Гісторыя картаграфавання беларускіх зямель неразрыўна звязана з гісторыяй развіцця заходнееўрапейскай і рускай картаграфіі. Картаграфічная забяспечанасць Беларусі была абумоўлена яе месцазнаходжаннем у Цэнтральнай Еўропе, знешнепалітычнымі абставінамі і фізіка-геаграфічнымі ўмовамі тэрыторыі. Усё гэта садзейнічала сістэматычнаму адлюстраванню на шматлікіх картах заходнееўрапейскіх картографаў беларускіх зямель, якія называліся "Літва", "Белая Русь", "Russia Alba", "Сармація" ці "Еўрапейская Сармація", "Русь", "Палессе" і інш. Да XVI ст. гэтыя паняцці насілі няўстойлівы, рухомы характар і адносіліся да розных тэрыторый і народаў.
Вялікі інтарэс выклікае калекцыя старадрукаў з фонду аддзела рэдкай кнігі, якія маюць значную колькасць картаграфічнага матэрыялу.
Цэнтральным экспанатам выстаўкі з’яўляецца "Карта Польшчы з яе правінцыямі, ваяводствамі, землямі і рэгіёнамі" італьянскага астранома, географа і картографа Джавані Антоніа Рыцы-Дзаноні (1736–1814). Карта стваралася пад патранажам і пры фінансавай падтрымцы навагрудскага ваяводы Юзафа Аляксандра Ябланоўскага. Яна выдавалася ў Парыжы і Лондане (1772 г.) як у вялікім насценным варыянце, так і ў выглядзе атласа (на выстаўцы прадстаўлены атласны варыянт карты). Гэта першая падрабязная буйнамаштабная карта Польшчы (да яе падзелаў) ахоплівала тэрыторыі сучаснай Польшчы, Літвы, Беларусі і заходніх раёнаў Расіі. Вялікае Княства Літоўскае прадстаўлена Віленскім, Трокскім, Полацкім, Наваградскім, Віцебскім, Берасцейскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяводствамі. Карты гравіраваныя і ілюмінаваныя ад рукі (акварэль). Гэта адзіны старадрукаваны атлас, дзе маштабна і падрабязна пазначаны беларускія землі.
На выстаўцы экспануюцца карты розных перыядаў. Сярод іх – два палеатыпы: сачыненне старажытнарымскага пісьменніка ІІІ ст. Гая Юлія Саліна "Polyhistor", надрукаванае ў Базелі ў 1538 г. і гістарычна-геаграфічнае сачыненне швейцарскага гісторыка Іагана Штумпфа (1500–1577), выдадзенае ў Цюрыху ў 1548 г. На картах сустракаюцца наступныя назвы: "Lithuania", "Moscovia", "Borysthenes" (Днепр) і інш. XVII ст. прадстаўлена выданнем каралеўскага картографа Мікалая Сансона д’Абевіля (1600–1667) – "Атлас Еўропы". Усе беларускія назвы нанесены на картах Польшчы і Расіі. Падпісаны шматлікія рэкі – Swislocz, Vilia, Dzwina, Dnieper, Buge; гарады – Minsk, Grodno, Neswiess, Borissow, Braslaw, Lida, Witepsk. Таксама пазначана Палессе. З расійскіх карт дэманструецца "Новый атлас, или Собрание карт всех частей земного шара, почерпнутый из разных сочинителей и напечатанный в Санк-Петербурге для употребления юношества в 1793 году". Беларускія землі адлюстраваны на наступных картах: "Европа, разделенная на государства", "Карта Польши с соседственными землями" і "Западная часть Российского государства".