ГалоўнаяМерапрыемствыВялікі партрэтыст з Фландрыі
“Лепшыя кнігі Беларусі”: выстава па выніках LХIII Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”
Вада – цудоўны дар прыроды

Вялікі партрэтыст з Фландрыі

Вялікі партрэтыст з Фландрыі
Іншыя мерапрыемствы
20 сакавіка – 15 красавіка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 306
Месца правядзення

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Вялікі партрэтыст з Фландрыі”, прысвечаная 425-годдзю з дня нараджэння фламандскага мастака Антоніса Ван Дэйка (1599–1641), праходзіць з 20 сакавіка па 15 красавіка ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Выбітны прадстаўнік фламандскага мастацтва перыяду яго найвышэйшага росквіту, майстар рэлігійных і міфалагічных сюжэтаў, тонкі малявальшчык і афартыст, Ван Дэйк увайшоў у гісторыю сусветнага жывапісу перш за ўсё як вялікі партрэтыст. Перш чым брацца за напісанне партрэта, ён падоўгу шукаў рашэнне для ўвасаблення задумы: назіраў за рухамі галавы і вачэй партрэтуемага, прыкмячаў асаблівасці становішча цела і рук, аналізаваў жэсты і міміку, скрозь якія ўлоўліваў рысы натуры, эмацыйны і інтэлектуальны свет чалавека. Па глыбокіх псіхалагічных характарыстыках намаляваных ім людзей, можна меркаваць не толькі аб бліскучым майстэрстве Ван Дэйка-жывапісца, але і пра яго выдатны розум і тонкую праніклівасць.

Van_Dejk-1.jpg

Нягледзячы на тое, што Ван Дэйк пражыў усяго 42 гады, ён пакінуў грандыёзную творчую спадчыну. На выставе прадстаўлены рэпрадукцыі яго карцін, якія ўпрыгожваюць лепшыя музеі свету. Напрыклад, варта ўбачыць працы на рэлігійныя сюжэты, якія не з’яўляюцца прыярытэтнымі ў творчасці мастака і экспануюцца радзей. Сярод іх – “Адпачынак на шляху ў Егіпет (Мадонна з курапаткамі)”, “Дынарый кесара”, “Распяцце”, “Аплакванне Хрыста”, “Апостал Пётр”. Будуць цікавыя і працы мастака на міфалагічныя сюжэты: “Амур і Псіхея”, “Самсон і Даліла”, “П’яны Сілен”. Гледзячы на дадзеныя рэпрадукцыі, наведвальнікі самі могуць выступіць у ролі мастацтвазнаўцаў і параўнаць творы Ван Дэйка і Рубенса ў гэтым жанры.

Van_Dejk-2.jpg

Антоніс Ван Дэйк – стваральнік жанравай разнавіднасці параднага арыстакратычнага партрэта XVII стагоддзя. Так, яго пэндзлю належаць цудоўныя палотны “Партрэт Карла I на паляванні”, “Партрэт сэра Томаса Чалонера”, “Маркіза Бальбі”, “Партрэт кардынала Гвіда Бентывольё”, рэпрадукцыі якіх прадстаўлены на выставе. Адлюстраваныя на карцінах людзі адрозніваюцца дэманстратыўнымі і ўпэўненымі жэстамі, ганарлівасцю паставы, рэпрэзентатыўнасцю і імпазантнасцю, годнасцю і высакароднасцю. Уражвае майстэрства Ван Дэйка ў адлюстраванні раскошнага адзення партрэтуемых, бліскучых упрыгожванняў і атласных тканін, эфектна спадаючых складак мантый і драпіровак. У той жа час прыцягваюць увагу больш душэўныя і шчырыя дзіцячыя партрэты, выявы сяброў і знаёмых мастака, напісаныя з асаблівай цеплынёй. Складана адарваць позірк ад шыкоўнага “Партрэта Карнеліса ван дэр Геста”, фламандскага мецэната і калекцыянера жывапісу, сябра Рубенса, які глядзіць пранізлівым позіркам, нібы ўсё ведаючы пра гледача. Заслугоўвае ўвагі і знакаміты аўтапартрэт мастака, дзе перад намі паўстае элегантны арыстакрат з “прыгожымі тонкімі рысамі твару і пародзістасцю аблічча”.

Дапаўняюць выставу артыкулы і манаграфіі пра Ван Дэйка, напісаныя даследчыкамі творчасці партрэтыста. Сярод іх – выданне англійскага мастацтвазнаўцы, захавальніка фондаў галандскага і фламандскага жывапісу лонданскай Нацыянальнай галерэі Крыстафера Браўна, спецыялістаў па фламандскім мастацтве з Дзяржаўнага Эрмітажа, французскіх і нямецкіх мастацтвазнаўцаў. Асаблівай увагі заслугоўвае выданне Макса Розеса “Антони Ван-Дейк в его избранных произведениях” (1901), дзе прадстаўлена 50 фотогравюр, што ўзнаўляюць карціны, якія знаходзіліся на Антверпенскай выставе 1899 года, а таксама падрабязныя тлумачэнні да іх, якія дапамагаюць прыадчыніць таямніцы майстэрства вялікага жывапісца.

Van_Dejk-3.jpg

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Спявак бясконцай любві

25.04.2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Пранікаючы ў тайны творчасці

25.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Пранікаючы ў тайны творчасці”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння літаратуразнаўца, крытыка, акадэміка НАН Беларусі Васіля Васільевіча Барысенкі (1904–1984), праходзіць з 25 красавіка па 23 чэрвеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).



Бібліятэкарам