ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2011–2012 гг.Казанне Пятра Скаргі

Казанне Пятра Скаргі

П. Скарга вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. У 1564 г. стаў ксяндзом. Жыў у Львове, пасля – у Вене і Рыме, дзе ў 1569 г. уступіў у ордэн езуітаў. Выкладаў у езуіцкіх калегіумах Польшчы, Украіны, Беларусі, Латвіі і Эстоніі. П. Скарга ўдзельнічаў у заснаванні калегіума ў Вільні, а пасля яго пераўтварэння ў 1579 г. у акадэмію стаў яе першым рэктарам. З’яўляўся адным з заснавальнікаў Полацкага езуіцкага калегіума, дзе таксама займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. З 1588 г. быў прыдворным прапаведнікам караля Жыгімонта ІІІ Вазы.

П. Скарга лічыцца пачынальнiкам польскай аратарскай прозы. Вялікімі літаратурнымі якасцямі вызначаюцца яго “Нядзельныя і святочныя казанні на цэлы год” (“Kazania na niedziele y święta całego roku”), у складзе якіх змешчаны соймавыя прамовы, дзе аўтар дае маральную і палітычную ацэнку сітуацыі ў дзяржаве. На выстаўцы дэманструюцца чацвёртае і шостае выданні гэтай папулярнай кнігі, якія выйшлі ў езуіцкіх друкарнях Пінска і Вільні ў 1735 і 1793 гг. адпаведна. Пінская друкарня існавала пры Пінскім езуіцкім калегіуме прыкладна ў 1729–1746 гг. і надрукавала два выданні твораў П. Скаргі “Нядзельныя і святочныя казанні на цэлы год” у 1734 і 1735 гг. Віленская акадэмічная друкарня існавала ў 1586–1805 гг. пры Віленскай акадэміі. Аснову яе склалі шрыфты і іншая друкарская маёмасць берасцейскіх друкарань М.К. Радзівіла Чорнага, якія М. Радзівіл Сіротка ў 1586 г. падараваў езуітам.

Вялікай папулярнасцю (восем прыжыццёвых выданняў) карысталіся “Жыціі святых” (“Żywoty świętych”). У экспазіцыі прадстаўлены перавыданні XVII i XVIII стст. Кракаўскае выданне “Жыцій святых” (1619) выйшла ў друкарні Анджэя Пётркоўчыка, якая ў 1608 г. атрымала ад Жыгімонта ІІІ Вазы тытул каралеўскай. Віленскае выданне “Жыцій святых” (1780) убачыла свет у друкарні Віленскай акадэміі.

Прыжыццёвым выданнем П. Скаргі на выстаўцы з’яўляліся “Казанні аб сямі сакрамантах касцёла” (“Kazania o siedmi sakramentach kościoła”), выдадзеныя ў 1600 г. у Кракаве ў друкарні А. Пётркоўчыка. Кніга належала Нясвіжскай бібліятэцы Радзівілаў, пра што сведчаць экслібрыс “Biblioteka Ordynacji Nieświeskiej” і пячатка “Ordynacjа Nieświeskа. Biblioteka. № 4420”. Выданне аздоблена гравюрамі, ініцыяламі і застаўкамі. Тэкст надрукаваны на польскай мове гатычным шрыфтам.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты