1 студзеня 2011 г. спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага вучонага і грамадскага дзеяча Яўхіма Фёдаравіча Карскага.
Kарскі Яўхім Фёдаравіч (20.12.1860 (1.01.1861), в. Лаша Гродзенскага павета, цяпер Гродзенскі р-н – 29.4.1931, Санкт-Пецярбург) – філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства i літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф. Яўхім Фёдаравіч быў абраны акадэмікам Пецярбургскай акадэміі навук, правадзейным членам Інбелкульта, Чэшскай акадэміі навук. Ён з’яўляўся аўтарам больш за 700 работ па славістыцы, беларусістыцы i русістыцы, у тым ліку даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры i інш. Праца Я. Карскага “Беларусы” – вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца XIX – пачатку XX ст., фактычна энцыклапедыя беларусазнаўства.
На выстаўцы экспанаваліся кнігі з прыватнай бібліятэкі Я. Карскага, а таксама архіўныя дакументы, якія датычацца жыцця і дзейнасці акадэміка.
У экспазіцыю ўвайшлі ўнікальныя выданні з асабістага кнігазбору акадэміка, што асобнай калекцыяй з 1922 г. зберагаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэта калекцыя налічвае каля 2,5 тыс. экзэмпляраў і з’яўляецца каштоўным гістарычным зборам літаратуры па славяназнаўстве. Многія кнігі маюць дароўныя надпісы, паметы і запісы Я. Карскага. Асабісты архіў акадэміка зберагаецца ў Санкт-Пецярбургскім філіяле Архіва Расійскай акадэміі навук, які прадставіў на выставу копіі ўнікальных дакументаў, сярод якіх фотаздымкі, біяграфічныя матэрыялы, рукапіс успамінаў жонкі акадэміка С. М. Карскай, запісныя кніжкі за 1918–1919 гг., старонкі 1-га тома “Беларусаў” з праўкамі і ўстаўкамі аўтара, лісты беларускіх навукоўцаў і пісьменнікаў. Былі прадстаўлены раней не вядомыя дакументы з беларускіх архіваў, у тым ліку кліравыя ведамасці са звесткамі пра бацьку акадэміка – святара Ф. Навіцкага, сям’ю святара М. Сцепуржынскага і яго дачку Сафію, будучую жонку Я. Карскага, праграмы лекцый акадэміка па беларускай мове і літаратуры ў Мінскім педагагічным інстытуце; дакументы аб удзеле ў падрыхтоўчай рабоце па стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спробе выдання поўнага збору твораў вучонага і інш.
Арганізатарамі выстаўкі з’яўляліся Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Санкт-Пецярбургскі філіял Архіва Расійскай акадэміі навук пры ўдзеле Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці, Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.