ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Да Міжнароднага дня роднай мовы
Якасць часу: ад чаго залежыць і як мяняць

Прагным да ведаў

Прагным да ведаў
Іншыя навіны

Аналагаў 12-томнай “Энциклопедии для школьников и студентов” няма ў свеце.


І хоць у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” пакуль што выйшлі толькі тры тамы з новай серыі, кнігі паспелі ўжо зарэкамендаваць сябе як добры даведнік для дапытлівых і выдатны дапаможнік для падрыхтоўкі да экзаменаў. Максімум ведаў простай і даступнай мовай – што яшчэ можна жадаць цікаўным студэнтам і школьнікам, прагным да ведаў?!

– Гэтую энцыклапедыю можна назваць навукова-папулярным выданнем, аналагаў якому няма ў свеце, – расказвае аўтар ідэі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар БДУ Васіль Стражаў. – Існуюць энцыклапедыі агульныя, для ўсіх, ёсць энцыклапедыі для канкрэтных спецыяльнасцей, ёсць дзіцячыя энцыклапедыі. А вось такіх энцыклапедый для школьнікаў старэйшых класаў, студэнтаў яшчэ не было.

Выданні ўжо зарэкамендавалі сябе, імі актыўна карыстаюцца ў школах і ўніверсітэтах.

Першая кніга “Інфармацыйнае грамадства. XXI стагоддзе”, якая выйшла ў 2009 годзе, была прысвечана пытанням тэлекамунікацыі, сучасным сістэмам сувязі, праграмным сродкам і прымяненню інфармацыйных тэхналогій у розных сферах дзейнасці чалавека. Выданне на “ўра” ўспрынялі студэнты філасофскіх аддзяленняў.

Другі том, у якім раскрываюцца асновы сучасных фізічных уяўленняў аб прыродзе разнастайных з’яў, а таксама ключавыя матэматычныя паняцці, асабліва зацікавіў будучых фізікаў і матэматыкаў. Як расказаў Васіль Стражаў, студэнты БДУ, якія рыхтуюцца па гэтай кнізе да экзаменаў, здаюць іх усе без выключэння.

Трэці том “Зямля. Сусвет”, які толькі-толькі пабачыў свет і быў прэзентаваны на ХІХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, прадстаўляе новую канцэпцыю ўтварэння Зямлі і Месяца, расказвае пра ўнутраную будову нашай планеты і яе будучыню, распавядае пра сонечную сістэму, зоркі і многае іншае.

– Плануецца, што з гэтага года пачнём выдаваць кнігі хутчэйшымі тэмпамі. Як бачыце, да гэтага тамы выходзілі толькі раз у год, – расказвае Васіль Стражаў. – А планаў у нас шмат! Думаем выдаць яшчэ дзевяць кніг.

Чацвёрты том будзе прысвечаны свету тэхнікі, пяты – біялогіі і хіміі. Наступныя тамы “Энциклопедии для школьников и студентов” раскажуць пра гісторыю Беларусі, яе прыроду, літаратуру, мастацтва, моладзь у ХХI стагоддзі.

Энцыклапедыя пішацца не для прафесіяналаў, а для школьнікаў і студэнтаў, якія проста хочуць больш ведаць. Таму аўтарамі артыкулаў з’яўляюцца ў асноўным выкладчыкі ВНУ, якія, з аднаго боку, з’яўляюцца навукоўцамі, а з другога – умеюць растлумачыць і проста данесці досыць складаную інфармацыю.

– Стараліся пісаць даступна і папулярна, – расказвае адзін з аўтараў трэцяга тома “Зямля. Сусвет” загадчык лабараторыі тэарэтычнай фізікі Інстытута фізікі НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук Юрый Курачкін. – Я і мае калегі былі адказныя за раздзел мікракосмасу ў трэцім томе. Што ў ім знаходзім? Пра элементарныя часціцы – цаглінкі сусвету, пра вялікія тэорыі ХХ стагоддзя... Магчыма, чытачы не адразу ўсё зразумеюць – часам разглядаюцца вельмі складаныя паняцці. Аднак галоўнае, каб у школьнікаў і студэнтаў было жаданне паглыбляць свае веды. Тым больш што ў энцыклапедыі інфарматыўныя не толькі тэксты. Тут шмат малюнкаў, табліц, схем. Чытаць такія кнігі сапраўды цікава і прыемна. Варта было ўбачыць, з якім захапленнем разглядалі выданне студэнты, якія завіталі на прэзентацыю праекта. Ды і кошт выдання, калі ўлічыць, што гэта вялікая тоўстая энцыклапедыя, не надта “кусаецца”. У залежнасці ад тома кніга каштуе ад 30 да 70 тысяч беларускіх рублёў.

Крыніца: "Народная газета"

Навіны

Зала дакументаў па мастацтве прапануе: рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Май 2024

Штогод 18 мая больш чым у 150 краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, які шырока святкуецца і ў нашай краіне ў рамках акцыі “Ноч музеяў”. У межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі”, якая ладзіцца ў зале мастацтваў (пам. 306), запрашаем пазнаёміцца з кніжнай выстаўкай “Па маршрутах беларускіх музеяў”, прысвечанай айчыннай музейнай справе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам