ГалоўнаяМерапрыемствыЗімовыя карункі
Цырымонія перадачы ў дар зборніка эсэ “Живая память благодарных поколений”
Жыў-быў сабака: вобраз сабакі ў творах мастацтва

Зімовыя карункі

Зімовыя карункі
Іншыя мерапрыемствы
8 снежня – 14 студзеня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
кальцавая галерэя (2-гі паверх)
Месца правядзення

Святочная выстава “Зімовыя карункі”, прымеркаваная да Новага года і Каляд, працуе з 8 снежня ў кальцавой галерэі 2-га паверха.

Набліжаецца самая чароўная і казачная пара года. Час марозных узораў на шкле, ахутаных і прыбраных снегам дрэў і дамоў. Час утульных карункавых рэчаў і сумеснага вечаровага чытання вершаваных і празаічных гісторый на тэму зімовых свят. 

Кніжная выстава прадстаўляе шэраг выданняў і выяўленчых дакументаў з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, што пазнаёмяць з вытокамі калядных свят і дапамогуць прасякнуцца незвычайнай атмасферай зімовых дзён.

Экспазіцыя складаецца з некалькіх раздзелаў і расказвае пра гісторыю народных свят, навагоднія і калядныя традыцыі і звязаныя з імі прыкметы і павер’і. Адкрываюць яе раздзелы “Каляды на Беларусі” і “Каляды ў свеце”, у якіх асаблівая ўвага нададзена традыцыям святкавання Новага года і Каляд нашымі продкамі, а таксама асаблівасцям святкавання ў іншых краінах.

Цэнтральнае месца адведзена раздзелу "Майстэрня Дзеда Мароза", з якога можна даведацца, як упрыгожыць кватэру, арыгінальна аформіць падарункі родным і блізкім, змайстраваць маскі, сувеніры і ёлачныя ўпрыгожанні. Парады прафесійных дэкаратараў і сцэнарыстаў дапамогуць стылёва сервіраваць стол і арганізаваць незабыўнае, поўнае весялосці, сюрпрызаў і конкурсаў свята.

Здаўна існавала традыцыя дарыць дзецям у пачатку года кнігі, якія прывіваюць любоў да прыроды, ведаў, вучаць сяброўству і павазе да дарослых, дапамагаюць бавіць разам сямейныя вечары. Гэтаму прысвечаны асобныя раздзелы “Калядныя чытанні” і “Снежныя старонкі зімовых казак”, у якіх прадстаўлены казачныя аповесці і апавяданні Х.К. Андэрсана, М. Гогаля, М. Някрасава, А. Чэхава, А. Астроўскага, Я. Коласа, С. Маршака і інш. У шматлікіх зборніках-чытанках, хрэстаматыях адмыслова сабраны лепшыя вершы, казкі, апавяданні вядомых пісьменнікаў пра зіму і Новы год. Цёплыя маляўнічыя ілюстрацыі беларускай мастачкі Рыты Цімохавай паўстаюць са старонак зборніка “Падарунак ад Дзеда Мароза”.

Сярод адметнасцей выставы – зімнія нумары аднаго з першых літаратурных часопісаў для дзяцей “Игрушечка” (ХІХ ст.), шэраг кніг-календароў “Круглый год” і “Детский календарь”. Гэтыя штогадовыя дзіцячыя літаратурна-мастацкія зборнікі былі жаданымі навагоднімі падарункамі для савецкіх дзяцей. Кнігі аздоблены мноствам малюнкаў і поўнафарматных каляровых уклеек. У іх друкаваліся вершы, казкі і апавяданні, чарцяжы самаробак і апісанне настольных гульняў, нарысы аб знамянальных датах, падзеях і выбітных людзях.

Запрашаем наведаць выставу і далучыцца да святочнага кніжнага чытання, каб пачаць Новы год з добрымі кнігамі.


Выстава працуе да 14 студзеня 2024 года.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.

Мерапрыемствы

Спявак бясконцай любві

25.04.2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Пранікаючы ў тайны творчасці

25.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Пранікаючы ў тайны творчасці”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння літаратуразнаўца, крытыка, акадэміка НАН Беларусі Васіля Васільевіча Барысенкі (1904–1984), праходзіць з 25 красавіка па 23 чэрвеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).



Бібліятэкарам