ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2016 г.Францыск Скарына і наш час

Францыск Скарына і наш час

Беларускі першадрукар і асветнік Францыск Скарына (1490–1551) з’яўляецца знакавай постаццю нацыянальнага маштабу. Яго вобраз трывала ўвайшоў у сучасную культурную прастору Беларусі. Ф. Скарыне прысвечаны навуковыя публікацыі, існуе навуковая дысцыпліна "Скарыназнаўства", заснаваны дзяржаўныя ўзнагароды яго імя (медаль і ордэн), яго імем названы адукацыйныя ўстановы, вуліцы; адкрыты помнікі першадрукару.

У рамках праекта заснавальнік усходнеславянскага кнігадрукавання, "гігант эпохі Адраджэння" паўстане як наш сучаснік. Падчас выстаўкі ўпершыню прастора музея кнігі будзе занята не кнігамі. Наведвальнікі атрымаюць магчымасць акунуцца ў сучасны свет успрымання знакаў і вобразаў беларускага першадрукара, адшукаць яго сляды ў прадметах побыту, школьных аксесуарах, карпаратыўнай атрыбутыцы, у студэнцкай і ў цэлым маладзёжнай субкультуры, асяроддзі вучоных і калекцыянераў, у мастацкім увасабленні вобраза ў тэатры і кіно.

Экспануюцца матэрыялы з калекцый Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (філіялаў "Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры" і "Музей гісторыі беларускага кіно"), Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, гімназіі № 1 імя Ф. Скарыны г. Мінска, Полацкай дзяржаўнай гімназіі імя Ф. Скарыны, мінскага кафэ "У Францыска", прыватных калекцыянераў.

На тэрыторыі музея арганізавана незвычайная фотазона, дзе кожны можа адчуць сябе Ф. Скарынай.

Выстаўка рэалізавана пры падтрымцы генеральнага партнёра праекта – кампаніі МТС.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 25 85.

 

Чытайце таксама:
Адкрыццё выстаўкі "Францыск Скарына і наш час"

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты