ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіВыстаўкі музея"«Маніхвэст» Рэспублікі"

"Маніхвэст" Рэспублікі

manihvest_af.jpg

У музеі кнігі адкрылася выстаўка “«Маніхвэст» Рэспублікі”, прымеркаванай да 100-годдзя абвяшчэння БССР.

Пачатак ХХ ст. быў насычаны шматлікімі сусветнымі падзеямі, якія лёсавызначальна паўплывалі на гісторыю сучаснай Беларусі. Першая сусветная вайна і рэвалюцыі 1917 г. прывялі да краху вялікіх імперый, стварылі новыя магчымасці для фарміравання нацыянальных дзяржаў. З таго часу бярэ пачатак і сучасная беларуская дзяржаўнасць.

Тэматычныя раздзелы экспазіцыі адлюстроўваюць знакавыя падзеі таго перыяду. Кропкай адліку сталі скліканы ў канцы “Вялікай вайны” Першы Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.) і абвяшчэнне Беларускай народнай рэспублікі (сакавік 1918 г.), якія выразна выявілі волю беларускага народа да самастойнасці.

1 студзеня 1919 г. адбылося абвяшчэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, падмацаванае праз некалькі дзён публікацыяй “Маніхвэста Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі”. Неўзабаве на Першым Усебеларускім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя ССРБ. Але новая ваенная навала перашкодзіла развіццю краіны. Пачатак Савецка-польскай вайны 1919–1921 гг. прывёў да з’яўлення на карце Літоўска-Беларускай ССР, якая таксама хутка знікла з-за акупацыі значнай часткі Беларусі войскамі Ю. Пілсудскага.

Галоўным экспанатам выстаўкі сталі шматлікія перыядычныя выданні, на старонках якіх адлюстраваны лёсавызначальныя дзяржаўныя падзеі і рэакцыя на іх тагачаснага грамадства. Сярод унікальных матэрыялаў: дакументы са знакамітым “Маніхвэстам” 1919 г., рукапісы першага кіраўніка ўраду ССРБ Зміцера Жылуновіча (Цішкі Гартнага), рарытэтныя кнігі, газеты, часопісы, паштоўкі і карты дзяржаўных меж той эпохі з фонду бібліятэкі.

Толькі на адкрыцці выстаўкі можна будзе пабачыць арыгінальныя архіўныя дакументы з фонду Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.


Выстаўка будзе працаваць да 15 сакавіка 2019 штодзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных свят.

Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 22.

Чытайце таксама аб адкрыцці выстаўкі "«Маніхвэст»" Рэспублікі»

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты