ГалоўнаяМерапрыемствыЖыццё як імгненне
Бачыць у цемры: гэтаму і не толькі навучаць гасцей выстаўкі “Fantasy Land”
Дзіцячы пакой запрашае на летнія творчыя заняткі

Жыццё як імгненне

Жыццё як імгненне
Іншыя мерапрыемствы
12 ліпеня – 9 верасня
Дата правядзення
10.00 – 21.00
Час правядзення
пам. 306
Месца правядзення

З 12 ліпеня па 9 верасня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Жыццё як імгненне”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння выдатнага італьянскага жывапісца і скульптара Амедэа Мадыльяні (1884–1920).

Асоба Мадыльяні, або проста “Мадзі”, як яго называлі родныя і сябры, поўная супярэчнасцей і легенд, перапляценняў праўды і выдумкі. Запальчывы характар, выбухны тэмперамент, эксцэнтрычнасць, нястрыманасць, бясконцыя бойкі, любоўныя прыгоды і згубныя прыхільнасці цудоўна спалучаліся з яго арыстакратычнай элегантнасцю, вельмі высокім інтэлектам і эрудыцыяй, вытанчаным абаяннем, бляскам і неверагоднай сілай таленту.

Мастак нарадзіўся ў італьянскім горадзе Ліворна, аднак жыў і займаўся любімай справай у Парыжы. Тут ён адчуў уплыў творчасці Пабла Пікасо, стаў сябрам Хаіма Суціна, тут жа сустрэў сваю музу і каханне Ганну Ахматаву, а незадоўга да смерці знайшоў шчасце з юнай і рамантычнай Жаннай Эбютэрн. Мадыльяні пражыў усяго 35 гадоў, яго жыццё праляцела, як імгненне, як яркая ўспышка, якая пакінула глыбокі след у сусветным мастацтве.

Нягледзячы на тое, што мастака лічаць прадстаўніком экспрэсіянізму, яго творчы стыль абсалютна ўнікальны і непаўторны. Як таленавіты жывапісец і скульптар, ён умела спалучаў гэтыя два віды мастацтва ў сваіх працах, нібы вылепліваў падоўжаныя формы, плоскія выцягнутыя твары, тонкія выгнутыя шыі, незвычайныя пустыя вачніцы, якія да гэтага часу выклікаюць пытанні і пошукі сэнсу, закладзенага мастаком.

На выстаўцы прадстаўлены рэпрадукцыі карцін Амедэа Мадыльяні, у прыватнасці партрэты – прыярытэтны жанр ў яго творчасці. Наведвальнікі ўбачаць вобразы цудоўнай Жанны Эбютэрн, сучаснікаў мастака, яго сяброў і калег, шчырыя і чыстыя вобразы дзяцей. Прывабяць увагу пейзажы Мадыльяні (рэдкасць ў яго творчасці), выявы скульптур, дзе адчувальны ўплыў афрыканскага мастацтва. Сапраўднымі шэдэўрамі творчай спадчыны жывапісца сталі творы, выкананыя ў жанры ню.

Цікавасць выклікаюць матэрыялы пра жыццёвы і творчы шляхмастака і яго асобу. Сярод іх – манаграфіі П'ера Сішэля, Карада Аўджыяса, Віталія Віленкіна, а таксама зборнік “Амедео Модильяни в воспоминаниях дочери и современников”, асноўную частку якога складае кніга Жанны, дачкі мастака, якая стала біёграфам бацькі.

Сёння Амедэа Мадыльяні па-ранейшаму папулярны і высока цэніцца. Яго палотны ўпрыгожваюць лепшыя музеі свету, яго стыль капіруюць, пра яго здымаюць фільмы, яму прысвячаюць вершы... Выстаўка раскажа пра тое, як творчасць Мадыльяні прапагандуецца ў сучаснай культуры, пазнаёміць з мастацкай літаратурай, дзе галоўным героем з'яўляецца Мадыльяні, з артыкуламі аб оперы “Ганна і Амедэа”, фільме “Мадыльяні” рэжысёра Міка Дэвіса.

Усяго экспазіцыя налічвае больш за 50 дакументаў.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце ці білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял прадстаўлены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Спявак бясконцай любві

25.04.2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Пранікаючы ў тайны творчасці

25.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Пранікаючы ў тайны творчасці”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння літаратуразнаўца, крытыка, акадэміка НАН Беларусі Васіля Васільевіча Барысенкі (1904–1984), праходзіць з 25 красавіка па 23 чэрвеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).



Бібліятэкарам