Выстаўка “Ex officina Elzeviriana” (“З друкарні Эльзевіраў”) была прымеркавана да Міжнароднага дня музеяў. “Эльзевірамі” называюць кнігі знакамітага галандскага выдавецтва Эльзевіраў канца XVI – пачатку XVIII ст. Дынастыя друкароў Эльзевіраў праіснавала звыш 130 гадоў і займала вядучае месца ў еўрапейскім кнігадрукаванні XVII ст. Яе пачынальнікам стаў Ладэвейк Эльзевір (1546–1617) з Лёвена, які вывучаў друкарскую справу ў знакамітага Крыстафа Плантэна ў Антверпене. Пасля смерці Ладэвейка Эльзевіра Старэйшага ў 1617 г. сямейнае прадпрыемства ўзначальвалі нашчадкі, найбольш вядомыя з якіх – Банавентура Эльзевір (1583–1652), Ісаак Эльзевір (1596–1651), Ладэвейк Эльзевір Малодшы (1604–1670). Апошні з Эльзевіраў памёр у 1712 г., пасля чаго іх фірма спыніла дзейнасць. Яны працавалі ў Лейдэне і Амстэрдаме, мелі свае прадстаўніцтвы ў шматлікіх іншых краінах Еўропы. Выданні Эльзевіраў адрозніваліся высокім узроўнем паліграфічнага мастацтва, дакладным і прыгожым шрыфтам, прастатой і вытанчанасцю афармлення. Вялікай іх заслугай з’яўляецца распаўсюджванне якасных і параўнальна недарагіх кніг. Эльзевіры зрабілі рэвалюцыю ў кніжнай справе ўвядзеннем невялікіх фарматаў (1/12, 1/16, 1/24 долі аркуша). Асабліва цікавы фармат 1/12, які з’яўляецца нібыта выцягнутым, падоўжаным. Прыкладам зусім маленькіх кніжачак памерам 8,8 на 4,4 см (1/24 доля друкаванага аркуша) з’яўляецца серыя “Рэспубліка”, што складаецца амаль з 40 папулярных даведнікаў па розных краінах свету. Эльзевіры арыентаваліся на кваліфікаваных чытачоў – прадстаўнікоў еўрапейскай “рэспублікі вучоных”, дбайна адбіралі кнігі для выдання і запрашалі да супрацоўніцтва лепшых даследчыкаў-спецыялістаў. Сярод “эльзевіраў” – выданні твораў антычных аўтараў, навуковыя працы (Г. Галілей, Р. Дэкарт, Б. Паскаль, Дж. Лок і інш.), творы мастацкай літаратуры (Ж. Мальер, Ф. Рабле, Дж. Бакачыо і інш.) і навучальныя дапаможнікі. Тагачасныя вучоныя і пісьменнікі лічылі для сябе за гонар, калі гэта фірма бралася друкаваць іх творы. Эльзевіры заснавалі друкарню пры Лейдэнскім універсітэце і выпусцілі ў свет не менш за 3 000 дысертацый. Выданні Эльзевіраў – эпоха ў гісторыі мастацтва кнігі. Яны ўяўляюць сабой выразны тып выданняў, які лёгка адрозніць ад іншых. Дзякуючы шматлікім новаўвядзенням і ўдасканаленням, Эльзевірам удалося ўзняць мастацтва кнігадрукавання на высокі ўзровень. Выдавецкі дом Эльзевіраў адыграў значную ролю ў гісторыі кніжнай справы, падрыхтаваў глебу для далейшага развіцця паліграфіі эпохі еўрапейскага Асветніцтва. На выстаўцы дэманстраваліся старадрукі “эльзевіры” з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.