ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2014 г.Астрожская Біблія

Астрожская Біблія

Выстаўка прымеркавана да Дня праваслаўнай кнігі і 450-годдзя выдання "Апостала" Івана Фёдарава.

Астрожская Біблія – гэта першы поўны і лепшы для свайго часу пераклад Бібліі на царкоўнаславянскую мову. Кніга была надрукавана Іванам Фёдаравым у Астрогу ў 1581 годзе па ініцыятыве і на сродкі князя Канстанціна Астрожскага па благаславенні ігумена Дубенскага Іова.

Астрожская Біблія складаецца з 76 кніг Старога і Новага Запаветаў. Для падрыхтоўкі выдання Бібліі ў Астрог былі запрошаны літаратары, перакладчыкі і рэдактары, якія правялі карпатлівую працу, што ўключала параўнальны аналіз разнастайных тэкстаў, іх пераклад і рэдакцыю. Верагодна, гэтым працэсам кіраваў рэктар Астрожскай акадэміі Герасім Сматрыцкі. Адзін з самых адукаваных людзей свайго часу, ён стаў першым афіцыйным рускім вершатворцам, а яго віршы з апісаннем герба князя Канстанціна Астрожскага – першымі рускімі літаратурнымі вершамі.

Выданне Астрожскай Бібліі адыграла вялікую ролю ў праваслаўнай асвеце і адукацыі. Для Рускай праваслаўнай царквы гэта Біблія стала носьбітам моўнай нормы, менавіта на яе была арыентавана “Граматыка” (1619) Мялеція Сматрыцкага, якая вызначыла формы царкоўнаславянскай мовы з XVII ст.

Друкаваннем Бібліі кіраваў Іван Фёдараў. Як і ўсе выданні выдатнага першадрукара, Астрожская Біблія была набрана і звярстана бездакорна. Для друку асноўнага тэксту быў спецыяльна адліты “астрожскі” шрыфт. Шматлікія прыёмы мастацкага афармлення, якія Іван Фёдараў выкарыстоўваў пад час стварэння Астрожскай Бібліі, сталі ў далейшым характэрнымі для ўкраінскага і беларускага кнігадрукавання.

Астрожская Біблія была выдадзена ў фармаце in folio. Яна змяшчае 628 аркушаў, упрыгожана ксілаграфічнай тытульнай рамкай, гербам князя Канстанціна Астрожскага і друкарскім знакам Івана Фёдарава. Цэнтральная частка застаўкі, якая адкрывае асноўны тэкст Астрожскай Бібліі, а таксама картуш для герба князя Канстанціна Астрожскага былі адціснуты з дошак, якія выкарыстоўваліся пры друку Апостала (1564). У малюнках аздобы пераважаюць раслінныя элементы. Фігурных гравюр Астрожская Біблія не мае, яна аформлена строга і проста.

Фаліянт аб’ёмам у 1 256 старонак быў выдадзены немалым па тым часе тыражом – 1 500 экзэмпляраў. Ініцыятар выдання, князь Канстанцін Астрожскі, падараваў Біблію папе рымскаму Рыгору XIII, а Іван Грозны – пасланніку англійскай каралевы Джэрому Гарсэю. Вядомая і кніга, якая належала шведскаму каралю Густаву II Адольфу.

На сённяшні дзень захавалася (цалкам альбо часткова) больш за 260 асобнікаў Астрожскай Бібліі. Яны знаходзяцца ў музеях, бібліятэках, архівах Украіны, Расіі, Беларусі, Балгарыі, Германіі, Францыі і іншых краін. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваюцца два арыгінальныя экзэмпляры гэтага старажытнага помніка праваслаўнай веры.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 25 85.

 

Бібліятэкарам