Выдавецкі цэнтр “Дом Мамонічаў” заснавалі ў 1574 г. купцы Кузьма і Лука Мамонічы разам з Пятром Мсціслаўцам. Браты Мамонічы займаліся кнігавыданнем амаль паўстагоддзя. Яны тройчы атрымлівалі каралеўскія прывілеі, першымі ў беларускім кнігадрукаванні пачалі выпускаць зборнікі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару. Яны ўпершыню выкарысталі курсіўны шрыфт. Выдаўцы ўлічвалі запатрабаванні і культурныя традыцыі розных слаёў насельніцтва. З іх друкарні выйшлі багаслоўскія і літургічныя выданні, падручнікі свецкага зместу, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы на розных мовах, якія склалі цэлую эпоху.
З першых найбольш якасных і прыгожых выданняў друкарні прадстаўлены напрастольнае Евангелле (1575) з выдатнымі гравюрамі чатырох евангелістаў і Псалтыр (1576), друкаром якіх быў Пётр Мсціславец.
У 1576 г. дзейнасць друкарні была спынена і ўзноўлена толькі ў 1582–1583 гг.
У канцы ХVІ ст. тут выдадзены Псалтыры з паследаваннем (1591–1592 і 1594–1595), упрыгожаныя выявамі фантастычных крылатых істот, а таксама Апостал (1595), Евангелле без сігнатур (1600) і Евангелле з сігнатурамі (1600), якія ў значнай ступені паўтараюць якаснае афармленне выдання Пятра Мсціслаўца 1575 г.
У пачатку ХVІІ ст. друкарня перайшла да сына Кузьмы Мамоніча, Лявона. З выданняў гэтага перыяду прадстаўлены Трыёдзь посная (1609) і Трыёдзь кветная (1609), а таксама пераклад Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. на польскую мову (1619) і выданні Трыбунала (1616 і 1623).
На выстаўцы экспануецца найбольш поўны збор старадрукаў віленскай друкарні Мамонічаў канца ХVІ – пачатку ХVІІ ст. з фондаў буйнейшых захавальніц нацыянальнага кніжнага скарбу краіны. Асобнікі, надрукаваныя кірыліцай і лацінскім шрыфтам на польскай мове са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дэманструюць паліграфічны і мастацка-арнаментальны ўзровень афармлення мамонічаўскіх выданняў.