Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 3 красавіка па 12 мая ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстава “Здароўе нацыі – аснова росквіту дзяржавы”, прысвечаная Сусветнаму дню здароўя.
Гэты Дзень быў заснаваны на першай сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя ў 1948 годзе і штогод адзначаецца 7 красавіка пачынаючы з 1950 года. Дата абрана не выпадкова: 7 красавіка 1948 года набыў сілу Статут Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя – спецыялізаваная ўстанова ААН, інстанцыя, якая скіроўвае і каардынуе сферу аховы здароўя ў рамках сістэмы ААН.
Рэспубліка Беларусь, адна з краін – заснавальнікаў СААЗ, актыўна бярэ ўдзел у працы гэтай арганізацыі. Мэта супрацоўніцтва нашай дзяржавы з СААЗ палягае ў тым, каб, выкарыстоўваючы сусветны досвед, забяспечыць найбольш спрыяльныя ўмовы для ўдасканалення працы сістэмы аховы здароўя Беларусі. Супрацоўніцтва з СААЗ дазваляе не толькі скарыстаць досвед гэтай арганізацыі, але і атрымліваць фінансавыя сродкі, а таксама прыцягваць увагу сусветнай супольнасці да найбольш вострых праблем краіны: рэфармавання аховы здароўя і пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС.
У нацыянальнай стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года вызначана, што “стратэгічнай мэтай у сферы паляпшэння здароўя з’яўляецца стварэнне дзяржаўнага механізму падтрымкі здаровага ладу жыцця, фарміраванне высокага попыту на асабістае здароўе, стварэнне перадумоў для яго задавальнення”. Асноўная задача нашай дзяржавы ў гэтым кірунку – стварэнне ў грамадзян усвядомленай патрэбы ставіцца да свайго здароўя як да каштоўнасці.
Дзяржава робіць усё патрэбнае для захавання здароўя сваіх грамадзян. Але цяпер усё больш відавочнай робіцца залежнасць здароўя не толькі ад лекава-прафілактычных мерапрыемстваў, што праводзяцца ўстановамі аховы здароўя, але перш за ўсё ад самога чалавека, яго ўсвядомленага стаўлення да фарміравання, умацавання і захавання свайго здароўя і здароўя членаў сваёй сям’і.
Сусветны дзень здароўя закліканы сфарміраваць у людзей правільнае ўяўленне пра здаровае жыццё, пра найвышэйшую каштоўнасць здароўя, патрэбу займацца фізічнымі практыкаваннямі, браць удзел у актыўных відах адпачынку, ужываць здаровую ежу, абмяжоўваць спажыванне алкаголю і тытуню і г. д.
Штогод для Сусветнага дня здароўя абіраецца тэма, што адлюстроўвае пэўную глабальную праблему, якая стаіць перад аховай здароўя планеты. Гэты год абвешчаны Міжнародным годам работнікаў сястрынскіх і акушэрскіх службаў, таму мерапрыемствы Сусветнага дня здароўя 2020 года прысвечаны жыццёва важнай ролі медыцынскіх сясцёр і акушэрак у ахове здароўя людзей ва ўсім свеце і патрэбе ўмацавання сястрынскіх і акушэрскіх службаў.
Медсёстры і акушэркі адыгрываюць найважнейшую ролю ў аказанні паслуг аховы здароўя. Яны прысвячаюць сваё жыццё дапамозе маці і дзецям, робяць жыццёва важныя прышчэпкі і даюць медычныя рэкамендацыі, даглядаюць пажылых людзей і ў цэлым задавальняюць асноўныя штодзённыя патрэбы насельніцтва ў сферы аховы здароўя. Часта для мясцовага насельніцтва яны становяцца першай і адзінай крыніцай медыцынскай дапамогі.
На выставе прадстаўлена больш за 80 дакументаў: кнігі, брашуры і перыядычныя выданні на рускай і англійскай мовах.
Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:
-
Міжнародныя рэкамендацыі і стандарты ў сферы аховы здароўя, дзейнасць СААЗ
-
Здаровы лад жыцця – аснова даўгалецця чалавека
-
Здароўе маці і дзіцяці
-
Барацьба з інфекцыйнымі хваробамі
-
Вада, санітарыя і гігіена
-
Роля сястрынскіх і акушэрскіх службаў у ахове здароўя людзей
-
Ахова здароўя грамадзян у Рэспубліцы Беларусь
Выстава будзе карысная спецыялістам у сферы аховы здароўя, медыцынскім работнікам, навукоўцам, выкладчыкам, студэнтам вышэйшых навучальных устаноў, а таксама ўсім, хто цікавіцца праблемамі аховы здароўя і пытаннямі здаровага ладу жыцця.
Карысныя спасылкі
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 28.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання афіцыяльнымі дакументамі.
Чытайце таксама: