ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Шчаслівы той, хто шчаслівы дома
Візіт ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны

Бібліятэка – 65 год на службе маладзечанцам

Бібліятэка – 65 год на службе маладзечанцам
Іншыя навіны

29 красавіка ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча ладзіўся круглы стол “Бібліятэка – 65 год на службе маладзечанцам”, прысвечаны 65-годдзю дзейнасці бібліятэкі.


Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка займае сярод публічных бібліятэк сваё адметнае месца. Старонкі гісторыі сведчаць аб тым, што 65 год таму, у апошнія дні Вялікай Айчыннай вайны, на вызваленай зямлі Маладзечыншчыны ўжо дбалі аб духоўным і інтэлектуальным баку жыцця. У красавіку 1945 г. з Вілейкі ў Маладзечна, які з’яўляўся з 1944 па 1960 г. абласным цэнтрам, была пераведзена абласная бібліятэка.

Асноўнай задачай бібліятэкі таго перыяду было стварэнне кніжнага фонду, які б адпавядаў запытам і інфармацыйным патрэбнасцям чытача. На камплектаванне вылучаліся вялікія грашовыя сродкі, шмат кніг паступала з бібліятэк былога Савецкага Саюза. Вялікую дапамогу аказвалі буйнейшыя кнігасховішчы Масквы і Ленінграда, якія перадалі ў фонд абласной бібліятэкі не толькі творы тагачасных папулярных пісьменнікаў, але і рэдкія дарэвалюцыйныя выданні. Дзякуючы ім у бібліятэцы быў сфарміраваны фонд рэдкай і каштоўнай літаратуры. У ім захоўваюцца прыжыццёвыя выданні твораў Л. Талстога, А. Чэхава, Ф. Дастаеўскага.

У сярэдзіне 50-х гадоў пачалося ўзвядзенне новага будынка абласной бібліятэкі. Індывідуальны праект быў распрацаваны Белдзяржпраектам пад кіраўніцтвам архітэктара В.М. Аладава. Будаўніцтва скончылася ў 1960 годзе, але адчынілася бібліятэка ўжо не як абласная, а як гарадская структура, таму што Маладзечанская вобласць была скасавана.

У жніўні 2005 года пачаўся новы этап у гісторыі бібліятэкі. Гарадская і раённая цэнтралізаваныя бібліятэчныя сістэмы былі аб’яднаны, а бібліятэка рэарганізавана ў Цэнтральную раённую бібліятэку імя М. Багдановіча (перайменаванне адбылося 28 студзеня 1993 г.). Яе ўзначаліла Страх Валянціна Пятроўна, якая больш за 27 гадоў кіравала работай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Багдановіча на працягу многіх год з'яўляецца флагманам бібліятэчнай справы не толькі сярод публічных бібліятэк Мінскай вобласці, але і ўсёй рэспублікі. Яна актыўна ўдзельнічае ва ўсіх праграмах і акцыях рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. У ліку першых, у 1998 годзе, яна перайшла на аўтаматызаваны ўлік дакументаў. Распрацаваная ў 1998 і перапрацаваная ў 2001 г. праграма “Крыніца духоўнасці” на сем гадоў вызначыла асноўныя напрамкі дзейнасці бібліятэчнай сістэмы па мэтанакіраванай працы з рознымі сацыяльнымі групамі і чытацкімі катэгорыямі. У межах праграмы былі знойдзены новыя, цікавыя формы работы, створаны муніцыпальны агульнадаступны інфармацыйны цэнтр і Публічны цэнтр прававой інфармацыі.

Сёння чытачамі бібліятэкі з’яўляюцца 14 775 чалавек. Фонд бібліятэкі налічвае больш за 180 тысяч выданняў. Структура бібліятэкі ўключае абанемент, чытальную залу, сектар інфармацыі і краязнаўства, выставачную залу, залу літаратуры па мастацтве, залу літаратуры на замежных мовах. Створаны сектар аўтаматызацыі і інфармацыйных тэхналогій, мультымедыйны цэнтр. Абслугоўванне чытачоў ажыццяўляецца ў аўтаматызаваным рэжыме.

У бібліятэцы пастаянна арганізуюцца творчыя выстаўкі, літаратурныя вечарыны. Прапагандзе і папулярызацыі беларускай і сусветнай літаратуры садзейнічаюць створаныя пры бібліятэцы аматарскія аб’яднанні. Літаратурна-краязнаўчае аб’яднанне “Жывіца” збірае аматараў беларускай культуры, вывучае і прапагандуе гістарычную і літаратурную спадчыну. Працуюць з моладдзю клубы “Гермес”, “Суразмоўца”, “Гасцёўня сямі муз”, праводзяцца духоўныя чытанні “Памнажэнне любові і дабра”. Вынікам супрацоўніцтва бібліятэкі з пасольствамі Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Расіі, Польскім Інстытутам ў Мінску з’яўляецца рэалізацыя праектаў “Французскі куток інфармацыі і чытання”; “Медыя-аўтобус DeutschExspress”; “Куток грэчаскай літаратуры”.

Безумоўна, поспехі, дасягнутыя бібліятэкай, любоў і павага, якую яна мае сярод чытачоў, – заслуга высокапрафесійных, клапатлівых, інтэлігентных і таленавітых супрацоўнікаў пад кіраўніцтвам дырэктара В.П. Страх. На працягу шасцідзесяціпяцігадовай дзейнасці бібліятэкі былі розныя перыяды ў яе гісторыі, але адно заставалася нязменным – вернасць калектыву традыцыям і абавязкам перад чытачамі.

Творчая праца бібліятэкараў па арганізацыі абслугоўвання маладзечанцаў кнігай, прапагандзе літаратуры не засталася незаўважанай. Бібліятэка неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі і дыпломамі Міністэрства культуры СССР і БССР як пераможца сацыялістычнага спаборніцтва атрымала памятны Чырвоны Сцяг, была ўдзельніцай ВДНГ СССР.

Павіншаваць творчы калектыў бібліятэкі з 65-годдзем падчас работы круглага стала прыехаў аўтар праекта бібліятэкі, заслужаны архітэктар Беларусі, акадэмік архітэктуры В.М. Аладаў. Таксама былі заслуханы даклады і віншаванні ад супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі загадчыцы сектара НДА бібліятэказнаўства В.А. Рынкевіч, галоўнага бібліёграфа НДА кнігазнаўства Л.Д. Сільновай, былога дырэктара цэнтральнай гарадской бібліятэкі Л.С. Абраменкі, адміністрацыі г. Маладзечна, намесніка дырэктара Мінскай абласной бібліятэкі імя А. Пушкіна В.А. Малюгі, супрацоўнікаў літаратурнага музея М. Багдановіча, кіраўнікоў цэнтральных бібліятэк Мінскай вобласці, цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Я. Купалы г. Мінска, чытачоў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі горада і раёна.

Гісторыя бібліятэкі доўжыцца. Прыходзяць новыя супрацоўнікі, якія пераймаюць ад старэйшых эстафету самаадданага служэння кнізе, чытачам, ідэалам дабра, гуманізму, асветы. У стварэнні на Маладзечыншчыне непаўторнага культурнага асяроддзя – немалая заслуга Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Багдановіча.

Навіны

Зала дакументаў па мастацтве прапануе: рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Май 2024

Штогод 18 мая больш чым у 150 краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, які шырока святкуецца і ў нашай краіне ў рамках акцыі “Ноч музеяў”. У межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі”, якая ладзіцца ў зале мастацтваў (пам. 306), запрашаем пазнаёміцца з кніжнай выстаўкай “Па маршрутах беларускіх музеяў”, прысвечанай айчыннай музейнай справе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам