ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2014 г.Падзвіжнік бібліятэчнай справы

Падзвіжнік бібліятэчнай справы

Яўген Іванавіч Хлябцэвіч (1884–1953) – выдатны беларускі і рускі бібліятэказнавец, бібліёграф, даследчык літаратуры, актыўны дзеяч беларускага культурна-грамадскага руху пачатку ХХ ст.

Нарадзіўся ў в. Кленікі Бельскага павета Гродзенскай губерні ў сям’і праваслаўнага святара. Бацька Іван Андрэевіч выкладаў арыфметыку і геаграфію ў Жыровіцкім духоўным вучылішчы, якое ў 1900 г. скончыў Яўген Хлябцэвіч. Затым шэсць гадоў вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, пасля заканчэння якой павінен быў заняць месца святара ў прыходзе, аднак у 1906 г. ён паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Юр’еўскага ўніверсітэта (цяпер г. Тарту).

З лютага 1907 г. Яўген Хлябцэвіч – студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, які скончыў у 1913 г. Менавіта ў гэты час ён стаў актыўным удзельнікам беларускага культурна-грамадскага руху і далучыўся да бібліятэчнай працы, выступіў ініцыятарам стварэння сярод студэнтаў беларускага навукова-літаратурнага гуртка, дзейнасць якога віталі вядомыя навукоўцы А. Шахматаў, Я. Карскі, Я. Раманаў і інш. Падтрымліваў трывалыя кантакты з рэдакцыямі газет “Наша доля” і “Наша ніва”, дзе друкаваўся пад псеўданімам Халімон з-пад пушчы. У гэты ж час Яўген Хлябцэвіч вёў раздзел “Кніжны і бібліятэчны лісток” у газеце “Новая Русь”, у якой дапамог публікавацца Я. Купалу. Ён дзейсна прасоўвае ідэю аб арганізацыі народных бібліятэк пры падтрымцы фонду выдаўца Ф. Паўленкава. Вынікам яго працы стала з’яўленне такіх бібліятэк на Гродзеншчыне. У 1911 г. Я. Хлябцэвіч удзельнічаў у Першым Усерасійскім з’ездзе па бібліятэчнай справе (Санкт-Пецярбург) з дакладам, у якім абагуліў вопыт стварэння народных бібліятэк.

У пачатку 20-х гг. працаваў у розных савецкіх кіруючых органах, дзе курыраваў пытанні, звязаныя з бібліятэчнай справай. З 1943 г. і да канца свайго жыцця быў выкладчыкам і вучоным сакратаром Маскоўскага бібліятэчнага інстытута. Яўген Хлябцэвіч як бібліятэказнавец і кнігазнавец вывучаў чытацкія інтарэсы, займаўся праблемай “пісьменнік і чытач”, абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “М. Горкі і Чырвоная Армія (вопыт вывучэння ўплыву твораў М. Горкага на байцоў Чырвонай Арміі)”. У 1936 г. выйшла яго найбольш значнае даследаванне “Массовый читатель и работа с книгой”.

Выстаўка пабудавана пераважна на арыгінальных матэрыялах і дакументах з асабістага архіва Яўгена Хлябцэвіча, што захоўваецца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Дэманструюцца ўнікальныя фотаздымкі, рукапісы, асабістыя (сямейныя) і творчыя дакументы, а таксама літаратуразнаўчыя і бібліятэказнаўчыя працы і публікацыі розных гадоў.

Бібліятэкарам