Аўтар – наш суайчыннік, ваенны інжынер і тэарэтык артылерыі, лічыцца адным з заснавальнікаў сусветнай ракетнай балістыкі і касманаўтыкі.
Праца К. Семяновіча ўпершыню была надрукавана на лацінскай мове ў 1650 г. у Амстэрдаме, а ўжо праз год там жа выйшла другое выданне на французскай мове. Кніга складалася з пяці частак і ўключала вялікую колькасць гравюр, выкананых па эскізах аўтара. Даследаванне звярнула на сябе ўвагу спецыялістаў розных краін і было перакладзена на шматлікія еўрапейскія мовы. На працягу стагоддзяў гэты твор з’яўляўся не толькі адной з найважнейшых у Еўропе навуковых прац, але і адным з найбольш запатрабаваных падручнікаў па артылерыі.
У 1676 г. у Франкфурце-на-Майне быў надрукаваны першы нямецкі пераклад трактата К. Семяновіча. Ён быў значна дапоўнены ў параўнанні з папярэднімі выданнямі за кошт новых раздзелаў тэксту і вялікай колькасці новых цудоўна выкананых гравюр. Манаграфія знакамітага беларускага даследчыка выйшла ў перакладзе Томаса Берэна з уступным словам капітана артылерыі Даніеля Эрліха.
Да мінулага года ў сховішчах Беларусі не было ніводнага асобніка выданняў К. Семяновіча XVII ст. У 2012 г. фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўніўся двума першымі выданнямі трактата “Вялікае мастацтва артылерыі” на лацінскай і французскай мовах 1650 і 1651 гг. Вяртанне ў Беларусь гэтых кніг было ажыццёўлена пры спрыянні ААТ “БПБ-Ашчадбанк”.Сёлета дзякуючы спонсарскай падтрымцы СЗАТ “BelАВМ” калекцыя папоўнілася трэцім выданнем кнігі “Вялікае мастацтва артылерыі” на нямецкай мове.
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 25 85.