Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 14 лістапада па 6 снежня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная выстаўка “Міжнародная абарона праў дзіцяці”, прысвечаная Сусветнаму дню дзіцяці.
Гэты Дзень быў заснаваны ў 1954 годзе рашэннем Генеральнай асамблеі ААН (рэзалюцыя 836 (IX)) і штогод адзначаецца 20 лістапада.
Дата для правядзення свята была абрана не выпадкова. У гэты дзень у 1959 годзе Генеральная асамблея прыняла Дэкларацыю праў дзіцяці, а ў 1989 годзе – Канвенцыю аб правах дзіцяці. У 54 артыкулах канвенцыі выкладаюцца асноўныя правы дзяцей – права на абарону ад самавольства, на неўмяшальніцтва ў сямейнае жыццё, на свабоднае выказванне поглядаў. Канвенцыя гарантуе дзецям роўнасць незалежна ад паходжання, расы і нацыянальнасці, свабоду веравызнання, свабоду сумлення, прававую абарону ад усіх формаў фізічнага гвалту.
Асноўная мэта Сусветнага дня дзіцяці – інфармаваць грамадства аб неабходнасці дыялогу і актыўных дзеянняў, накіраваных на захаванне праў дзяцей і абарону іх ад насілля, голаду і хвароб.
Дзеці – значная частка насельніцтва зямнога шара. Паводле афіцыйнай статыстыкі, яны складаюць 20–25% насельніцтва ў кожнай краіне. У той жа час дзеці і падлеткі – самыя ўразлівыя члены любога грамадства. У сучасным свеце іх інтарэсы і правы вельмі часта ігнаруюцца і парушаюцца. Па даных Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, штогод мільёны дзяцей становяцца ахвярамі бесчалавечнага абыходжання. Толькі ў 2015 годзе ад хвароб ва ўсім свеце загінула больш за 6 мільёнаў дзяцей. Не менш за 50 мільёнаў страцілі свае дамы ў выніку баявых дзеянняў, і 236 мільёнаў дзяцей да гэтага часу не маюць магчымасці атрымаць пачатковую адукацыю. Ва ўсіх краінах свету дзеці падвяргаюцца гвалтоўным дзеянням і эксплуатацыі. У некаторых рэгіёнах да гэтага часу не выкаранена фізічнае насілле адносна да дзіцяці ў якасці пакарання і сярэдневяковыя метады абыходжання са здароўем дзяцей.
Усведамляючы ўсю значнасць праблемы, пад эгідай ААН ў 1946 годзе быў створаны Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЭФ) – вядучая міжнародная арганізацыя, якая абараняе правы дзяцей ва ўсім свеце. Па ўсім свеце ЮНІСЭФ ажыццяўляе праграмы, накіраваныя на захаванне здароўя і паўнавартаснае развіццё кожнага дзіцяці, змагаецца з дыскрымінацыяй, праводзіць дабрачынныя акцыі і інфармацыйныя кампаніі, дапамагае дзецям і сем’ям, якія сталі ахвярамі надзвычайных сітуацый і прыродных катаклізмаў.
У маі 2002 года была склікана Спецыяльная сесія Генеральнай асамблеі ААН па становішчы дзяцей. На гэтай сесіі ўпершыню ў склад афіцыйных дэлегацый уваходзілі дзеці. Галоўным вынікам форуму стала афіцыйнае прыняцце 180 дзяржавамі выніковага дакумента – Дэкларацыі і Плана дзеянняў “Свет, прыдатны для жыцця дзяцей”. Дакумент уключаў у сябе 21 пэўную мэту, з упорам на чатыры галоўныя прыярытэты – садзейнічанне здароваму ладу жыцця, садзейнічанне забеспячэнню якаснай адукацыі, абарона дзяцей ад жорсткага абыходжання эксплуатацыі і насілля, барацьба з ВІЧ/СНІДам.
У Рэспубліцы Беларусь ахова дзяцінства, абарона праў і інтарэсаў дзіцяці – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці дзяржавы. Рэалізацыя сацыяльнай палітыкі, накіраванай на забеспячэнне годнага дзяцінства, з’яўляецца неабходнай умовай устойлівага развіцця нашай дзяржавы як на бліжэйшым этапе, так і ў доўгатэрміновай перспектыве.
Правы і законныя інтарэсы маленькіх грамадзян Беларусі замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, Законе Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці” і іншых заканадаўчых і нарматыўных прававых актах. З гэтымі дакументамі можна азнаёміцца на прапанаванай выстаўцы.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 100 дакументаў на рускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН, брашуры, буклеты.
Выстаўка складаецца з наступных раздзелаў:
- Міжнародная абарона праў дзіцяці. Дзейнасць ЮНІСЭФ
- Бацькі і дзеці: псіхалогія ўзаемаадносін у сям’і, сямейнае выхаванне
- Абарона праў і інтарэсаў дзяцей у Рэспубліцы Беларусь
- Садзейнічанне здароваму ладу жыцця дзяцей
- Забеспячэнне якаснай адукацыі для кожнага дзіцяці
- Абарона дзяцей ад жорсткага абыходжання, эксплуатацыі і насілля
Выстаўка прызначана для педагогаў, юрыстаў, сацыёлагаў, работнікаў сферы адукацыі, аховы здароўя і культуры, а таксама ўсіх, хто не абыякавы да будучыні нашых дзяцей.
Карысныя спасылкі
- Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЭФ)
- Дзеці і ўзброеныя канфлікты (спецыяльны прадстаўнік Генеральнага сакратара)
- Кампанія Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) “Скончым з насіллем у адносінах да дзяцей”
- Канвенцыі аб правах дзіцяці 25 гадоў
- План 2014–2017 (ЮНІСЭФ)
- Мэта 2 МРТ: Забеспячэнне ўсеагульнай пачатковай адукацыі
- Мэта 4 МРТ: Скарачэнне дзіцячай смяротнасці
- Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця
- 20-я гадавіна Канвенцыі аб правах дзіцяці, 8–9 кастрычніка 2009 года
- Галасы моладзі
- Даследаванне ААН па пытанні аб насіллі ў адносінах да дзяцей (ЮНІСЭФ)
- Кампанія Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) “Скончым з насіллем у адносінах да дзяцей”
- Спецыяльная сесія Генеральнай асамблеі ААН па становішчы дзяцей (Нью-Ёрк, 8–10 мая 2002 года)
- Правы дзяцей
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ)
- Камітэт па правах дзіцяці
- Спецыяльны дакладчык па пытанні аб гандлі дзецьмі, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі
Міжнародная арганізацыя працы (МАП)
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ)
Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ)
Сусветная харчовая праграма (СХП)
Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС)
Дакументы
- Дэкларацыя ўдзельнікаў урачыстага пленарнага пасяджэння высокага ўзроўню, прысвечанага разгляду наступных мер па выкананні рашэнняў спецыяльнай сесіі па становішчы дзяцей (13 снежня 2007 года)
- Кіруючыя прынцыпы, якія датычаць правасуддзя ў пытаннях, звязаных з удзелам дзяцей-ахвяр і сведак злачынстваў (22 ліпеня 2005 года)
- Дэкларацыя і план дзеянняў – “Свет, прыдатны для жыцця дзяцей” (10 мая 2002 года)
- Факультатыўны пратакол да Канвенцыі аб правах дзіцяці, які датычыцца ўдзелу дзяцей ва ўзброеных канфліктах (25 мая 2000 года)
- Факультатыўны пратакол да Канвенцыі аб правах дзіцяці, які датычыцца гандлю дзецьмі, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі (25 мая 2000 года)
- Канвенцыя аб забароне і неадкладных мерах па выкараненні найгоршых форм дзіцячай працы (Канвенцыя 182; 1 чэрвеня 1999 года)
- Правілы ААН па абароне непаўналетніх, пазбаўленых свабоды (14 снежня 1990 года)
- Кіруючыя прынцыпы ААН для папярэджвання злачыннасці сярод непаўналетніх (Эр-Рыядскія кіруючыя прынцыпы) (14 снежня 1990 года)
- Канвенцыя аб правах дзіцяці (20 лістапада 1989 года)
- Дэкларацыя аб сацыяльных і прававых прынцыпах, якія датычацца абароны і дабрабыту дзяцей, асабліва пры перадачы дзяцей на выхаванне і іх усынаўленні на нацыянальным і міжнародным узроўнях (3 снежня 1986 года)
- Мінімальныя стандартныя правілы ААН, якія датычацца выканання правасуддзя адносна непаўналетніх (“Пекінскія правілы”) (29 лістапада 1985 года)
- Канвенцыя аб мінімальным узросце (Канвенцыя 138; 26 чэрвеня 1973 года)
- Дэкларацыя праў дзіцяці (20 лістапада 1959 года)