ГалоўнаяМерапрыемствыЖыў-быў сабака: вобраз сабакі ў творах мастацтва
Зімовыя карункі
Годнасць, свабода і справядлівасць для ўсіх

Жыў-быў сабака: вобраз сабакі ў творах мастацтва

Жыў-быў сабака: вобраз сабакі ў творах мастацтва
Іншыя мерапрыемствы
7 снежня – 4 студзеня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 306
Месца правядзення

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Жыў-быў сабака: вобраз сабакі ў творах мастацтва” з калекцыі выяўленчых дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі праходзіць з 7 снежня па 4 студзеня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

З глыбокай старажытнасці да нашых дзён сабака адыгрывае найважнейшую ролю ў нашым жыцці. Сімвал аховы, вернасці, адданасці, безумоўнай любві, гэта дзіўная жывёла – сапраўдны сябар, кампаньён і памочнік чалавека – суправаджае яго ў розных відах дзейнасці.

У розныя эпохі сабак паважалі і шанавалі, прызнаючы іх унікальныя якасці. Так, у перыяд позняга палеаліту (20–11 тысяч гадоў таму), калі жыццё людзей было поўна небяспекі, сабакі сталі асноўнымі памочнікамі: баранілі жыллё чалавека ад дзікіх звяроў і няпрошаных гасцей, палявалі разам з ім, дапамагалі знайсці дарогу дадому заблукаўшаму падарожніку. У Старажытным Егіпце сабаку лічылі святой жывёлай, верылі, што ён з’яўляецца правадніком у замагільны свет. Падобнае стаўленне да чатырохногіх сяброў было ў старажытных грэкаў і рымлян: профілі сабак чаканілі на манетах, апявалі любімых гадаванцаў у вершах. У эпоху Адраджэння, барока і наступныя перыяды сабака ўспрымаўся як кампаньён і паплечнік, часам звер увасабляў багацце гаспадара і яго высокі статус. У нашы дні чатырохногія сябры, нароўні з кошкамі, па-ранейшаму застаюцца аднымі з самых любімых свойскіх гадаванцаў.

Характар і звычкі сабак, іх выгляд і пароды ва ўсе часы прыцягвалі ўвагу жывапісцаў і скульптараў розных краін, эпох і стыляў. На выставе прадстаўлена панарама вобразаў сабак у рэпрадукцыях лепшых палотнаў сусветнага мастацтва, ад старажытнасці да нашых дзён. Наведвальнікі ўбачаць выявы жывёлы на наскальных малюнках, пазнаюць старажытнаегіпецкага бога Анубіса, які традыцыйна адлюстроўваўся з целам чалавека і галавой сабакі.

Як сімвал сямейнай вернасці і адданасці адлюстраваў мініяцюрнага сабачку вялікі галандзец Ян ван Эйк на палатне “Партрэт пары Арнальфіні”. Накіды сабак Леанарда да Вінчы, сабакі на малюнках і гравюрах Альбрэхта Дзюрэра здзівяць дакладнасцю анатоміі, характэрных “сабачых” ракурсаў, якія ўлавілі вялікія майстры. Варта ўбачыць палотны з смелымі сабакамі, якія рвуцца ў атаку; карціны, на якіх паказаны сцэны палявання, напрыклад, “Паляўнічыя на снезе” Пітэра Брэйгеля Старэйшага; работы пэндзля Пітэра Паўля Рубенса і іншых майстроў. Усмешку выклікаюць выявы сабак, якія спрабуюць скрасці ласунак са стала або сумесна абедаюць з гаспадарамі, як у працах Франса Снейдэрса, Жана-Батыста Сімяона Шардэна, малых галандцаў.

Пародзістыя сабакі – частыя героі партрэтаў арыстакратаў, каралёў і прынцаў, дзе яны суправаджаюць сваіх шляхетных гаспадароў. Прыгажосць такіх сабак, іх постаць можна ацаніць, гледзячы на рэпрадукцыі карцін англійскіх жывапісцаў Томаса Гейнсбара, Джошуа Рэйнальдса, Уільяма Хогарта.

Ласкавых пушыстых улюбёнцаў, якія гуляюць з дзецьмі, мы сустрэнем у творах прадстаўнікоў стылю ракако, а таксама ў імпрэсіяністаў. Выклікаюць цікавасць яны і ў творчасці мадэрністаў, напрыклад, імклівы сабака, які паказаны з мноствам лап на карціне “Дынамізм сабакі на павадку” працы Джакама Бала, прадстаўніка футурызму, для якога характэрна перадача хуткасці, дэманстрацыя дынамічнага аб’екта адначасова ў мностве часавых кропак.

Да вобразаў сабак часта звярталіся рускія мастакі. У экспазіцыі прадстаўлены рэпрадукцыі карцін “Вершніца” Карла Брулова; “Партрэт Зінаіды Юсупавай” і “Колі” Валянціна Сярова; чатырохногія сябры на палотнах Зінаіды Серабраковай; сабака, які падзяляе нягоды дзяцей, на карціне “Тройка” Васілія Пярова; лагодны сабачка, які радасна сустракае гаспадара, у творы “Зноў двойка” Фёдара Рашэтнікава і многія іншыя.

Значная частка экспазіцыі дэманструе творы беларускіх мастакоў, якія нярэдка натхняліся вобразамі сабак. Варта ўбачыць чатырохногіх сяброў у жывапісных і графічных працах Івана Хруцкага, Леаніда Шчамялёва, Барыса Заборава, Уладзіміра Тоўсціка, Валерыя Славука, Валянціна Губарава, Анатоля Канцуба, Віктара Барабанцава, Антаніны Маісеевай, у скульптурах Мікалая Байрачнага і іншых аўтараў.

Дапаўняюць выставу кнігі пра пароды сабак, іх харчаванне, асаблівасці дрэсіроўкі, якія дапамогуць гаспадарам лепш зразумець сваіх гадаванцаў і забяспечыць ім годны догляд.

У снежні ў зале дакументаў па мастацтве запрашаем наведаць выставы, прымеркаваныя да дзён памяці мастакоў Уладзіміра Рынкевіча (1952–2021) і Алеся Родзіна (1947–2022), а таксама юбілейныя экспазіцыі, прысвечаныя 205-годдзю з дня нараджэння паэта і графіка Артура Бартэльса (1818–1885), 120-годдзю з дня нараджэння жывапісца Івана Ахрэмчыка (1903–1971), 85-годдзю з дня нараджэння графіка Эдуарда Агуновіча (1938–2020).

Час работы выстаў адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Спявак бясконцай любві

25.04.2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Пранікаючы ў тайны творчасці

25.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Пранікаючы ў тайны творчасці”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння літаратуразнаўца, крытыка, акадэміка НАН Беларусі Васіля Васільевіча Барысенкі (1904–1984), праходзіць з 25 красавіка па 23 чэрвеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).



Бібліятэкарам