ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Дзіўныя “блізняты”
Удзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” ўшанавалі памяць Яна Скрыгана

Літаратурная Навагрудчына. Лаўрышава. Шчорсы. Любча...

Літаратурная Навагрудчына. Лаўрышава. Шчорсы. Любча...
Іншыя Навіны

У легендарным навагрудскім паселішчы Лаўрышава Навагрудскага павета (цяпер – Навагрудскі раён) нарадзіўся паэт-самавук, народны прапаведнік-мараліст Мікалай Марозік (каля 1852 – пасля 1913). Некаторыя яго выслоў’і цытаваліся ў народзе з дадаткам: «Як кажа Мікола Марозік».

У 1887 годзе газета «Минский листок» надрукавала яго верш «Памяти Александра Сергеевича Пушкина». У 1889 годзе там жа была змешчана паэма «з беларускага жыцця» «Сцяпан і Таццяна» (дакладней – «Сцяпан и Тацяна»). Карыстаючыся кожнай нагодай (храмавыя святы і інш.) выступаў у Навагрудскім і суседніх паветах з чытаннем сваіх твораў, у якіх выкрываў агульначалавечыя заганы – п’янства, распусту, гультайства, бічаваў карчмароў. Друкаваўся Мікалай Фёдаравіч Марозік пад псеўданіма Шункевіч Аляксандр. Трэба заўважыць, што паэма – «Сцяпан и Тацяна» – была надрукавана ў газеце «Минский листок» у адзін год з паэмай «Тарас», якая вядома сёння як «Тарас на Парнасе». Вядомы літаратуразнаўца Уладзімір Казбярук надрукаваў паэму «Сцяпан і Тацяна» са сваім каментарыем у штогодніку «Шляхам гадоў» у 1994 годзе. Прывядзём частку гэтага каментарыя: «...Паэмы і апавяданні, створаныя па законах мастацкай літаратуры, калі яны былі пазбаўлены агульнаграмадскага выкрывальнага пафасу, не цікавілі нашых даследчыкаў. Сведчыць аб гэтым, у прыватнасці, паэма «Сцяпан і Тацяна»» І далей: «Вядома, калі арыентавацца на мастацкі ўзровень Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Міцкевіча, Славацкага, Канапніцкай, то паэма «Сцяпан і Тацяна» заняла б у гісторыі літаратуры не надта ганаровае месца. Але пры такім падыходзе для гутарак там наогул нейкае месца цяжка было б знайсці. А калі вартасць таго ці іншага твора вымяраць перш за ўсё шкалой нацыянальных эстэтычных каштоўнасцей, то паэме «Сцяпан і Тацяна» ў гісторыі нашай літаратуры павінна быць адведзена дастаткова пэўнае, належнае толькі ёй месца. У мастацкіх радках твора жыва і вобразна абмалёўваецца каларытная сцэнка з жыцця вёскі, яе нораваў, з паказам паводзін і перажыванняў вясковай дзяўчыны і юнака, узаемаадносін бацькоў і дзяцей.

Liubchanski-zamak.jpg
Любчанскі замак

Бясспрэчна, у нас сёння былі б падставы знаходзіць і вызначаць недастатковую выразнасць маральных крытэрыяў у ацэнцы паводзін маладых і дарослых герояў. Нам, можа, хацелася б больш дакладнай псіхалагічнай матывіроўкі іх паасобных учынкаў. Але не будзе забываць, што паэма «Сцяпан і Тацяна» – адзін з першых нашых твораў, напісаных у такім плане, адна з першых спроб паказаць жывога чалавека ў рэальных, жыццёвых абставінах...» Далей У. Казбярук цытуе артыкул А. І. Мальдзіса з «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі»: «...Творы М[арозіка] напісаны мяшанай бел.-рус. мовай, на невысокім маст. узроўні, палітычна кансерватыўныя». І дадае: «Хай гэты прысуд, аднак, нас не палохае. Публікацыя паэмы дасць магчымасць чытачу зрабіць уласныя, самастойныя вывады аб недахопах і вартасцях твора». А вось – і словы самой паэмы «Сцяпан и Тацяна (Из Белорусской жизни)»:

У нядзелю слонце добре грело;
Спевали птушки як вясной;
З’вакна на улицу глядзела
Тацяна хмурнаю душой.
– Чи доўгу-ж буду я чакаци?
Аж мне ўжо сбрыдала даўно:
Цалюткій дзень сядзець у хаци,
Глядзець на улицу в’акно!
Чи ласне тое ён ня знае,
Што я маркотна бяз яго?
Чи ласне серца сам ня мае?
Чи сам ня знаець ён маго?
Сцяпан, Сцяпан!
Ты мне божиўся,
Маи ты ручки цаловаў...
Няхай ты лепи-б утопіўся,
Кали бажбы ня утримаў!..
Но, дзякуй Богу, звячарело;
На небе месиц засвяціў;
Тацяна групку затапила;
Сцяпан тыц ў хату – як тут быў.
Ай добрый вечер, мая краля!
Мое ты золоцце, мой свет!
Мяне ты доўго прочакала,
Но задержаў мяне сусед!
Ў карчме у Янкеля сустреўся,
А я дай цягу да цябе!
Но штош ты хмурная такая?
Сусим у вочи не глядзиш?
Як без языкая, глухая,
Як пень насупиўшись моўчишь!
Сказаўши так Сцяпан руками
Тацяну ўйсей душой обняў
И смачно тлустыми губами
Ў щеку яе поцаловаў.
Тацяна уся пачарванела
И як асина затраслась;
Душа яе павяселела, –
Каго чакала, приждалась.
Лучинку хутко запалила,
У кухню сбегала, аттуль
Абрус принесла, стол накрыла,
Дастала с крыни сухих дуль,
Гарехаў крышку, сыра, сала,
Калач пшаничный гарадзской,
И еще таго, сяго дастала,
Гарелки нибыло одной.
Сцяпан же доўго ня чакае,
С халявы пляшку вынуў тут:
«Глядзи, мой свецик, ня пустая»! –
Сказаў Таццяне Сцяпан шут.
Цяпер, галубка, выпим трошка;
Я знаю – выпишь ты са мной;
Хоць пажартую я с табой...
Кали галоўку нам закруце,
Чаго мы будим бядаваць?
А бацька твой, ты-шь мне сказала,
Паехаў з’маткой на кірмаш;
Затым Сцяпана ты чикала,
Затым сягонне вечер наш!..

Напрыканцы газетнай публікацыі аўтар – «А. О. Шункевич» – патлумачваў, што «это наречіе, на котором написано стихотвореніе, свойственно преимущественно белорусам Минскаго уезда...»

У 1867 годзе ў Навагрудку нарадзіўся рускі філосаф, журналіст, публіцыст, літаратурны крытык Сямён Уладзіміравіч Лур’е, які свой жыццёвы шлях завершыў у Францыі ў 1927 годзе. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз. Закончыў гімназію ў Варшаве, у 1890 годзе – юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Супрацоўнічаў у часопісе «Русская мысль», газеце «Русские ведомости», іншых выданнях. Пісаў пра творчасць Дз. Меражкоўскага, Л. Шастакова, іншых філосафаў і пісьменнікаў.

Цікавым гісторыка-літаратурным персанажам у кантэксце гісторыі Наваградчыны падаецца лёс каталіцкага (уніяцкага) духоўніка, рэлігійнага педагога Фабіяна Абрамовіча (1884–1940), які нарадзіўся ў Навагрудку. Доктар філасофіі, сваю дарогу да ведаў ён пачынаў у Навагрудку – вучыўся ў гарадской школе. Каталіцкую духоўную семінарыю і каталіцкую духоўную акадэмію скончыў у Пецярбургу. У горадзе на Няве актуўна ўдзельнічаў у беларускім руху. Адзін з арганізатараў, актыўных удзельнікаў I –га з’езду беларускага каталіцкага духавненства (май 1917 года). Выступіў з дакладам пра ролю асветы ў нацыянальна-рэлігійным адраджэннібыў рэктарам каталіцкай духоўнай семінарыі ў Мінску (1918– 1920). У 1920 годзе разам з семінарыяй перабіраецца ў Навагрудак. З 1921 года – ужо ў Пінску. У 1928–1938 гадах – у Харбіне (Кітай), куды прызначаны кіраўніком грэка-каталіцкай епархіі рускай эміграцыі... У Кітаі мне тройчы давялося сустракацца з кітайскім перакладчыкам, пісьменнікам, вучоным, мастаком Гаа Манам (1926–2017) – у 2015 і 2016 гг. Перакладчык, даведаўшыся, што Адам Міцкевіч – ураджэнец Беларусі, Наваградчыны, перадаў кнігі перакладаў паэзіі вялікага паэта кітайскую мову, выдадзеныя ў Пекіне. Ужо тады ведаючы, што Гаа Ман авалодваў адукацыяй у Харбіне ў Юнацкай хрысціянскай асацыяцыі, якую стварылі ў Харбіне амерыканскія місіянеры ія кую падтрымлівалі рускія місіянеры. Мо што ведаў мой кітайскі сябра і пра грэка-каталіцкую епархію..? Патрапіў жа на вучобу да рускіх місіянераў Гаа Ман у шасцігадовым узросце, значыць – у 1932 годзе... У Харбіне ураджэнец Навагрудска стварыў гімназію, у 1932–1938 гг. выдаваў часопіс «Католический вестник». У 1928 і 1929 гг. у Вільні выйшлі «філасофска-грамадскія нарысы» «Бог» і «Чалавек». У 1938 годзе Фабіян Абрантовіч вяртаецца ў Еўропу, каб трымаць у Рыме справаздачу аб праробленай працы, аб службе ў Харбіне. У 1939 наведаўся ў Навагрудак. Ад новай улады ўцёк у Львоў, дзе ўсё ж быў арыштаваны. І – закатаваны...

Гарадское вучылішча ў Навагрудку ў 1904 годзе скончыў паэт, сатырык, гумарыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 года Анатоль Дзяркач (1887–1937). Нарадзіўся пісьменнік у мястэчку Турэц сённяшняга Карэліцкага раёна. Друкавацца пачаў у 1907 годзе. З 1924 года працаваў рэдактарам сатырычнага часопіса «Дубінка» (выходзіў як дадатак да рэспубліканскай газеты «Звязда»). З 1929 года Анатоль Дзяркач – у газеце «Піянер Беларусі». У 1925–1930 гг. выдаў кнігі «Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў», «Міколава гаспадарка», «Нашы прыяцелі», «Першы дзень у дзіцячым садзе», «Працавітая дзяўчына», «Звяры нашых лясоў», «Бог удвох», «Качаргой па абразох», «Усім патроху...» У 1936 годзе Анатоль Дзяркач незаконна арыштаваны і асуджаны да вышэйшай меры пакарання.

У пярэдадзень Першай сусветнай вайны працаваў настаўнікам у Навагрудскім павеце Язэп Мазуркевіч (1887–1937). Празаік, крытык, краязнавец.

Вёска Балотца – паселішча, якое ўваходзіць у Шчорсаўскі сельсавет, радзіма вучоных Зоі Міхайлаўны Шуглі (1933; доктар сельскагаспадарчых навук) і Івана Іванавіча Катляра (1941; беларускі філосаф, палітолаг, грамадскі дзеяч). А ў 1889 годзе ў Балотцы нарадзіўся гісторык, педагог Фёдар Фёдаравіч Турук (памёр у Маскве ў 1960 годзе). Скончыў у Петраградзе два інстытуты – гісторыка-філалагічны і археалагічны. У Петраградзе далучыўся і да беларускага руху. У 1915–1918 гады выкладаў у гімназіях Мінска і Масквы. Адзін з арганізатараў Беларускага народнага ўніверсітэта і Беларускага і навукова-культурнага таварыства ў Маскве. Менавіта навагрудчанін Фёдар Турук садзейнічаў выхаду ў свет кнігі Янкі Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (Масква, 1919). Удзельнічаў у арганізацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А з 1923 года – ізноў у Маскве. Працаваў выкладчыкам Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцяў Захаду. Выдаў кнігу «Беларускі рух: Нарыс гісторыі нацыянальнага і рэвалюцыйнага руху беларусаў» (Масква, 1921).

У 1896 годзе ў Любчы, на Наваградчыне, нарадзіўся крытык, публіцыст, паэт Павел Каравайчык (1896–1937). Жыццёвы лёс якога завершыўся ў Чувашыі, Чэбаксарах. Павел Гіляравіч – з сям’і малазямельных сялян. Пасля заканчэння пачатковай школы паступіў ў Вышэйшую пачатковую школу ў Навагрудку. А ў 1910 годзе перайшоў у Навагрудскую прыватную рэальную школу. У 1911 годзе малады чалавек здаў уступныя экзамены ў Мінскую гімназію і скончыў яе з залатым медалём ужо ў Маскве ў 1916 годзе, куды гімназія была эвакуіравана ў час Першай сусветнай вайны. У 1925 годзе Павел Каравайчык скончыў медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Друкаваўся літаратар з 1917 года. Пісаў рэцэнзіі на творы, кнігі, якія станавіліся бясспрэчнай клаіскай беларускай літаратуры, – «Матчын дар» Алеся Гаруна, «Творы» Максіма Багдановіча, «Спадчына» Янкі Купалы. Пісаў Павел Каравайчык і вершы.

Калі мы ўжо зазірнулі ў Любчу канца XIX – пачатку XX стагоддзя, то нельга не згадаць сядзібу Войнава. Зараз яна належыць Любчанскаму філіялу ААТ «Навагрудскія дары». Захавалася сядзіба ў ранейшых межах. Абнесена бетоннай сцяной. На месцы сядзібнага дома пабудавана вытворчае памяшканне. Гаспадарамі сядзібы ў пазамінулым стагоддзі былі Дыбоўскія. У 1911 г. маёнткам валодала Мальвіна Іванаўна з Дыбоўскіх. У сядзібе ў сваёй сястры апошнія гады жыцця знаходзіўся яе брат – Уладзіслаў Іванавіч Дыбоўскі (1838–1910), вядомы заолаг, батанік, палеантолаг, мінеролаг, фалькларыст, удзельнік паўстання 1863–1864 гг. Апісваючы сядзібу, доктар біялагічных навук Анатоль Тарасавіч Федарук у сваёй кнізе «Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны» зазначае, што «...ў доме была сабрана вялікая бібліятэка, у якой Уладзіслаў да апошніх дзён жыцця няспынна працаваў. Сабраў бібліятэку (каля 20 тыс. кніг на розных мовах) Ян Наргілевіч. Бальшыню складалі кнігі па геаграфіі, этнаграфіі і на тэмы падарожжаў. Пасля смерці Яна (1886) Мальвіна ў 1903 годзе частку кніжнага збору і некалькі дзесяткаў атласаў перадала Нацыянальнай бібліятэцы імя Асалінскіх у Львове (вопіс склаў 3684 спраў). Уладзіслаў пахаваны побач з Наргілевічамі каля невялікага храма на ўскрайку сядзібнага парка». Дарэчы, добра было б ААТ «Навагрудскія дары» заняцца мемарыялізацыяй гэтай мясціны. І працаўнікі ведалі б, у якой гістарычнай, асветніцкйа прасторы яны вырабляюць сваю прадукцыю – найперш сыры. Мо і экскурсіі б сюды ладзілі... Сыйшліся б разам гісторыя і сучаснасць!..

Кароткае адступленне. Да размовы пра прыватныя бібліятэкі ў сядзібах. Багатыя зборы, мо, праўда, не такія гістарычныя, як у Шорсах, мелі многія навагрудскія гаспадары. У Рутцы, якая звязана ў XIX стагоддзі з родам Барзабагатых, дактароў і ўдзельнікаў паўстанняў, меўся збор кніг ва Уладзіслава Канстанцінавіча Барзабагатага (1831–1886). Вопіс кніг складаў 8 спраў у 22 тамах. Збор У. Барзабагаты перадаў бібліятэцы ў Навагрудку. У маёнтку ў Чамброве, вёска Радогашча, гаспадарылі Юліян Чамброў, а пасля яго сын Караль Чамброў (1869–1942). Сведчанне з манаграфіі Анатоля Тарасавіча Федарука: «У доме знаходзілася даволі багатая бібліятэка, у асноўным класікаў літаратуры, і вялікі сямейны архіў, якія ацалеў у гады войнаў 1812 г., а затым – і 1914 г. Двума тамамі маляўнічых гравюр на стале прадстаўлена «Дрэзэдэнская галерэя». Гэта выданне, пісаў Ян Булгак, якому дзядзька дазволіў карыстацца бібліятэкай, стварала ўяўленне пра вялікае еўрапейскае мастацтва і такія імёны, як Рубенс, Рэмбрандт, Рафаэль. У бібліятэцы захоўвалася ілюстраванае парыжскае выданне «Канрода Валенрода», «Гражыны» і другія кнігі, альбомы, папкі з малюнкамі, гравюрамі, штогоднікі, газеты». Дарэчы, у маёнтку Чамброва нарадзіўся польскі мастацтвазнавец, мастацкі педагог Марыюш Карповіч (1934). Доктар мастацтвазнаўства габілітаваны (1966). Прафесар (1979). Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «Гісторыя выяўленчага мастацтва» у 1955 годзе. Працаваў у Інстытуце гісторыі мастацтваў Варшаўскага ўніверсітэта. Чытаў лекцыі і друкаваўся як мастацтвазнавец у Італіі, у Швейцарыі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Канадзе. Аўтар даследванняў «Барока ў Польшчы», «Дзіўныя шляхі польскага мастацтва», «Польскае мастацтва XVIII стагоддзя» і іншых.

А крыху раней, з 1878 года, Уладзіслаў Дыбоўскі арандаваў маёнтак у Нянькава Навагрудскага раёна. Пасяліўся вучоны тут пасля заканчэння працы ў Дэрпцкім універсітэце. Вывучаў флору і фаўну Навагрудчыны, апрацоўваў зборы малюскаў і губак з Усходняй Прыбалтыкі і Сібіры, якія дасылаў яму яго брат Бенедыкт. Захапляўся Уладзіслаў Дыбоўскі і этнаграфіяй, беларускім фальклорам. У 1881 годзе выдаў кнігу «Беларускія пагаворкі з Навагрудскага павета», у 1886 годзе – «Беларускія загадкі з Мінскай губерні». Сядзіба ў Нянькава страчана.

Аўтар публікацыі: Алесь Карлюкевіч.
Крыніца: Звязда

Навіны

У бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Знайдзі скарбы”

3 Чэр 2024

3 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся фінал культурна-асветніцкай акцыі “Знайдзі скарбы”, ініцыяванай прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларусь няскораная

3 Чэр 2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кніжныя выстаўкі

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Разумнейшыя за ўсіх на свеце!”: прапануем праграму дзіцячага МЕГАсвята

1 Чэр 2024

1 чэрвеня з 12.00 да 15.00 Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў на дзіцячае МЕГАсвята “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам