ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
ВВС назвала фільмы па Быкаву і Адамовічу сярод найлепшых кінастужак пра вайну
10 мая 1945 года. Праект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.” завершаны

Ліга справядлівасці (у беларускіх маштабах): "Ген Зямлі" Аліны Длатоўскай

Ліга справядлівасці (у беларускіх маштабах): "Ген Зямлі" Аліны Длатоўскай
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Назва артыкула зусім не выпадковая: аповесць Аліны Длатоўскай “Ген зямлі” – спроба “прышчапіць” супергеройскую тэматыку на беларускім матэрыяле. Наколькі ўдалай гэтая спроба атрымалася і ці пасуе беларускай літаратуры супергеройскае трыко – давайце разбірацца.

Жанрава твор найлепей вызначыць антыўтопіяй. Маем: новае дзяржаўнае ўтварэнне, што нарадзілася пасля трагічных падзей. Паўсакрэтную арганізацыю “Сістэмы аховы Бацькаўшчыны”, якая носіць шэрую форму, выбудоўвае “новую ідэалогію для новай дзяржавы” і выношвае падступныя планы. Групу галоўных герояў, якія спрабуюць – літаральна – змагацца са "сном" і валодаюць умоўнымі суперздольнасцямі. Пра грамадскі лад, пра якасць жыцця ў новаўтворанай дзяржаве нам паведамляюць мала, на выбудоўванні мастацкага свету аўтарка не засяроджвае асаблівай увагі. Мы толькі разумеем, што свет гэты падобны да нашага (калі не тоесны: такая ўяўная будучыня). Уласна, дзякуючы гэтаму падабенству заяўленыя аўтаркай умоўнасці і працуюць: мы без асаблівага напружання можам уключыць фантастычны складнік у існуючыя і звыклыя для нас межы рэальнасці.

Сама ідэя Аліны Длатоўскай – беларуская мова як “ген зямлі”, крыніца звышчалавечых здольнасцей – дужа імпануе. Як і яе спробы, ужываючы здольнасці асобных персанажаў у якасці мастацкага інструмента, звярнуцца да беларускай даўніны, “пабачыць” яе вачыма носьбітаў “гена”. Напрыклад, эпізод з “прывідам” Караткевіча – адзін з самых кранальных і забаўных момантаў у кнізе.

Увогуле, “Ген зямлі” вельмі актыўна задзейнічае беларускі кантэкст. Адсылка тут ідзе за адсылкаю, ад назвы арганізацыі “Лабірынт”, як у “Лабірынтах” Вацлава Ластоўскага, да вершаў сучасных аўтараў, уплеценых у думкі персанажаў. Аўтарцы вельмі хочацца даць як мага болей нітачак сувязі, якія могуць таргануць нешта ў чытацкім сэрцы. Заўважым, аднак, што часам ад гэтай канцэнтрацыі адсылак трохі стамляешся: проста не паспяваеш адрэагаваць і атрымаць асалоду.

Паскоранасць замінае і ва ўспрыманні сюжэтнай лініі. Як і, напрыклад, у аповесці Стэфана Корфа, тут маем фрагментарнасць, нават некаторую кампазіцыйную раздробленасць тэксту. Часткова гэта адбываецца праз выкарыстанне POV (англ. “point of view”) – пунктаў погляду асобных персанажаў, праз якіх мы назіраем за разгортваннем сюжэта. Сам па сабе прыём досыць выйгрышны (ім, напрыклад, карыстаецца Дж. Марцін у сваёй сусветна вядомай серыі “Спеў Лёду і Полымя”), але ў сітуацыі з паскоранасцю аповеду часам замінае скласці трывалае ўражанне пра кожнага з персанажаў. Замінае прырасці да іх душою – іначай усе прыгоды і небяспекі, праз якія персанажы праходзяць, не выклікаюць заклапочанасці ў іх лёсе, а значыць – і ў сюжэтнай лініі.

Датычна ж сюжэтнай лініі: выкарыстаны матыў “звышздольнасцей” накладае на аўтара, які прапісвае такі сюжэт, некаторыя абавязкі. У прыватнасці, такія “звышчалавечыя” элементы павінны быць не проста карыснымі для сюжэту як разынкі-цікавосткі, але і непасрэдна ўплываць на развіццё аповеду, быць ключавымі для пэўных сітуацый. Ці працуе такім чынам супергеройскі элемент у “Гене зямлі”? І так, і не. З аднаго боку, здольнасці персанажаў апісваюцца як важныя і выключныя. І сапраўды, здольнасці Даніка (ён бачыць мінулае прадметаў) з’яўляюцца карыснымі для таго ж Эдуарда Львовіча, якому важна даведацца пра арыгінальнасць артэфактаў. Здольнасці Даніка, фактычна, адзін з галоўных сюжэтных рухавікоў у тэксце, яго “пагляд у мінулае” ўскладняе хранатоп твора, дадаючы, з аднаго боку, дадатковую глыбіню тэксту, з іншага – істотна запавольваючы сюжэтную плынь, узмацняючы агульнае ўражанне фрагментарнасці, серыяльнасці.

Самі па сабе звышздольнасці персанажаў, закранутых умоўным “генам”, не могуць пахваліцца асаблівай відовішчнасцю (апроч ужо названых Данікавых). У наяўнасці ў беларускай Лігі Справядлівасці яшчэ –суперпамяць, выкліканне прывідаў, чытанне думак (толькі беларускамоўных), магчымасць бачыць будынкі наскрозь і дар пераканання. Напэўна, не зусім тое, што хацелася б бачыць у супергеройскай гісторыі – бо ў такіх гісторыях хочацца яркага змагання, выпрабавання моцы галоўных герояў. Але ці настолькі крытычныя для сюжэту гэтыя магчымасці? Наколькі важна, каб персанаж даведваўся пра падзеі мінуўшчыны не з архіваў, выдаткаваўшы на росшукі час і сілы, але пры дапамозе сваёй суперсілы?

Пытанне, насамрэч, застаецца адкрытым, бо ў некаторых эпізодах нават і хацелася б, каб інфармацыя прыйшла да герояў з высілкам, з напружаннем, са стараннем, а не са звышчалавечаю лёгкасцю. Дасягнутае без высілкаў не надта цэніцца, і таму такі шлях пагражае расчараваннем – чытацкім.

Аднак не трэба думаць, што пытанні, якія ўзнікаюць да канкрэтнага прымянення канкрэтных аўтарскіх прыёмаў, перакрэсліваюць усю кнігу цалкам. Хутчэй наадварот: сам факт таго, што супергеройская тэма прывіваецца беларускай літаратуры – ужо вялікі паказчык. І лёгкі, ненавязлівы стыль Аліны Длатоўскай, і яе ідэі, укладзеныя ў тэкст, і яе здольнасць рассыпаць у творы ўсмешлівыя забаўныя драбочкі – усё гэта кажа толькі на карысць кнігі. А агульны душэўны пасыл аўтаркі не можа не крануць:

 “Чалавек жыве, пакуль яго памятаюць. Уласна кажучы, як і народ”.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

5 Ліп 2020

Чалавек рэдка бывае задаволены эпохай, у якой яму выпадае нарадзіцца, і схільны рамантызаваць мінулае. Зразумела, мала хто жадае жыць падчас вайны, змены грамадскага ладу ці быць сведкам прыродных катастроф. Аднак падобныя стрэсавыя сітуацыі спрыяюць актывізацыі чалавечага патэнцыялу, пераацэнцы каштоўнасцей і з’яўленню геніяў – асоб, якія закліканы даць свету надзею, арыенціры для будучыні, растлумачыць сутнасць рэчаў і ісці сваім прароцкім шляхам, часта насуперак акружэнню. Іх імёнамі потым, праз шмат гадоў ці нават праз стагоддзі, называюць гарадскія вуліцы і плошчы.

Навіны бібліятэк

Нацыянальная бібліятэка афарбавалася ў колеры канадскага флага

2 Ліп 2020

1 ліпеня Дзень Незалежнасці адзначае Канада. З нагоды нацыянальнага свята паўночнаамерыканскай краіны на вонкавым электронным светлавым табло Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явіўся бела-чырвоны сцяг з кляновым лістом – сімвалам Канады. Акцыя прайшла па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш за 4 тыс. нумароў беларускіх часопісаў міжваеннага перыяду сталі даступны анлайн

2 Ліп 2020

Нацыянальная бібліятэка Беларусі працягвае адкрываць анлайн свае фонды. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь паўнатэкставая электронная калекцыя “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.” папоўнілася новымі выданнямі.

Бібліятэка анлайн

2 Ліп 2020

Творчасць Валянціны Паліканінай даўно заўважана не толькі айчыннымі літаратарамі, але і замежнымі. Зрэшты, дзейнасць паэтэсы, публіцыста, перакладчыцы не абмяжоўваецца толькі літаратурай. Пасля аддзела культуры часопіса «Беларусь» яна працягвае журналісцкую працу ў часопісе «Гаспадыня». Нядаўна стала вядома, што Валянціна Паліканіна – у ліку іншых дзечаў культуры, якія неўзабаве атрымаюць медаль Францыска Скарыны.

Навіны бібліятэк

3 Ліп 2020

Я не ведаю (каюся ў сваёй недасведчанасці), ці надрукавана тое, пра што я хачу сказаць, у кнігах альбо перыядычных выданнях. Гаворка пра Яна Скрыгана і яго згадку пра Янку Купалу. Зноў жа – матэрыял з цэкоўскага сейфа.

Навіны бібліятэк

111