З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.
Гэты Дзень быў заснаваны Генеральнай асамблеяй Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) у верасні 2000 года (дакумент WO/GA/26/2) і штогод адзначаецца 26 красавіка, пачынаючы з 2001 года. Дата для гэтага міжнароднага свята была абрана не выпадкова: менавіта ў гэты дзень, у 1970 годзе, уступіла ў сілу Канвенцыя САІУ, згодна з якой была заснавана Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці.
Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці ўяўляе сабой унікальную магчымасць аб’яднаць намаганні грамадства і сумесна падумаць аб тым, як інтэлектуальная ўласнасць (ІУ) можа дапамагчы ў далейшым развіцці навукі і мастацтва ва ўсім свеце і спрыяць тэхналагічным інавацыям на карысць усеагульнага прагрэсу.
Штогод Дзень інтэлектуальнай уласнасці прысвячаецца якой-небудзь тэме. Тэма Дня 2024 года – “ІУ і МУР: інавацыі і творчасць на карысць агульнай будучыні”. Гэта магчымасць праілюстраваць тую цэнтральную ролю, якую ІУ, інавацыі і творчасць адыгрываюць у дасягненні МУР на карысць кожнага чалавека.
Прапанаваная чытачам выстава налічвае каля 100 дакументаў на рускай і англійскай мовах – кнігі, брашуры, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН, перыядычныя выданні, буклеты. Гэтыя дакументы пазнаёмяць чытача з развіццём інтэлектуальнай уласнасці ў свеце, а таксама з дзейнасцю САІУ, накіраванай на рашэнне сённяшніх і заўтрашніх праблем у галіне аховы і развіцця ІУ.
Асноўную частку экспазіцыі складаюць дакументы САІУ, сярод якіх – матэрыялы па міжнародным заканадаўстве ў сферы інтэлектуальнай уласнасці (канвенцыі, дагаворы, пагадненні), літаратура па аўтарскім праве, патэнтах і таварных знаках, штогадовыя справаздачы і кароткія агляды і інш. У асобны раздзел вынесены дакументы, якія раскрываюць праблемы аховы інтэлектуальнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь.
Сярод прадстаўленых на выставе дакументаў – матэрыялы міжнародных навукова-практычных канферэнцый, зборнікі навуковых артыкулаў, манаграфіі, навучальныя дапаможнікі і інш.
Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:
Выстава будзе цікава студэнтам, аспірантам, выкладчыкам юрыдычных і эканамічных факультэтаў, кіраўнікам прадпрыемстваў, супрацоўнікам навукова-даследчых і прыкладных інстытутаў, юрысконсультам і ўсім, хто цікавіцца праблемамі інтэлектуальнай уласнасці.
У Рэспубліцы Беларусь функцыянуе эфектыўная сістэма аховы інтэлектуальнай уласнасці. Наша краіна з’яўляецца ўдзельніцай многіх шматбаковых міжнародных дагавораў, якія функцыянуюць пад эгідай САІУ, а таксама шэрагу шматбаковых міжнародных дагавораў, заключаных у рамках СНД, у галіне аховы прамысловай уласнасці, аўтарскага права і сумежных праў.
Карысныя спасылкі
Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый прапануе віртуальную кніжную выставу “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаную Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.
З пералікам лiтаратуры да тэматычных выстаў можна азнаёмiцца ў раздзеле “Спісы літаратуры да выставак за 2024 год”.
Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 26.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.