ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2014 г.Чалавек, улюбёны ў свой край

Чалавек, улюбёны ў свой край

Яўстафій Піевіч Тышкевіч (1814–1873) – беларускі археолаг, гісторык, этнограф, краязнавец, музеязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі. Ганаровы член Пецярбургскай акадэміі навук, член Дацкага таварыства аматараў паўночных старажытнасцей, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасцей, Лонданскага археалагічнага інстытута.

Нарадзіўся ў Лагойску. Паходзіў з вядомага графскага роду Тышкевічаў, які даў беларускай зямлі нямала таленавітых людзей: дзяржаўных і ваенных дзеячаў, суддзяў, святароў, літаратараў, архітэктараў і інш.

У 1831 г. Яўстафій скончыў гімназію ў Мінску. У 1831–1835 гг. жыў у Маскве. Значную частку свайго жыцця – з 1835 па 1865 г. жыў у Вільні. Цікавіўся археалогіяй, з 1837 г. праводзіў сістэматычныя раскопкі на тэрыторыі Віленскай і Мінскай губерняў. Здабытыя багатыя археалагічныя матэрыялы разам з іншымі рарытэтамі, дазволілі Яўстафію і яго брату Канстанціну стварыць у Лагойску музей старажытнасцей (1842–1855) – адзін з першых у Беларусі гісторыка-археалагічных музеяў. Апроч таго, Яўстафій Тышкевіч быў аўтарам кніг і артыкулаў па археалогіі і этнаграфіі. Поруч з навуковымі працамі напісаў некалькі аповесцей.

Найбольш важнай справай у жыцці Яўстафія Тышкевіча стала стварэнне ў 1855 г. Музея старажытнасцей у Вільні, а таксама арганізацыя археалагічнай камісіі, якую ён узначаліў. Пазней віленскі музей актыўна папаўняўся экспанатамі з розных гарадоў Беларусі. Даследчыцкая дзейнасць Яўстафія Тышкевіча пакінула значны след у развіцці археалогіі, этнаграфіі і гісторыі нашага краю.

Яўстафій Піевіч Тышкевіч памёр 25 жніўня 1873 г. у Вільні, пахаваны на могілках Роса.

 

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты