнае чуццё – вось якасці, без якіх не варта пераступаць парог архіва ці рукапіснага аддзела бібліятэкі».

На маім працоўным стале – часопісны («Полымя»; 1969, № 8) і кніжны («Слова – багацце», 1981) варыянты нарыса «Па слядах Францыска Скарыны». А поруч некалькі неапублікаваных лістоў Мацея Канапацкага да Сцяпана Александровіча. Пра польскага адрасата чытаем у дзённікавых запісах ад 21 верасня 1967 года:  «Вечар.

На вакзале ў Сопаце мяне чакаў Мацей Канапацкі – колішні супрацоўнік беластоцкай “Нівы”, а цяпер рэдактар інфармацыйнага выдання на Гдыньскім суднабудаўнічым заводзе. З Мацеем я перапісваўся даўно, але ні разу не бачыўся. Пазнаў адразу. Дапамагло фота, а яшчэ больш – яго ўсходняе аблічча беларускага татарына».

Ліст М. Канапацкага ад 19 жніўня 1962 года на афіцыйным бланку газеты «Ніва», напэўна, быў у ліку першых, адрасат і адрасант яшчэ на «Вы»: «…хочацца нешта напісаць, а асабліва падзяліцца сваімі ўражаннямі з пабыўкі ў Любліне. Як Вам вядома, мэтай гэтай паездкі было наведанне К. Яворскага і В. Станкевіча – швагра Я. Купалы. Інтэрв’ю з В. Станкевічам дало наогул цікавыя матэрыялы. У “Ніве” – у адным з асенніх нумароў давядзецца напісаць аб Купалу, цёці Уладзі, продках Станкевіча – удзельніках паўстанняў 1831 і 1863 гг., аб сустрэчах Станкевіча з Фр. Багушэвічам. У швагра паэта захавалася некалькі памятных фатаграфій.

У прыватнасці, Купалы і яго жонкі з 1916 года, нататнік з сярэбранай вокладкай, на якой дэдыкацыя паэта і цёці Уладзі (з 1916 г.), здымак швагеркі Станкевіча, якая была замужам за ўнукам В. Дуніна-Марцінкевіча.

І ён тут таксама. Унука пісьменніка замардавалі гітлераўцы ў 1939 годзе».

Успаміны Вікенція Станкевіча, «незвычайна гасціннага, сардэчнага чалавека» ў запісах Мацея Канапацкага і пад назвай «У швагра Янкі Купалы» былі апублікаваны ў «Ніве» 30 снежня 1962 г. У фондах мінскага музея песняра сёння захоўваецца цікавы артэфакт – нататнік з гравіроўкай на сярэбранай пласціне з дарчым надпісам (дэдыкацыяй) на польскай мове: «Найлепшаму Віцюсю ад Уладкі і Янкі. 5/ІV–16 г.».

З ліста М. Канапацкага таксама даведваемся, што адным з напрамкаў пошукаў і, адпаведна, запытаў С. Александровіча было месца гібелі 27 лютага 1945 г. на тэрыторыі былой Усходняй Прусіі беларускага паэта Аляксея Коршака. Калега з Польшчы імкнуўся дапамагчы. З ліста ад 9 верасня  1969 года: «Я пасля выхаду са шпіталя адразу наведаў бібліятэку ПАН у Гданьску. У ёй ёсць спецыяльныя выданні, тоўстыя кнігі, у якіх усе названні мясцовасцей у нямецкай мове, якія зараз у межах ПНР. І я шукаў, і працаўнік бібліятэкі, з яе дырэктарам гаварыў, а Лайслейндорфа як няма так няма. Ахопліваюць мною сумненні, ці ўвогуле ўласцівае названне гэтай мясцовасці, дзе загінуў паэт. Загляні ў першакрыніцы, мо ёсць нейкія варыянты названня гэтай мясцовасці? Перада мною ляжала вялікая карта – яшчэ нямецкая – пераглядалі яе, яшчэ раз заглядалі ў том і абсалютна няма Лайслейндорфа. Гэта, мабыць, названне нейкага малога хутара, дзе некалькі хат – проста не ведаю, што ўжо і думаць. Вось, ізноў наведаеш мяне (як добра было б!), заглянем у бібліятэку, пераканаемся».

Адным з прыпынкаў у даследчыцкім маршруце 1967 г. была сталіца Славакіі. Пасля многіх сустрэч і эмацыянальных узрушэнняў вечаровая заціш гатэльнага нумара настройвала на роздумы: «Не ведаю, ці давялося Уладзіміру Жылку, калі ён вучыўся ў Празе, бываць у Браціславе. Сёння ж аўтар “Уяўленняў” прыйшоў у мой ціхі пакойчык і размаўляе са мною. Я чую яго задушэўны голас, адчуваю трывогі і парыванні сэрца, якімі ён жыў… сорак пяць гадоў таму назад».

Падставай для своеасаблівых медытацый вучонага стаў каштоўны набытак: «Учора Л. Краскоўская – колішняя аднакласніца і прыяцелька Ул. Жылкі па Дзвінскай беларускай гімназіі (яна цяпер працуе ў Славацкім народным музеі) – перадала мне архіў паэта, каб я, у сваю чаргу, пераслаў гэтыя матэрыялы яго дачцэ. Сёння мне не спіцца (ці не перагрэўся без прывычкі на спякотлівым тутэйшым сонцы?), і я перабіраю рукапісы. Многа чарнавых накідаў вершаў:

Ну і халодна, халодна на свеце,
Калі сэрца астыне гарэць…
А калісь было неяк іначай
І хапала цяпла без таго.
Горкай памяці дробнай астачай
Да дзяцінства кульгаю свайго».

Уважліва прачытваліся і асэнсоўваліся радкі з дзённіка Уладзіміра Жылкі, праводзіліся паралелі з літаратурнай класікай: «І апошняе: “Хто кажа, што ноч чорная? Ноч сіняя, як Мудрасць і Адвечнасць. Ноч мудрэй дня. Ноч – глыбіня. Кожная жанчына стае цяжарнай ноччу. Мы ўсе пачатыя ўначы…” Што ні кажы, а ў гэтым роздуме ёсць штосьці ад Максіма Багдановіча…»

Перададзены пры пасрэдніцтве С. Александровіча рукапісны збор У. Жылкі перажыў сваю шматгадовую адысею. Цяпер ён займеў трывалую прапіску ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Найбольш каштоўная яго частка пабачыла свет у пачатку 1990-х: у “палымянскай” публікацыі, а потым і ў кнізе У. Калесніка «Усё чалавечае: літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы» (1993). У анатацыі да выдання чытаем: «Асаблівую цікавасць уяўляе нарыс “Пражскі эпісталярый”, у якім аўтар дае шырокую панараму літаратурнага, культурнага і палітычнага жыцця Беларусі 20–30-х гг. і ўдзелу ў ім літаратараў, асветнікаў, палітыкаў, такіх, як У. Жылка, А. Луцкевіч, І. Дварчанін, Т. Грыб і інш.».

Аўтар гэтых радкоў мае гонар прадоўжыць даследчыцкую працу ў рэчышчы, пракладзеным славутымі папярэднікамі. Фактаграфічна пабагацеў «Пражскі эпісталярый». Вызначаны і манаграфічна аформлены ўласны напрамак – «Браціслаўскі эпісталярый: славацка-беларускі архіўны дыскурс ХХ стагоддзя» (2019). Пасля шматлікіх паездак і публікацый у галаве ўсё адно заўсёды тахкае апошні радок з нарыса «Па слядах Францыска Скарыны” Сцяпана Александровіча: «Патрэбны далейшыя пошукі…»

Аўтар публікацыі: Мікола Трус.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Да 100-годдзя з дня нараджэння Сцяпана Александровіча Нацыянальная бібліятэка Беларусі арганізавала круглы стол "Кнігі і людзі" і юбілейную выставу "Слова – багацце".

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

20–26 мая 1944 г. 15 тыдняў да Вызвалення

21 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам