Экспазіцыя дае рэдкую магчымасць пазнаёміцца са шматграннай творчасцю пісьменніка, драматурга, стваральніка знакамітай "Энцыклапедыі…". Прадстаўлены выданні яго першых філасофскіх сачыненняў, лепшых, найбольш вядомых літаратурных твораў і фундаментальнага энцыклапедычнага шматтомніка.
На працягу 1743–1748 гг. з’яўляюцца першыя філасофскія работы Д. Дзідро. У музейнай экспазіцыі размешчаны прыжыццёвае выданне "Філасофскія думкі" ("Pensées Philosophiques", 1746) і больш позняе перавыданне "Нясціплыя скарбы" ("Bijoux indiscrets").
Глыбокі след у французскай і сусветнай літаратуры пакінула мастацкая проза Д. Дзідро. Найбольшай папулярнасцю карысталіся творы "Жак Фаталіст" ("Jacques le fataliste", 1773) і "Пляменнік Рамо" ("Le Neveu de Rameau", апублікаваны пасля смерці). Яны з’яўляюцца вяршынямі мастацкага майстэрства аўтара і літаратурнымі дасягненнямі эпохі Асветніцтва. На выстаўцы дэманструецца кніга "Пляменнік Рамо" 1884 года выдання з гравюрамі французскага мастака Ф.А. Мілюса.
"Энцыклапедыя…" ("Encyclopédie, ou Dictionaire raisonné des sciences, des arts et des métiers ", 1751–1780) – галоўная справа жыцця Д. Дзідро. Яна планавалася як унікальны і ўніверсальны агляд сучаснага стану ведаў ва ўсіх галінах навукі і тэхнікі не толькі Францыі, але і ўсіх краін Еўропы XVIII ст. Чвэрць стагоддзя Д. Дзідро кіраваў падрыхтоўкай 28 тамоў, сам напісаў каля 6 тыс. артыкулаў, супрацоўнічаў з Ф. Вальтэрам, Ж. Русо, П. Гольбахам, Ш. Мантэск’ё і іншымі знанымі спецыялістамі. Выданне "Энцыклапедыі…" суправаджалася пэўнымі цяжкасцямі, але Д. Дзідро змог давесці справу да завяршэння. Экспануюцца тамы першага парыжскага выдання 1751 г. і трэцяга швейцарскага 1777 г.
Матэрыялы выстаўкі яшчэ раз падкрэсліваюць значнасць уклада Д. Дзідро ў развіццё нацыянальнай і сусветнай грамадскай думкі, філасофіі, эстэтыкі і літаратуры.