“Минский листок” – прыватная грамадска-палітычная і літаратурная газета, якая выходзіла з 1886 па 1902 г. у Мінску на рускай мове 2–3 разы ў тыдзень. Яна асвятляла жыццё горада, падзеі ў краіне і замежжы.
У 1886 г. мінскі натарыус І.П. Фацінскі атрымаў дазвол на выданне газеты “Минский листок”. Яна праіснавала 16 гадоў. Рэдакцыя падтрымлівала сувязь з вядомымі даследчыкамі Беларусі. На старонках газеты друкаваліся матэрыялы А. Багдановіча, М. Доўнар-Запольскага, М. Янчука, А. Слупскага, Я. Ляцкага і інш. па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры, мове і культуры. Газета знаёміла чытачоў з творамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў на беларускай мове (Я. Лучыны, У. Сыракомлі, К. Каганца і інш.). У 1889 г. “Минский листок” упершыню надрукаваў ананімную паэму “Тарас на Парнасе”. На старонках газетнага выдання змяшчаліся творы рускіх пісьменнікаў А.П. Чэхава, А.М. Астроўскага, М.В. Гогаля, І.С. Тургенева і інш.
У газеце даволі разнастайна асвятлялася жыццё губернскага цэнтра – Мінска. У ёй можна было прачытаць пра арганізацыю тэлефоннай сеткі, адкрыццё коннай чыгункі, дзейнасць розных устаноў і іншыя факты.
З 1886 па 1893 г. рэдакцыя “Минского листка” выпусціла чатыры кнігі навукова-папулярнага дадатка “Северо-Западный календарь”, змест якіх складалі літаратурныя творы на беларускай мове, прыказкі і прымаўкі, багатыя даведачныя і навуковыя матэрыялы пра Беларусь.
У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца газета “Минский листок” за 1887 (№ 42, 48–54, 56–62) і 1890 гг. (№ 1, 2, 31–34, 36, 41–44, 46, 48–50, 52, 53, 55, 57, 60–65, 77, 78, 80, 81, 83–87, 90, 91, 93, 94, 101–103), а таксама “Северо-Западный календарь” на 1888 і 1893 гг.