На выстаўцы экспанавалія Біблія Ф. Скарыны з Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі (Гёрліц, Германія) і выданні Ф. Скарыны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Асобнік з Гёрліца, які быў выяўлены ў 2003 г. у Верхнялужыцкай навуковай бібліятэцы (ВЛНБ), складаецца з 11 алігатаў: кніга Прамудрасць, чатыры кнігі Царстваў, пяцікніжжа Маісея (кніга Быццё, кніга Зыход, кніга Левіт, кніга Лічбы, кніга Другі закон) і кніга Іісуса Навіна.
Асаблівую каштоўнасць уяўляюць: пяцікніжжа Маісея і кніга Іісуса Навіна, якія адсутнічаюць у фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ), кніга Быцця з агульным для ўсей Бібліі гравіраваным тытульным аркушам, кнігі Царстваў з вядомым партрэтам Францыска Скарыны.
Выдавецкую дзейнасць Скарына пачаў у Празе ў 1517 г., дзе надрукаваў Псалтыр, а затым 22 кнігі Старога Запавету пад агульнай назвай “Бівлія руска”. Усе яны выпушчаны фарматам у чацвёртую долю аркуша, што было не характэрна для заходнееўрапейскіх друкаваных Біблій таго часу. Тэксты Бібліі надрукаваны на царкоўнаславянскай мове ў беларускамоўнай рэдакцыі. У сваіх прадмовах Скарына падкрэслівае, што мэта яго выдавецкай дзейнасці – дапамагчы простым людзям “познать мудрость и науку”, “абы, научившиеся мудрости, добро жили на свете”. Шматлікія гравюры ў яго кнігах вылучаюцца арыгінальнасцю кампазіцый, сюжэтаў і майстэрствам гравіравання.