ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2014 г.Выстаўка адной кнігі

Выстаўка адной кнігі

“Хроніка Еўрапейскай Сарматыі” стала адной з першых друкаваных гісторый беларускіх зямель. Аўтар гэтага твора – вайсковец, гісторык і літаратар Аляксандр Гваньіні (1534–1614). У 2014г. спаўняецца 480 гадоў з дня яго нараджэння. А.Гваньіні склаў свой твор на падставе разнастайных крыніц, а таксама ўласнага досведу. Хроніка ўтрымлівае гісторыка-геаграфічныя апісанні краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Расіі, некаторых краін Бліжняга Усходу. Упершыню яна была надрукавана ў 1578 г. у Кракаве.

Праца А.Гваньіні – адзін з першых твораў, які пазнаёміў заходнееўрапейскага чытача з гісторыяй беларускіх зямель, са звычкамі і культурай нашага народа. Дарэчы, у біяграфіі самога аўтара, італьянца па паходжанні, ёсць “беларускія старонкі”. На працягу доўгага часу (18 гадоў) ён быў ваенным камендантам Віцебска, займаўся ўмацаваннем гарадскіх абарончых пабудоў, з’яўляўся сведкам і непасрэдным удзельнікам шматлікіх падзей перыяду Лівонскай вайны, апісаных у яго кнізе.

На выстаўцы прадстаўлены выданні ХVI–ХVIІ стст. знакамітай хронікі А.Гваньіні. Сярод іх – другое лацінамоўнае выданне “Sarmatiae europeae descriptio…” (“Апісанне Еўрапейскай Сарматыі…”), што ўбачыла свет у друкарні Бернхарда Альбіна ў нямецкім Спіры (сучасны Шпейер, Германія). Прадстаўлены два асобнікі гэтага старадрука, якія, нягледзячы на адзін год выпуску (1581), маюць розныя гравюры на тытульных лістах.

Дэманструецца на выстаўцы і першае польскамоўнае выданне “Kronika Sarmacyey Europskiey…” (“Хроніка Еўрапейскай Сарматыі…”), якое выйшла ў 1611г. у Кракаве з друкарні Мікалая Лоба. Дарэчы, менавіта гэта выданне было шырока вядома на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Фаліянт (852 старонкі) складаецца з дзесяці частак-кніг, кожная з якіх мае асобны тытульны ліст, прадмову аўтара з прысвячэннем выдатным асобам Рэчы Паспалітай. Выданне вылучаецца насычаным шматлікімі гравюрамі афармленнем з выявамі гістарычных герояў і князёў, гербаў і батальных сцэн, бытавых замалёвак. Не забыў аўтар і пра свой партрэт і герб, змясціўшы іх у пачатку кнігі.

“Хроніка Еўрапейскай Сарматыі…” была запатрабаваным выданнем і знаходзілася ў бібліятэчных зборах беларускіх і польскіх князёў, магнатаў і шляхты. У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі зберагаецца экзэмпляр са збору бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, аб чым сведчыць экслібрыс на форзацы кнігі.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 22.

Чытайце таксама:

Бібліятэкарам