ГалоўнаяБiблiятэкарамНавукова-практычныя распрацоўкі і метадычныя матэрыялыМетадычныя рэкамендацыі па вызначэнні цаны на дакументы, якія паступаюць у фонды бібліятэк Рэспублікі Беларусь без указання кошту

Метадычныя рэкамендацыі па вызначэнні цаны на дакументы, якія паступаюць у фонды бібліятэк Рэспублікі Беларусь без указання кошту

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Метадычныя рэкамендацыі (далей – Рэкамендацыі) распрацаваны для ажыццяўлення адзінага падыходу пры вызначэнні цаны дакументаў, якія паступаюць у фонды бібліятэк Рэспублікі Беларусь без указання кошту.

2. Без указання кошту ў бібліятэкі паступаюць: абавязковы бясплатны экзэмпляр дакументаў; выданні, атрыманыя ў рамках дакументаабмену і пераразмеркавання; дары ад фізічных і юрыдычных асоб; дакументы, прынятыя наўзамен згубленых карыстальнікамі.

3. Цана на дакументы, якія паступілі ў бібліятэкі без указання кошту, вызначаецца загадчыкам аддзела камплектавання альбо іншым адказным супрацоўнікам. Цана на дакументы, згубленыя карыстальнікамі з фонду бібліятэкі, вызначаецца загадчыкам аддзела абслугоўвання альбо іншым адказным работнікам.

4. Цана на дакументы, якія паступілі ў бібліятэкі без указання кошту, вызначаецца шляхам:

  • разліку цаны адной старонкі дакумента;
  • аналізу бягучай кан’юнктуры кніжнага рынку (у т.л. антыкварнага і букіністычнага);
  • выкарыстання метаду ўсярэдненых цэн.

5. Цана рукапісных, рэдкіх кніг і старадрукаў, архіўных матэрыялаў ацэньваецца з улікам экспертнай ацэнкі, якая вызначае рэдкасць дакумента, яго літаратурную і гістарычную значнасць.

6. Спрэчныя пытанні па вызначэнні цаны на дакументы, якія паступілі ў бібліятэку без указання кошту, могуць выносіцца на разгляд фондавай камісіі бібліятэкі і іншых калегіяльных органаў бібліятэкі.

7. Парадак працы калегіяльных органаў і асоб, адказных за ацэнку дакументаў, якія паступілі ў бібліятэку без указання кошту, рэгламентуецца лакальнымі актамі бібліятэкі.

ГЛАВА 2
ВЫЗНАЧЭННЕ ЎМОЎНАЙ ЦАНЫ НА ДАКУМЕНТЫ, ЯКІЯ ПАСТУПІЛІ Ў БІБЛІЯТЭКУ БЕЗ УКАЗАННЯ КОШТУ, ШЛЯХАМ РАЗЛІКУ ЦАНЫ АДНОЙ СТАРОНКІ ДАКУМЕНТА

8. Для вызначэння ўмоўнай цаны дакумента, якая паступіла ў бібліятэку без указання кошту, у першую чаргу устанаўліваецца цана адной “стандартнай” старонкі выдання, фармат якога роўны 60х84/16 або 60х84 1/16 (фармат старонак пазначаны ў выходных звестках выдання).

9. Цана адной старонкі дакумента ўмоўна разлічваецца як 0,002 ад базавай велічыні, якая ўжываецца ў Рэспубліцы Беларусь. Пры неабходнасці робіцца акругленне да цэлай капейкі (напрыклад, 0,064 = 0,06 або 0,068 = 0,07).

10. Калі фармат старонкі перавышае стандартны ў два разы, то кошт старонкі павялічваецца ў два разы.

Кошт старонкі малафарматнага выдання вызначаецца шляхам памяншэння цаны ў адносінах да стандартнай. Кошт вокладкі разлічваецца як кошт старонкі.

11. Пры вызначэнні цаны дакумента ўжываюцца паправачны і павышальны каэфіцыенты, а таксама пры неабходнасці дабавачны павышальны і паніжальны каэфіцыенты.

11.1. Паправачны каэфіцыент, межы якога складаюць 1,0–3,0, выкарыстоўваецца пры дыферэнцыяцыі выданняў па тыпах і відах згодна з дадаткам 1.

11.2. Межы паправачнага каэфіцыента ўнутры кожнага тыпу і віду дакументаў устанаўліваюцца ў залежнасці ад грамадскай значнасці канкрэтнага выдання: заканадаўчай сілы дадзенага нарматыўнага дакумента, навуковай каштоўнасці, практычнай значнасці, а таксама спосабу выкладу матэрыялу, чытацкага прызначэння і інш.

Камбінаванае выданне ацэньваецца шляхам падсумоўвання кошту асноўнай часткі і дадатку.

12. Павышальны каэфіцыент, межы якога складаюць 1,1–2,0, выкарыстоўваецца з улікам ацэнкі наступных тэхнічных і мастацкіх характарыстык выдання:

  • асаблівасці паліграфічнага выканання: палепшанае мастацкае і паліграфічнае афармленне з выкарыстаннем арыгінальнага макета, высакаякаснай паперы (кіпсек, юбілейнае, бібліяфільскае, факсімільнае, мініяцюрнае і інш.) згодна з дадаткам 2;
  • ступень ілюстраванасці і кніжнае афармленне: малюнкі, гравюры, фатаграфіі, чарцяжы, схемы, карты і да т.п., як у чорна-белым, так і ў каляровым выкананні, колькасць дэкаратыўных элементаў (узораў, арнаментаў, віньетак, эмблем і да т.п.), выкананых выбітнымі майстрамі кніжнай графікі – лаўрэатамі розных прэмій, дыпломаў, прызоў;
  • канструкцыя і асаблівасці брашуровачна-пераплётных работ: пераплёт, вокладка, а таксама пераплёт або вокладка, аздобленыя мастацкімі элементамі (інтэграваны пераплёт, супервобкладка, каляровае цісненне, фальгіраванне, лакіраванне, пазалочаныя абрэзы, наяўнасць элементаў з металу, дрэва, тканіны і да т.п.);
  • якасць друкаванай паперы: мелаваная (глянцавая, матавая), афсетная, газетная, калька, крафт, кардон;
  • аб’ём выдання;
  • фармат выдання згодна з дадаткам 3.

12.1. Дабавачны павышальны каэфіцыент, які ў залежнасці ад віду і тыпу выдання, тэхнічных і мастацкіх характарыстык выдання роўны 1,1–2,0, ужываецца:

  • пры невысокім аб’ёме тыражу;
  • дакумент адсутнічае ў фондах або маецца ў недастатковай колькасці экзэмпляраў;
  • дакумент мае спецыфічны фармат выдання: мініяцюрнае выданне, кішэннае выданне, фаліянт і іншыя віды выданняў згодна з дадаткам 3.

13. Паніжальны каэфіцыент памерам 0,1–0,9 ужываецца ў выпадках:

  • дакумент пашкоджаны: зношаны або адсутнічае вокладка/пераплёт, адарваны або згублены старонкі, маюцца пазнакі, надпісы;
  • дакумент рэстаўраваны;
  • згублены ўкладныя дадаткі (карты, схемы, ілюстрацыі і г.д.).

14. Рэкамендуецца браць пад увагу, што ў букіністычным гандлі ўжываюцца наступныя каэфіцыенты ўцэнкі выданняў:

  • да 10 %, калі маюцца невялікія пашкоджанні, пазнакі, надпісы, пацёртасці вугалкоў і карашка кнігі;
  • да 25 %, калі ёсць адарваныя старонкі без іх згубы, пацёртасці, пашкоджанні;
  • да 30 %, калі кніга рэстаўраваная;
  • да 50 %, калі маецца згуба матэрыялу, выпадаюць асобныя аркушы;
  • да 75 %, калі пераплёт зношаны, адсутнічае больш за адзін аркуш;
  • да 90 %, калі пераплёт адсутнічае або парваны, вырваны аркушы, згублены дадаткі ў выглядзе карт, схем, ілюстрацый і відавочная неабходнасць рэстаўрацыі.

15. Канчатковы разлік цаны выдання складаецца з наступных дзеянняў: колькасць старонак выдання памнажаецца на кошт адной старонкі, на паправачны каэфіцыент, на павышальны каэфіцыент і, пры неабходнасці, на дабавачны павышальны або паніжальны каэфіцыенты. Узор разліку кошту выдання – дадатак 4.

ГЛАВА 3
ВЫЗНАЧЭННЕ ЦАНЫ НА ДАКУМЕНТЫ, ЯКІЯ ПАСТУПІЛІ Ў БІБЛІЯТЭКУ БЕЗ УКАЗАННЯ КОШТУ, ШЛЯХАМ АНАЛІЗУ КАН’ЮНКТУРЫ КНІЖНАГА РЫНКУ

16. Вызначэнне цаны на дакументы, якія паступілі ў бібліятэку без яе ўказання, ажыццяўляецца шляхам аналізу цэн на падобныя дакументы на кніжным рынку з улікам літаратурнай і грамадскай значнасці дакумента, часу яго публікацыі, асаблівасцей друкарскага і графічнага афармлення, захаванасці і спецыфікі канкрэтнага экзэмпляра.

17. Для вызначэння цаны на канкрэтнае выданне можна ўлічваць наступныя цэнаўтвараючыя фактары:

17.1. год выдання дакумента;
17.2. тэматыка і жанр;
17.3. ілюстрацыі (аўтарства, тэхніка, колькасць) і афармленне пераплёту;
17.4. тэхналогія друку, нанясення шрыфту і ілюстрацый, вокладкі;
17.5. стан друкаванага выдання, якасць паперы і вокладкі, камплектнасць і цэласнасць старонак;
17.6. наяўнасць аўтографаў, уладальніцкіх запісаў, экслібрысаў;
17.7. аб’ём тыражу пры выпуску;
17.8. неабходны аб’ём рэстаўрацыі.

ГЛАВА 4
ВЫЗНАЧЭННЕ ЦАНЫ НА ДАКУМЕНТЫ, ЯКІЯ ПАСТУПІЛІ Ў БІБЛІЯТЭКУ БЕЗ УКАЗАННЯ КОШТУ, ШЛЯХАМ ВЫКАРЫСТАННЯ МЕТАДУ ЎСЯРЭДНЕНЫХ ЦЭН

18. Выкарыстанне метаду ўсярэдненых цэн рэкамендуецца пры вялікіх аб’ёмах паступленняў дакументаў.

18.1. Метад усярэдненых цэн прадугледжвае вызначэнне сярэдняга кошту дакументаў, набытых бібліятэкай у папярэднім справаздачным перыядзе, з улікам такіх параметраў, як тып, від выдання, яго аб’ём і іншыя.

19. Агульная сума, затрачаная на закупку дакументаў у папярэдні справаздачны перыяд, дзеліцца на колькасць набытых экзэмпляраў. Атрыманы вынік вызначае сярэднюю цану дакумента.

ГЛАВА 5
ВЫЗНАЧЭННЕ ЦАНЫ НА РУКАПІСНЫЯ, РЭДКІЯ ВЫДАННІ, СТАРАДРУКІ І АРХІЎНЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ

20. Вызначэнне цаны на старадрукі і рэдкія выданні, рукапісныя і архіўныя матэрыялы ажыццяўляецца з улікам асаблівасцей канкрэтнага дакумента: яго рэдкасці; фізічнай захаванасці; наяўнасці ўладальніцкіх вокладак, аўтографаў, экслібрысаў, запісаў, рукапісных прыпляценняў; гатунку і якасці паперы; наяўнасці прысвячэнняў; мастацкага афармлення; літаратурнай і гістарычнай значнасці; наяўнасці ў фондах бібліятэк, музеяў і іншых арганізацый.

21. Вызначаць магчымую цану кожнага рэдкага друкаванага або рукапіснага дакумента рэкамендуецца па існуючых антыкварных каталогах, з улікам наяўных цэн на такія ж або аналагічныя дакументы на сайтах антыкварных крам і аўкцыёнаў. Ацэнка можа ажыццяўляцца ў адпаведнасці з існуючай практыкай вызначэння кошту дакументаў па кан’юнктуры міжнароднага антыкварна-букіністычнага кніжнага рынку.

22. Рукапісныя, рэдкія выданні і старадрукі, архіўныя матэрыялы могуць ацэньвацца ў памеры іх кошту згодна з прадстаўленым дакументам (калі дарыльшчык набыў кнігу) або экспертнай ацэнцы пры ўдзеле фондавай камісіі бібліятэкі.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты